Смалявіччына заўсёды была багатая на таленавітых людзей, якія пакідалі аб сабе добры след ці то справай, ці то паэтычным словам. Сёлетняй восенню, у верасні, споўнілася б сто гадоў з дня нараджэння нашага земляка, здольнага паэта Міхася Іванавіча Лісоўскага.
Нарадзіўся гэты таленавіты майстар слова ў вёсцы Лаўля Пліскага сельсавета ў сям’і чыгуначніка, дзе быў малодшым сярод сваіх братоў і сясцёр.
Смалявіччына заўсёды была багатая на таленавітых людзей, якія пакідалі аб сабе добры след ці то справай, ці то паэтычным словам. Сёлетняй восенню, у верасні, споўнілася б сто гадоў з дня нараджэння нашага земляка, здольнага паэта Міхася Іванавіча Лісоўскага.
Нарадзіўся гэты таленавіты майстар слова ў вёсцы Лаўля Пліскага сельсавета ў сям’і чыгуначніка, дзе быў малодшым сярод сваіх братоў і сясцёр.
Пачатковую школу хлапчук закончыў у вёсцы Пліса.А потым працягваў вучобу ў Смалявічах, куды ў школу трэба было дабірацца пехатою – амаль што за дзесяць кіламетраў кожны дзень. Ды вялікае жаданне атрымаць веды і адукацыю дапамагалі пераадольваць гэтыя цяжкасці.
У трыццатыя гады мінулага веку Міхася прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыў у Махачкале, потым вучыўся ў мастацкім вучылішчы ў горадзе Баку, дзе атрымаў спецыяльнасць мастака. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны юнак вярнуўся ў родныя мясціны і нейкі час працаваў літаратурным супрацоўнікам смалявіцкай раённай газеты “Шлях калектывізацыі”. У гэты ж час малады чалавек пачаў спрабаваць свае сілы ў вершаскладанні. Спецыяльна Міхась ніколі не сядзеў і не карпеў над вершаванымі радкамі: яны самі сабой нараджаліся ў глыбіні душы і прасіліся на волю. Пісаў пра родныя мясціны, прыроду, сваіх землякоў-сялян.
У гады вайны жыў у Самары, працаваў на авіяцыйным заводзе. Там жа, удалечыні ад роднага дому, часта ўспаміналася радзіма – беларуская вёска Пліса з яе звычаямі і народнымі традыцыямі. Гэтыя ўспаміны пачалі складвацца ў радкі будучай паэмы “Вечарына ў Плісе”.
У пачатку пяцідзесятых гадоў Міхась Іванавіч вярнуўся ў Беларусь, у сваю вёску. Уладкаваўся настаўнікам малявання ў Пліскую сярэднюю школу, якую пабудавалі ў 1951 годзе. Потым перайшоў на працу загадчыкам мясцовай хаты-чытальні. І працягваў пісаць вершы, а таксама працаваць над пачатай паэмай. У сваіх успамінах паэт расказваў, што плісяне вельмі цёпла прынялі першыя строфы паэмы і прасілі працягваць яе напісанне далей. Першая частка яе называлася “Вечарына”, другая – “Калектывізацыя”. Трэцюю меркаваў прысвяціць перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а чацвёртую – сваёй сучаснасці. Толькі гэтым планам не давялося збыцца. Трагічны выпадак спыніў жыццё паэта ў 1980 годзе. Але ён пакінуў пасля сябе даволі багатую літаратурную спадчыну. Пісаў і лірычныя вершы, і сатырычныя вершаваныя аповеды – вострыя, трапныя, лёгкія для запамінання. Яго вершы палюбілі не толькі аднавяскоўцы, але і многія чытачы з іншых мясцін раёна і рэспублікі. Яго жывое, эмацыянальнае, пранікнёнае слова знаходзіла сцяжыну да сэрцаў прыхільнікаў яго паэтычнай творчасці.
Больш чым два з паловай дзесяцігоддзі Міхась Лісоўскі з’яўляўся членам літаратурнага аб’яднання пры рэдакцыі смалявіцкай раённай газеты “Ленінскі заклік”. Многія яго творы былі надрукаваны на яе старонках. Апроч таго, вершы Лісоўскага друкаваліся ў рэспубліканскіх выданнях — газетах “Звязда”, “Сельская ніва”, часопісах “Вожык”, “Прырода і мы”.
Дар’я ПАТАПЧЫК.