Падчас навукова-практычнай канферэнцыі, якая адбылася на мінулым тыдні ў сярэдняй школе №5 г. Смалявічы, мне пашанцавала пазнаёмыцца з цікавым чалавекам — вядомым жывапісцам, манументалістам, графікам, сябрам Саюза мастакоў Беларусі Алесем Квяткоўскім.
Алесь Адамавіч апынуўся на форуме невыпадкова. На другім паверсе ўстановы адукацыі, акурат каля актавай залы, размешчана выстава “На Беларусі Бог жыве”, якую стварылі студэнты-архітэктары БНТУ падчас вандровак па краіне са сваім кіраўніком — А.Квяткоўскім. На карцінах адлюстраваны мясціны, звязаныя з постаццю Эдварда Вайніловіча, вядомага як фундатара Чырвонага касцёла ў Мінску.
Пра выставу мой суразмоўца распавадае шмат цікавага, ён пераходзіць ад адной карціны да другой і ўсё размаўляе, усміхаецца, — відаць, згадвае вандроўкі па прыгажэйшым куточкам Беларусі.
— Мы ездзілі і малявалі: Іўеўскі край — адтуль у Наваградак, былі ў Шчорсах, другім разам заехалі ажно ў Налібокі, зазірнулі ў Івянец. І фоткалі, і малявалі — сабралі цудоўны матэрыял. На гэтай выставе, я лічу, сабраны самыя лепшыя творы. Як казала адна з маіх студэнтак, трэба умець маляваць не толькі на камп’ютары, але рукамі — у кожным з нас ёсць мастак. Гэтыя карціны і па тэхніцы цікавыя, — дадае мастак.
Планавалася, што выстава “На Беларусі бог жыве” будзе размешчана ў Смалявіцкай дзіцячай школе мастацтваў, але так выйшла, што адкрылася ў новай сярэдняй школе:
— І месца тут хапае, і святла, і нават мальберты знайшліся, — усміхаецца Алесь Адамавіч.
На канферэнцыю ён прыехаў з Мінску на маршрутцы, і гэта не першы яго візіт на Смалявіччыну. Па словах мастака, ён шмат гадоў сябруе і супрацоўнічае з Адукацыйным цэнтрам ГА»Беларускі зялёны крыж», які знаходзіцца ў вёсцы Крукаўшчына нашага раёна.
Неаднаразова прыязжаў сюды маляваць з дзеткамі — тэрапія праз творчасць, так называе гэтую добрую справу мастак.
У руках Алеся Квяткоўскага — некалькі кніг, ён вельмі сціпла расказывае пра самую, пэўна, дарагую сэрцу — “Загадкі пра Вікторыю”, якую ён прысвяціў жонцы. У кнізе сабраны вершы, фотаздымкі, малюнкі… Пасля канчыны роднага чалавека Квяткоўскі не адразу вярнуўся не толькі да творчасці, але да жыцця ўвогуле, і зараз, кажа, проста робіць тое, што патрэбна. Так бачыць мастак. Так адчувае.
Пасля гутаркі мы вяртаемся ў актавую залу, дзе пачынаецца форум, але напрыканцы сустракаемся яшчэ на пару хвілін. Мастак яшчэ раз усміхаецца і ўручае мне сваю візітоўку як прадчуванне таго, што мы яшчэ абавязкова сустрэнемся.
Марына МІХАЙЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.
У 1975 годзе скончыў манументальнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, працаваў рэстаўратарам, іканапісцам. 35 гадоў жыцця Алесь Квяткоўскі прысвяціў выкладчыцкай дзейнасці: выкладаў малюнак і жывапіс на архітэктурным факультэце БНТУ, а ў вольны час займаўся творчасцю. Год назад Квяткоўскі скончыў выкладаць. І амаль увесь вольны час прысвячае творчасці. Жывапісныя творы мастака знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Францыі, Швейцарыі, Германіі, Ірландыі, Індыі, ЗША і іншых краін.
Пчолы Квяткоўскага
29.05.2009. Патэлефанаваў мастак Алесь Квяткоўскі і запрасіў прыйсці паглядзець на новыя працы. Яго майстэрня ў ста кроках ад маёй кватэры. Першае, што мне давялося ўбачыць,— гэта карціна, прысвечаная Анатолю Сысу. На ёй пчаліны рой падняў паэта высока над зямлёй і людзі пад гэтым роем стаяць, як пад дрэвам, і глядзяць уверх, як на Бога. «Як назваць працу?» — пытаецца Алесь. Я, доўга не думаючы, адказаў: «Пчаліны бацька». Потым ён паказаў мне карціну, над якой яшчэ працуе. На ёй я стаю на памосце, што на дрэвах, сярод вулляў, а ўнізе — як у пекле. «Ты будзеш з сабакам, і ў кожнага з вас па кулямёту!» — заявіў Алесь і дадаў, што карціну можна будзе назваць «Абаронцы пчол». Пасмяяўшыся, мы развіталіся. І толькі я адчыніў дзверы на вуліцу, як пачуліся гучныя воплескі і ў неба ўзляцела куча рознакаляровых балонікаў, нібыта ветрам быў падхоплены пчаліны рой з карціны Алеся Квяткоўскага… Побач з майстэрняй мастака ў двары выпускнікі развітваліся са школай…
З кнігі Віктара Шніпа “Пугачоўскі цырульнік. Дзённікавая проза паэта”.