Гожны год да выхаванцаў Азярыцкаслабадскога дзіцяцага сада спяшаюцца вучні Азярыцкаслабадской школы мастацтваў з творчай справаздачай. Гэта сапраўднае свята для дашкалят!
Спачатку ладзіцца выстава работ вучняў-мастакоў. Каля кожнай работы можна назіраць дзетак з іх бацькамі, выхавацелямі, якія абмяркоўваюць карціны, выказваюць свае ўражанні. Запомніліся работы Аглаі Лойка, Веранікі Анішчук, Ганны Бараноўскай, Алесі Баранавай, Паліны Багдановіч,Аляксандры Міхайлоўскай.
А ў музычнай зале заўсёды збіраюцца выхаванцы дзіцячага садка і супрацоўнікі, каб парадавацца за артыстаў.
І вось, як загучалі першыя акорды, усе акунуліся ў чароўны свет музыкі. Бурнымі апладысментамі сустракалі Грышу Дзянісенка, які прадэманстраваў выдатную ігру на баяне. Парадавалі цікавым выступленнем на акардэоне Максім Адамовіч і Вольга Пятровіч з кампазіцыяй “Даміно”. Мацвей Скрэкацень сваёй непаўторнай ігрой на домры расчуліў дарослых, а мылыя яшчэ некалькі дзён напявалі вясёлую песню “Андрэй-верабей”.
Як заўсёды, парадавалі юныя цымбалісты Арына Ніціеўская і Рома Бакуновіч.
“Венгерскі танец” на саксафоне ў выкананні Нікі Канановіч выклікаў поўнае захапленне публікі.
Яскрава сыграла на фартэпіяна Дзіяна Вусько вальс Штрауса. А дуэт Васіліны і Яраславы Славінскіх (фартэпіяна і скрыпка) дапоўніў свята.
Нельга было не заўважыць вучняў-гітарыстаў Жэню Ліна, Арсенія Трахінчука, Арцёма Рытвінскага, якія вельмі ўразілі нашых хлопчыкаў-дашкольнікаў.
А колькі радасці было ўбачыць нашых былых выпускнікоў Аліну Купрэйчык, Дашу Мультан, Ясенію Асташкевіч, у выкананні якіх прагучала песня “Поні бегае па крузе”.
Дапоўнілі выступленне больш сталыя вакалісты Люба Сахарава, Настя Мімоткіна, якія падаравалі публіцы песню “Робат Браніслаў”.
Скончыўся канцэрт беларускім танцам “Веснавыя ростані”, прысвечаным Году малой радзімы. Гэты танец абазначыў нашу прыналежнасць да беларускай культуры, традыцый.
Нашы выхаванцы падчас творчай справаздачы не толькі атрымалі веды пра музычныя інструменты, але змаглі адчуць вялікую асалоду ад чароўнай музыкі, ад таленту юных артыстаў.
Кожны дашкольнік, мабыць, пажадаў паступіць у школу мастацтваў і вучыцца прыгажосці.
Дзякуй вам, педагогі-прафесіяналы Азярыцкаслабадской школы мастацтваў, за майстэрства, за любоў да сваёй справы. Творчых вам поспехаў і добрага здароўя!
З павагай і ўдзячнасцю, Наталля ЧЫРКУН, выхавацель Азярыцкаслабадского дзіцячага сада.