“Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску” –  пад такім дэвізам у ДУА“Куркаўскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

Тыдзень распачала акцыя “Разгадаў беларускае слова – атрымай беларускую цукерку”, у якой прынялі ўдзел не толькі вучні і настаўнікі, але і ўсе, хто па той ці іншай прычыне завітаў у нашу школу.

У той жа дзень  стартавала яшчэ адна акцыя – “Далучы сваю далонь”, у ходзе якой удзельнікі, у знак згоды з выказваннем З. Бядулі: Не саромся, беларус, гаманіць па- свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб”, пакідалі адбіткі сваіх далоней.Ад рознакаляровых далонек, якіх усё болей і болей з’яўлялася на стэндзе, станавілася святлей і цяплей. Яны лашчылі сэрца і сагравалі душу.

Удзельнічаючы ў калектыўнай творчай справе “Зямля, дзе пачаўся мой лёс”, вучні з задавальненнем адзначалі на карце Беларусі месца свайго нараджэння, прысвячалі шчырыя словы прызнання ў любові сваім родным мясцінам,размяшчалі малюнкі і фатаграфіі.

Вялікую цікавасць выклікалі інтэлектуальныя гульні “Скарбонка жыццёвай мудрасці”, “Гонкі за ведамі”, “Беларусь мая сінявокая”,дзе дзеці адгадвалі загадкі, прыказкі, тлумачылі фразеалагізмы, перыфразы, падбіралі моўныя адпаведнікі,  шукалі словы-сінонімы.

У рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры  прайшоў анлайн-чэлендж “Радзіма ў маім сэрцы”,які быў прадстаўлены конкурсам фотаздымкаў “Гэта Радзіма мая” і дэкламацыяй вершаў“Слова роднае люблю”.

Выстава “Беларускія пісьменнікі – дзецям”, арганізаваная бібліятэкарам Крайко Вольгай Георгіеўнай, запрашала не толькі паглядзець на прыгожыя вокладкі кніжак, але і прымушала прысесці за сталом пад “дрэвам ведаў”, каб атрымаць асалоду ад прачытанага на роднай мове.

На працягу тыдня ў актавай зале працавала фотазона“Інстаграм па-беларуску”, дзе ўсе жадаючыя маглі сфатаграфавацца і размясціць свае фотаздымкі на аднайменным стэндзе “Інстаграм па-беларуску”.

На перапынках гучалі беларускія народныя песні і песні сучасных аўтараў пра Беларусь. Дзеці і дарослыя з вялікай ахвотай не толькі падпявалі, але і падтанцоўвалі, давалі інтэрв’ю.

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры даў магчымасць вучням не толькі праверыць свае веды і моўную эрудыцыю, але і матываваў школьнікаў ужываць беларускую мову ў сваёй гаворцы.

Я ўпэўнена: мова – жывая тканіна, і прарастае яна там, дзе крынічыць людское жаданне.

Валянціна  Аляксандраўна ВІШНЕЎСКАЯ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.