Розны лёс выпадае на долю людскіх паселішчаў. Адны з іх былі знішчаны падчас шматлікіх войнаў і ўжо больш не адрадзіліся. Другія, наадварот, дзякуючы ўдаламу геаграфічнаму становішчу і іншым спрыяльным умовам, умацаваліся і працягваюць жыць і развівацца.

Адной з такіх вёсак з’яўляецца Емяльянава, што размяшчаецца на тэрыторыі Усяжскага сельсавета. Знаходзіцца яна  ў двух кіламетрах ад маёй роднай Шпакоўшчыны. Жыццё гэтых дзвюх вёсак цесна знітавана  з даўніх часоў. Дарога, якая злучала гэтыя паселішчы, нагадвае мне радкі Якуба Коласа: “Між палей шырокіх, як змяя якая, цягнецца дарога вузкая, крывая”.

Розны лёс выпадае на долю людскіх паселішчаў. Адны з іх былі знішчаны падчас шматлікіх войнаў і ўжо больш не адрадзіліся. Другія, наадварот, дзякуючы ўдаламу геаграфічнаму становішчу і іншым спрыяльным умовам, умацаваліся і працягваюць жыць і развівацца.

Адной з такіх вёсак з’яўляецца Емяльянава, што размяшчаецца на тэрыторыі Усяжскага сельсавета. Знаходзіцца яна  ў двух кіламетрах ад маёй роднай Шпакоўшчыны. Жыццё гэтых дзвюх вёсак цесна знітавана  з даўніх часоў. Дарога, якая злучала гэтыя паселішчы, нагадвае мне радкі Якуба Коласа: “Між палей шырокіх, як змяя якая, цягнецца дарога вузкая, крывая”.

Адкуль пайшла назва вёскі? Найверагоднейшым падаецца той факт, што назва звязана са словам “міля”. Тым больш,  што першапачатковая яе назва была Мільлянова, а Емяльянавым яна стала значна пазней. Назва Мільлянова была ў мяне на слыху з дзяцінства. Так называлі вёску жыхары ўсяго наваколля, яе можна пачуць ад старых людзей і сёння.

Звернемся да гісторыі. У 1795 годзе адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзіла тэрыторыя сучаснай Беларусі. У выніку падзелу нашы землі былі далучаны да Расійскай імперыі. Расійскае кіраўніцтва таго часу не вельмі прыязна ставілася да іншаверцаў:  уніятаў і католікаў. Пачалі закрывацца каталіцкія ўстановы, рэкрутаў, набраных у войска, пераводзілі  ў праваслаўе. Такі ж лёс напаткаў і жыхароў нашай  мясцовасці. У Смалявічах у 1759 годзе быў пабудаваны каталіцкі касцёл, але і яго потым новыя ўлады зачынілі.

Але жыхары, якія не пажадалі адрачыся ад сваёй веры, аб’дналіся  і стварылі сваю супольнасць, працягвалі следаваць ранейшым звычаям і традыцыям. У вёсцы былі свае могілкі, дзе  праводзілі пахаванне нябожчыкаў каталіцкага веравызвання з усяе акругі. Была на тых могілках капліца, якая разам з Тадулінскай капліцай была прыпісана да Лагойскага касцёла, куды наведваліся і жыхары  Мільлянова. Дабіраліся да касцёла па Лагойскім тракце. Так у той час называлася дарога, якая зараз вядзе са Смалявічаў у Лагойск.

Емяльянава ўзнікла на мяжы ўладанняў князёў Вітгенштэйнаў і графоў Тышкевічаў   у адной мілі ад валаснога цэнтра Смалявічы. У Рэчы Паспалітай адзінкай вымярэння адлегласці была міля, якая раўнялася 7 км 470 м. Стварылі людзі паселішча і назвалі яго на польскі лад – Мілянова: “міля + нова”. З цягам часу вымаўляць  гэтую назву пачалі  Мільлянова. Відаць, так было зручней. Такое напісанне сустракаецца і на старых геаграфічных картах даваеннай пары, бо ў беларускім правапісе тапаграфічныя назвы   мясцін пісалі  спосабам найбольш набліжаным да вымаўлення ў мясцовых гаворках.

У метрычных кнігах Смалявіцкага касцёла за 1917, 1918, 1920 гады сустракаецца напісанне Эмільянава. Ці карысталіся такой назвай жыхары, але ў архівах яна захавалася. Назва Амяльянава  шырока ўжывалася ў перыяд з 20-х да 40-х гадоў дваццатага стагоддзя. Але ніякія новаўвядзенні не маглі выкрасліць з ужытку назву Мільлянова. Дакументы з архіваў Мінскай вобласці  таму пацверджанне. Вось “Справаздача Мільляноўскае 4-гадовае школы  Мільляноўскага сельсавету Смалявіцкага раёну за 1925-1926 навучальны год”.  Або на вуглавым штампе  за 1930 год так і чытаем: “Мільляноўская арцель Чырвоная вапна Смалявіцкага раёну, вёска Мільлянова”.

У пасляваенныя гады назва была неяк незаўважна перапраўлена на Емяльянава  ды так і захавалася ў нашым сучасным жыцці. Але для тых, хто нарадзіўся і жыў у гэтых мясцінах, яна застанецца Мільляновам.

Мае веды і ўспаміны пра гэтую вёску больш звязаны з побытам людзей, якія там жылі, працавалі, кантактавалі з нашымі дзядамі і бацькамі, сваякамі, з тымі аднагодкамі, з якімі я вучылася ў адной школе, у адным класе.

Хачу адзначыць, што адметнасцю  Мільлянова было тое, што там пражывала многа людзей каталіцкага веравызвання. Але яны ніколі не засяроджвалі на гэтым увагі. Жылі ў суладдзі з жыхарамі ўсіх навакольных вёсак, сябравалі, дапамагалі адзін другому, радніліся. Толькі святы святкавалі свае – касцёльныя.  У сэрцах захоўвалі веру, якую атрымалі  ў спадчыну ад сваіх дзядоў.

З дзяцінства мяне зачароўвалі імёны жыхароў гэтай вёскі:  Франц, Роберт, Гэлька, Яніна, Рэгіна, Юзэфа,  Адам, Фелікс, Булеся, Браніслава, Ян, Вінцусь і іншыя, якіх у другіх вёсках немагчыма было пачуць.  Такія імёны насілі людзі больш сталага ўзросту. А ўжо тым, хто нарадзіўся пасля вайны, давалі звычайныя для нашага слыху імёны. Са мной у адным класе вучыліся  Таня Сарока, Лёдзя Скуратовіч, Ларыса Хвастовіч,  Галя Мацвеева, Ліля Янчэўская, Эдзік і Антон Жукоўскія. Іх юначыя светлыя вобразы зберагла мая памяць.

Людзі, якія некалі жылі ў Мільлянове, былі дбайнымі гаспадарамі, мелі добрыя хаты, моцную гаспадарку, вялікія дагледжаныя сады. А ў час, калі паспявалі вішні, амаль усе гаспадыні пачыналі варыць варэнне – памногу, каб і сям’і хапала, і гасцей было чым пачаставаць.

У вёсцы знаходзілася другая брыгада калгаса “Перамога”. Мелася свая кузня, кавалём у якой працаваў паважаны на сяле і дабрэйшай душы чалавек  Вікенцій Сцяпанавіч Драздоўскі. Рукі ў яго былі сапраўды залатыя. Ён і печ мог скласці, і абутак адрамантаваць, і жывёлу палячыць. А закончыўшы спецыяльныя курсы, доўгі час працаваў садоўнікам і пчаляром у калгасе “Перамога”.

Некалі ў вёсцы самым галоўным аб’ектам была  ферма буйной рагатай жывёлы. Быў вялікі статак кароў, а на адкорме знаходзіўся статак бычкоў. Наш тата Мікалай Іванавіч Казак працаваў на гэтай ферме даглядчыкам жывёлы пасля таго, як расфарміравалі чацвёртую брыгаду, якая знаходзілася ў Шпакоўшчыне.

У наваколлі Емяльянава калгас высяваў збажыну, лён, бульбу, буракі. А людзі працавалі на гэтых палетках: даглядалі, палолі, збіралі ўраджай. Дзеці абавязкова дапамагалі сваім бацькам падчас летніх канікул.  Памятаю, што даводзілася і мне, і маёй сястры палоць і буракі, і лён. А потым надыходзіў час рваць лён, выбіраць буракі, здаваць                ураджай у калгас. Многа было ручной работы, бо тэхнікі не хапала. Працавалі ў полі ўсе разам – і шпакоўскія, і мільляноўскія жанчыны. Агульная праца яднала людзей.

Не толькі працай было напоўнена жыццё жыхароў вёскі. Сельскі клуб заўсёды поўніўся весялосцю. Патанцаваць сюды збіралася моладзь з навакольных вёсак. Загадчыцай клуба працавала  Ада Уладзіміраўна Бароўская. Людзі яе любілі, бо была цудоўным кіраўніком кульасветніцкай установы, умела арганізоўвала самадзейную творчасць вяскоўцаў. У клубе праводзіліся канцэрты, “агеньчыкі” і іншыя мерапрыемствы.

Можна сцвярджаць, што  Мільлянова  ва ўсе часы была адміністрацыйным і культурна-асветніцкім цэнтрам усёй акругі. У 1922 годзе тут была адчынена школа, у якой вучыліся дзеці са Шпакоўшчыны, Трубічына, Каменкі, Куркава, Дубовікаў, Залужжа. У вайну школа не працавала, а аднавіла дзейнасць пасля вызвалення Смалявіцкага раёна ад нямецкіх захопнікаў. У 1952 годзе школа была пераведзена ў новы цагляны будынак у пасёлку Усяж.

У 20-х гадах у вёсцы быў створаны Мільляноўскі сельсавет. У 30-я гады яго ўзначальваў кіраўнік па прозвішчу Матусевіч.У нас дома захаваўся дакумент, на якім значыцца і назва сельсавета, і прозвішча яго старшыні таго часу.  Кіраўнікі гэтай установы стараліся  ствараць для мясцовага насельніцтва спрыяльныя ўмовы для жыцця і працы. Гэта сельсавет паклапаціўся, каб  вёска мела сваю бібліятэку з даволі багатым кніжным фондам. Чытачамі былі не толькі школьнікі, а і многія сталыя людзі прыходзілі ўзяць цікавую кнігу, пачытаць газеты і часопісы. У клубе часта дэманстраваліся кінафільмы, якія збіралі поўную залу гледачоў.

Было і сваё паштовае аддзяленне, у якім працавалі Эмілія Красуцкая і Валянціна Сяміжон. Вёска можа пахваліцца добраўпарадкаванай вуліцай з асфальтам, вадаправодам праз усё сяло. Вось таму і па сённяшні дзень вяскоўцы ўспамінаюць добрым словам былых старшынь сельсавета Уладзіміра Сяргеевіча Батуру, Аркадзя Васільевіча Шымановіча, сакратароў Эдуарда Міхайлавіча Копаця, Ніну Анатольеўну Шымановіч.

Працаваў Емяльянаўскі сельсавет да 1977 года, а потым быў пераведзены ў пасёлак Усяж і атрымаў адпаведную назву.

Апошнім   грамадскім будынкам у вёсцы, які зачыніў дзверы, быў сельскі магазін. Вось так паступова і заціхала Мільлянова – Емяльянава.. Вядома, час уносіць свае змены. Людзі  імкнуцца наладжваць сваё жыццё там, дзе ім лепш, зручней. Але ж хочацца, каб не забываліся, што ёсць такая вёска з багатай і цікавай гісторыяй, каб памяталі, што там  спрадвеку жылі і цяпер жывуць  працавітыя людзі, для якіх вёска  застаецца часткай іх жыцця і лёсу і якая для іх будзе самым мілым і родным куточкам ва ўсім свеце.

Валянціна Мікалаеўна КАЗАК, ветэран педагагічнай працы, жыхарка вёскі Шпакоўшчына.

Информацию читайте в № 101-104 от 5.04.2017 г.