“Усё гэта – наша з вамі гісторыя, корань нашай радаслоўнай, слава нашай зямлі і нашага народа ў мінулым,” – пісаў ураджэнец вёскі Пятровічы,беларускі паэт-перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1982) Язэп Семяжон сваім землякам у 1977 годзе і клапаціўся аб захаванні памяці акадэміка Эдуарда Пякарскага на яго радзіме ў той жа вёсцы Пятровічы.

 

“Усё гэта – наша з вамі гісторыя, корань нашай радаслоўнай, слава нашай зямлі і нашага народа ў мінулым,” – пісаў ураджэнец вёскі Пятровічы,беларускі паэт-перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1982) Язэп Семяжон сваім землякам у 1977 годзе і клапаціўся аб захаванні памяці акадэміка Эдуарда Пякарскага на яго радзіме ў той жа вёсцы Пятровічы.

Пятровічы размешчаны на рацэ Волма каля 25 кіламетраў ад Мінска. Працягласць вёскі каля 1,3 кіламетра. Раздзелена на дзве часткі ракой. На адным беразе – Пятровічы, на другім – Зарэчча, якое  з’явілася ў пачатку дваццатага стагоддзя, а раней гэта быў хутар Пякарскіх.

Эдуард Карлавіч Пякарскі (1858-1934) – вядомы этнограф, лінгвіст, географ, член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР. За ўдзел у рэвалюцыйным руху ў 1881 годзе быў высланы ў Якуцкую вобласць. Склаў  першы поўны  “Слоўнік якуцкай мовы”. Аўтар шматлікіх навуковых прац  па этнаграфіі, лінгвістыцы, фалькларыстыцы і геаграфіі.

Язэп Семяжон расказваў: “Мне памятаецца, нашы дзяды і бацькі хутар Пякарскіх называлі па-мясцоваму Дворным полем. Месца, дзе ў той далёкі час стаяў фальварковы двор Караля Пякарскага (так  мясцовыя жыхары звалі бацьку вучонага). Я гэта памятаю па ўспамінах майго бацькі, які будучы яшчэ хлапчуком, часта хадзіў на заработкі ў гэты двор”.

У біяграфіі Э.Пякарскага значыцца, што нарадзіўся ён менавіта ў Пятровічах. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі гэтая палова вёскі пачала актыўна засяляцца жыхарамі і з суседніх вёсак. А ў 70-80 гады сюды перанеслі ўсе адміністрацыйныя і культурныя аб’екты, пачалі будаўніцтва шматкватэрных дамоў. Так Зарэчча на картах Смалявіцкага бюро інвентарызацыі стала значыцца асобным населеным пунктам. Але і сёння ў шэрагу выпадкаў ён называецца Пятровічамі – аўтобусны прыпынак “Пятровічы”, у размовах мясцовых жыхароў – зноў жа Пятровічы. Калі на рацэ Волма ў другой палове дваццатага стагоддзя будавалася Пятровіцкае вадасховішча, у Пятровічы былі знесены вёскі Бароўка, Чырвоны Бераг, Смыкі, частка Слабады.  У вёсцы ўтварыліся вуліцы Цэнтральная, Зарэчанская, Узбарожская, Садовая, завулак Клубны,  вуліца Слабадская, Набярэжная, Школьная. Насельніцтва вёскі на 2007 год складала ў Зарэччы 668 чалавек, з якіх 231 – працаздольны. Моладзі было 111 чалавек.

Калі была заселена тэрыторыя вёскі Пятровічы, сказаць дакладная цяжка. Аднак вялікія валуны і легенды аб узгорках, назвы вёсак у акрузе даюць падставу меркаваць, што першыя пасяленні былі да прыняцця хрысціянства. Да ранняга жалезнага веку адносяць суседняе Драчкава, вёскі Малыя Ляды і Волма. У гэтых мясцінах захаваліся рэшткі ўмацаваных паселішчаў-гарадзішчаў.

Помнікамі старажытнасці з’яўляюцца камяні-валуны, якія авеяны народнымі паданнямі і носяць назву Божых.  Такі камень знаходзіўся і на ўскраіне Пятровічаў, каля ракі Волмы. Гэта быў вялікі валун, на якім было паглыбленне ў выглядзе следа ад нагі. Камень ляжаў каля крынічкі, ваду з якой  людзі лічылі гаючай. Але  пасля меліярацыйных работ, праведзеных колькі гадоў назад, каменя не стала.

Існавала і легенда пра Княжовую гару, якая знаходзілася  на паўднёвай ускраіне Пятровічаў (потым яе  амаль зраўнялі,  капаючы там жвір).  Быццам бы, некалі князеў маёнтак быў у тых мясцінах. Але і пра легенду з часам забыліся, і  мала хто яе ведае.

У гістарычных дакументах 1621 і пазнейшых гадоў значыцца, што ў Пятровічах тады быў 41 двор, у 1623 годзе – ужо 80 двароў. Згодна са звесткамі 1621 года, сяло Пятровічы далучана да Смалявіцкага маёнтка яшчэ ў 1612 годзе. У 1558 годзе ўладальнікам прылеглых зямель быў Пётр Андрэевіч Кадышэвіч, у 1559 годзе – Пётр Мінбулатовіч. Магчыма, адсюль і назва – Пятровічы.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Пятровічы, як частка маёнтка Смалявічы Дамініка Радзівіла, увайшлі ў Ігуменскі павет. У пачатку дваццатага стагоддзя ў Пятровічах было 160 двароў і 1028 жыхароў. У 1907 годзе тут было адкрыта народнае вучылішча, у якім вучыліся 53 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі. Па звестках больш позняга часу настаўнікамі ў вучылішчы працавалі І.Шарупіч і Л.Сасноўская. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны народнае вучылішча было пераўтворана ў працоўную школу першай ступені. Для яе быў пабудаваны спецыяльны будынак у 1924 годзе. У тым жа годзе была адкрыта хата-чытальня з бібліятэкай. І яшчэ ў тым жа годзе Пятровічы становяцца цэнтрам Пятровіцкага сельсавета. У пачатку трыццатых гадоў у вёсцы быў створаны калгас “Перамога”, працавалі кузня, вадзяны млын. У 1931 годзе пасля скасавання Смілавіцкага раёна, у складзе якога знаходзіліся Пятровічы, вёска аказалася на тэрыторыі Смалявіцкага раёна.

 У перадваенны час у Пятровічах было 46 двароў, амаль усе яны за час акупацыі былі знішчаны. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы размясціўся добра ўмацаваны  паліцэйскі гарнізон, які праіснаваў да сярэдзіны мая 1944 года, калі быў разбіты партызанамі. Нямецка-фашысцкія захопнікі нанеслі гаспадарцы і насельніцтву вёскі вялікія страты,  разбурылі ці спалілі дамы, вывезлі жывёлу, чынілі здзекі над насельніцтвам, разрабавалі калгас.

Пасля вызвалення  пачалося аднаўленне гаспадаркі. Пачала працаваць школа. Спачатку  школьныя класы размяшчаліся ў некалькіх сялянскіх хатах: у Ціта Шчуркі, Лідзіі Процька. Працавалі і вучыліся пры  газоўках. У першыя пасляваенныя гады ў школе ў Пятровічах працавалі настаўнікі Любоў Майсееўна Онгейберг, Аляксандр Васільевіч Ванзонак, Іван Мітрафанавіч Мазанік, Віктар Іванавіч Салтанаў і іншыя. Дырэктарам школы да 1954 года працаваў Павел Іосіфавіч Баранчык, яго змяніў на пасадзе Вячаслаў Васільевіч Данілаў, пры якім пачалося будаўніцтва двухпавярховага будынка школы.

Народны быт, колішняе жыццё, заняткі, абрады, правядзенне вольнага часу складаюць асноўную частку этнаграфіі Пятровіцкага краю, што вылучае яго сярод іншых. А многія звесткі аб гэтым можна знайсці ў школьным этнаграфічным музеі.

На тэрыторыі краю было пашырана кавальства – выраб з жалеза сякер, кос, вілаў, секачоў і іншых прылад працы. Сапраўднымі майстрамі ў гэтай справе былі В.А.Зелянкевіч, М.С.Анцілеўскі. Многія жыхары майстравалі вырабы з лыка. ракітніку, лазы. Лепшыя кошыкі плёў Д.В. Семіжон. Конную збрую ўмела вырабляў У.А.Петрыкевіч.  Не простую булку або праснак, а сапраўдны вясельны каравай, упрыгожаны кветкамі, птушкамі, рознымі цацкамі, магла спячы Ульяна Ігнатаўна Семіжон. А такога печніка, як Мікалай Міхайлавіч Пархімчык, і сёння не знойдзеш. Сапраўдным майстэрствам ткачыхі валодае З.М.Сітнік.

Каб не  знікла  фальклорная песня, захавалася для нашчадкаў, збіраюцца мясцовыя жанчыны ў Пятровіцкім Доме культуры, спяваюць у  ансамблі народнай песні “Рэчанька”.

Крынічным краем з гаючай вадой можна назваць вёску Пятровічы і суседнія тэрыторыі. На рэчцы Волма ў 70-я гады мінулага стагоддзя было пабудавана Пятровіцкае вадасховішча, а потым і водазаборная станцыя, якія  ўжо шмат гадоў забяспечваюць пітной вадой Заводскі раён і мікраён Чыжоўка горада Мінска. А берагі ракі і вадасховішча сталі месцам адпачынку жыхароў і прыезджых гасцей.

За сваю  мнагавекавую гісторыю Пятровічы перажывалі нямала цяжкасцей, але  пераадольвалі іх і працягвалі развівацца.   І сёння  вёска сутыкнулася з новымі эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі: не стала працы многім рукам рабочым. Аднак жа едуць з блізкага Мінска дзеці і ўнукі вяскоўцаў, узводзяць дыхтоўныя загарадныя дамы ў два паверхі, пад чарапіцай, газ па вуліцах праводзяць. Значыць, спадзяюцца на лепшую будучыню сяла. Дык няхай яно так і будзе, як некалі марыў Язэп Семяжон, стане ж некалі  гэтая старажытная мясціна прыгожым і паспяховым культурным цэнтрам.

Таццяна АПАЦКАЯ, былая выпускніца Пятровіцкай школы, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №43 г.Мінска.

Информацию читайте в номере 99 – 102  от 5.05.2012 г.