Вёска Пятровічы адметная тым, што з’яўляецца радзімай Язэпа Семяжона, паэта-перакладчыка,  члена Саюза пісьменнікаў з 1954 года,   выкладчыка замежных моў, грамадскага дзеяча, публіцыста і фалькларыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы. Язэп Ігнатавіч таксама прайшоў вогненнымі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны і быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны першай ступені, ордэнам  польскага ўрада і шматлікімі медалямі. У мірны час быў адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам Дружбы народаў. Язэп Семяжон перакладаў творы з 33 моў свету. Яго мастацкія пераклады напісаны жывой непаўторнай мовай, але з захаваннем  каларыта таго народа, з мовы якога быў зроблены пераклад. З лацінскай мовы ён пераклаў славутую паэму Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”, з польскай мовы – паэму Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Менавіта ў яго перакладах чытаюць гэтыя і іншыя творы вучні ў сучаснай школе.

 

 

 

 

Вёска Пятровічы адметная тым, што з’яўляецца радзімай Язэпа Семяжона, паэта-перакладчыка,  члена Саюза пісьменнікаў з 1954 года,   выкладчыка замежных моў, грамадскага дзеяча, публіцыста і фалькларыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы. Язэп Ігнатавіч таксама прайшоў вогненнымі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны і быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны першай ступені, ордэнам  польскага ўрада і шматлікімі медалямі. У мірны час быў адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам Дружбы народаў. Язэп Семяжон перакладаў творы з 33 моў свету. Яго мастацкія пераклады напісаны жывой непаўторнай мовай, але з захаваннем  каларыта таго народа, з мовы якога быў зроблены пераклад. З лацінскай мовы ён пераклаў славутую паэму Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”, з польскай мовы – паэму Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Менавіта ў яго перакладах чытаюць гэтыя і іншыя творы вучні ў сучаснай школе.

Як даніна памяці і ўдзячнасці свайму знакамітаму земляку, зусім нядаўна ў Пятровіцкім сельскім Доме культуры адбылася вечарына “На роднай зямлі” з нагоды Года кнігі і ўрачыстага адкрыцця кутка паэта-перакладчыка. Арганізавалі гэтае мерапрыемства  былая выпускніца Пятровіцкай сярэдняй школы, а цяпер настаўніца беларускай мовы і літаратуры школы №43 горада Мінска Таццяна Мікалаеўна Апацкая і бібліятэкар Пятровіцкай сельскай бібліятэкі Ніна Уладзіміраўна Лукашонак.

Да гэтай падзеі была праведзена карпатлівая работа: сабрана каля 500 экземпляраў матэрыялаў. Гэта – фотаздымкі, копіі рукапісаў перакладаў аўтара, кнігі паэта і яго аўтографы, успаміны, пісьмы. Сабраны тут таксама відэаматэрылы, аўдыязапісы ўспамінаў,  матэрыялы перапіскі з беларускімі пісьменнікамі, публіцыстычныя артыкулы Язэпа Семяжона, падручнікі з яго перакладамі, кнігі аб жыцці і творчасці нашага  вядомага земляка і шмат іншых цікавых матэрыялаў аб ім. Гэтая багатая спадчына плануецца шырока выкарыстоўвацца – тут будуць праводзіцца школьныя ўрокі і экскурсіі, матэрыялы будуць  цікавымі для даследчыкаў жыцця і творчасці паэта-перакладчыка  і прымуць удзел у рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Мяркуецца на базе гэтага музейнага кутка  наладзіць супрацоўніцтва з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і  з краязнаўчым музеем ДУА “Пятровіцкая сярэдняя школа”, а таксама прымаць удзел у навукова-практычных канферэнцыях г. Мінска, у мінскіх гарадскіх і рэспубліканскіх краязнаўчых чытаннях і многіх іншых мерапрыемствах, накіраваных на шырокае вывучэнне і прапаганду гістарычнай  і культурнай спадчыны нашага краю.

На вечарыну яе арганізатары запрасілі шматлікіх гасцей. На сустрэчы прысутнічалі галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Задзяркоўская, мастак, заслужаны дзеяч мастацтва Станіслаў Мікалаевіч Федарэнка, старшыня Драчкаўскага сельвыканкама Марына Уладзіміраўна Гнедчык, пляменніцы паэта Валянціна Рыгораўна Мацюк і Надзея Рыгораўна Касцяневіч і іх дзеці, вучні і настаўнікі Пятровіцкай школы і школы №43 г.Мінска, аднавяскоўцы.

Спачатку госці і ўсе прысутныя наведалі магілу Язэпа Семяжона і ўсклалі кветкі, зрабілі экскурсію па вёсцы Пятровічы і мясцінах, звязаных з жыццём паэта,  пазнаёміліся з матэрыяламі музейнага кутка ў бібліятэцы.  Потым адбылося ўрачыстае адкрыццё вечарыны.

Наталля Іванаўна Задзяркоўская зачытала прывітальны ліст ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Паўлавіча Латушкі. Цёпла і шчыра вітала сваіх землякоў Таццяна Мікалаеўна Апацкая:

— Кожны з нас непасрэдна звязаны з той зямлёй, дзе нарадзіўся. Так і я звязана з Пятровічамі. Для многіх з нас Радзімай становіцца мясціна, дзе жывём. І з цягам часу мы разумеем, што гэта самае дарагое, што ў нас ёсць. У народзе гавораць: калі не ведаеш, адкуль выйшаў, невядома, куды пойдзеш. Над гэтым і я праз гады задумалася: куды я пайду, што пакіну свайму сыну? Ужо няма тых сцежак, дзе некалі бегала ў дзяцінстве, няма той крыштальнай рэчкі, дзе лавілі рыбу, няма таго ляска, дзе збіралі грыбы і ягады… А самае галоўнае – з кожным годам ўсё меней тых людзей, якія могуць паведаць пра мінулае, навучыць жыць, расказаць пра прадзедаў. Але ж пятровіцкая зямля, родная вёска, якая ў сёлетнім годзе святкуе сваё 400-годдзе, слаўная сваёй гісторыяй, сваімі таленавітымі землякамі, аб якіх нельга забываць.

Язэп Семяжон якраз з гэтай слаўнай кагорты вяскоўцаў. Ён з’яўляецца найбольш яркім прадстаўніком сучаснага мастацкага перакладу, таленавітым майстрам слова, дзякуючы якому многія творы сусветнай класікі загучалі на беларускай мове ўпершыню альбо атрымалі новае нараджэнне. І пра  ціхія Пятровічы даведаліся далёка за межамі Беларусі.

Потым  удзельнікам  вечарыны  было прапанавана невялікае падарожжа ў мінулае па старонках  кнігі “Паэт-перакладчык Язэп Семяжон” Ірыны Браніславаўны Лапцёнак, якая  працавала з архівам паэта, а зараз прадставіла для музейнага кутка вялікую колькасць фотаздымкаў і іншых матэрыялаў.

Усхвалявалі ўсіх  прысутных радкі з пісьма Язэпа Семяжона сваім землякам, якое ён напісаў у Пятровіцкую школу яшчэ ў 1977 годзе ў адказ на запрашэнне на школьнае свята. Ліст гэты захоўваецца ў школьным музеі: “ Яшчэ раз дзякую усім вам за добрую памяць, за вашу ветлівасць і – не сумняваюся – шчырую гасціннасць… Спадзяюся, што на такім хвалюючым вечары, сапраўдным пленуме сяброў маладосці, якім некалі, як апёраным птушкам – з гнязда, судзіла доля выпырхнуць за парог сваёй школы, пайсці ў самастойнае жыццё і паспець, як і мы, што былі першымі, пасівець і састарыцца, а таксама ўзмужнелым людзям сярэдніх год, якія прыйшлі ў сцены школы і скончылі яе пасля нас, не гаворачы ўжо аб зусім маладых юнаках, нашых наследніках, што стаяць перад жыццём і ў каторых іхняе шчасце і радасць у жыцці яшчэ наперадзе, — усім вам на гэтым свяце будзе па-святочнаму добра і весела. Веру, што ў кожнага з вас будзе што ўспомніць і расказаць, падзяліцца з моладдзю жыццёвым вопытам, успомніць і ўшанаваць памяць тых, хто не змог і не прыйшоў пабываць разам з вамі на такім сходзе. А такіх многа, бо, як сказаў паэт пра равеснікаў майго пакалення: “Нас болей мёртвых, чым жывых, на свеце ацалела”.

На сустрэчы выступілі з канцэртнымі нумарамі вучні школы №43 горада Мінска, спявалі і дэкламавалі на беларускай мове. Ансамбль народнай песні  “Рэчанька” Пятровіцкага СДК выканаў народныя песні, якія вельмі любіў Язэп Семяжон. Выступілі таксама і сваякі паэта, якія адзначалі, што ён быў вельмі шчырым і добрым чалавекам, заўсёды дапамагаў землякам, любіў бываць на радзіме.

А яшчэ адзначалася, што ўжо сабраны патрэбныя дакументы і вядзецца хадайніцтва перад Смалявіцкім райвыканкамам і іншымі інстанцыямі, каб была ўстаноўлена мемарыяльная дошка Я.Семяжону на яго радзіме. Спадзяёмся, што гэта адбудзецца да яго 100-годдзя з дня нараджэння. І верым, што пачатая праца па стварэнню кутка паэта перарасце ў музей двух нашых славутых землякоў – Язэпа Семяжона і Эдуарда Пякарскага, знакамітага вучонага-этнографа .

Марыя ІВАШЫНА, настаўніца Пятровіцкай школы.

На здымках: сваякі Язэпа Семяжона;   выступаюць ансамбль “Рэчанька” , В.Р.Мацюк і Т.М.Апацкая.

Фота з архіва Пятровіцкай сельскай бібліятэкі.

Информацию читайте в номере 133 – 134  от 13.06.2012 г.