Як вядома, з 7 па 19 студзеня на Беларусі па добрым старажытным звычаі адзначаецца галоўнае свята зімовага цыкла — Каляда.

І ў адзін з гэтых дзён, якраз напярэдадні старога Новага году, у цэнтры  Смалявічаў з’явілася  вясёлая і галасістая калядная кампанія з гармонікам, каляднай зоркай,  з Казой, Мядзведзем, Цыганом на шпаркім “кані”, стракатым натоўпам Цыганачак і іншымі  каляднымі персанажамі. Ад дому да дому, ад арганізацыі да арганізацыі з песнямі ды музыкай прайшліся калядоўшчыкі, вітаючы смалевічан са святамі, дорачы  ім цудоўны настрой, выказваючы  шчырыя пажаданні,  каб “і жыта радзіла, і  мелі торбу грошай, і жылі ў раскошы”. Некалькі хвілінак гумару і смеху – і, здавалася,  рабіўся святлейшым змрочны зімовы дзень, і неяк асабліва хораша станавілася на душы.

А нагадалі аб цудоўнай народнай традыцыі і парадавалі жыхароў горада супрацоўнікі гарадскога Дома культуры. Словы падзякі гучалі ім у адказ.

Кар. “КС”.

На здымках: выступленне каляднага гурта Смалявіцкага ГДК.

Фота Марыны МІХАЙЛОЎСКАЙ.