З мэтай далучэння дзяцей да народных традыцый у старэйшай групе “Рамонкі” дзіцячага садка №3 г.Смалявічы адбылося фальклорнае свята “Каляды”.

Актавая зала дзіцячага садка сапраўды нагадвала сяланскую хату, прыбраную да вялікага свята. Багата накрыты стол з пачастункамі, сурвэткі з нацыянальнымі ўзорамі, гліняныя гарлачыкі і міскі — ўсё гэта дадавала святу нацыянальнага каларыту.

Дзеючымі асобамі на свяце былі Цыганка (кіраўнік фізічнага выхавання Ала Марусіч), Сымон (кіраўнік фізічнага выхавання Яўгенія Барабаншчыкава) і дзве гаспадыні (музычны кіраўнік Вольга Шэмет і выхавацель групы “Рамонкі” Наталля Зяленская). А ў ролі калядоўшчыкаў выступілі самі выхаванцы.

Свята атрымалася вясёлым і каларытным. Малыя спявалі калядныя песні, танцавалі, гулялі з Казой (выхаванка Карына Качан), пабачылі выступленне Мядзведзя (выхаванец Аляксей Панасюк), гралі на музычных інструментах, гулялі ў нацыянальныя беларускія гульні, разгадвалі загадкі і нават зазірнулі ў будучыню з дапамогай Цыганкі і яе чароўнага збаночка.

Нягледзячы на тое, што бацькі не змаглі прысутнічаць на свяце, хлопчыкі і дзяўчынкі павесяліліся ад душы. Яны ўжо нядрэнна валодаюць роднай мовай, а такія вось святы дапамагаюць гэтыя веды замацоўваць і пашыраць.

На развітанне пачаствалаліся прысмакамі і зрабілі шмат фота на памяць, каб паказаць матулям і татам, бабулям і дзядулям, якімі вясёлымі былі іх першыя Каляды ў дзіцячым садку.

Марына МІХАЙЛОЎСКАЯ.

На здымках: моманты Калядаў, якія адбыліся ў дзіцячым садку №3 г. Смалявічы.

Фота аўтара.