Зінаіда Аляксееўна Пашкевіч з вёскі Слабодка Драчкаўскага сельсавета зведала суровае, апаленае вайной, дзяцінства, страту родных людзей, і з ранніх гадоў працавала — на зямлі, у полі, па гаспадарцы. Жылі яе бацькі на Віцебшчыне, у Сенненскім раёне. Маці Матрона Сяргееўна і бацька Аляксей Захаравіч Маркевічы былі заможнымі сялянамі, шмат працавалі, каб быў у хаце дастатак. Сямёра дзяцей гадаваліся ў сям’і, з маленства іх прывучалі да працы, вучылі і ткаць, і прасці, і вышываць. Сама Матрона Сяргееўна была адмысловай майстрыхай, усё ў яе руках спорылася, да таго ж і чытаць-пісаць умела. Многа чаму дзяцей вучыла.
Матрона Сяргееўна і дзяцей гадавала, і гаспадарку цягнула, у вайну пякла хлеб партызанам, а дзеці адносілі яго ў лес, падвяргаючыся смяротнай небяспецы.
Аднойчы немцы схапілі Матрону Сяргееўну з трыма дзецьмі і павялі на расстрэл на могілкі, але нечакана з боку лесу пачуліся гучныя стрэлы. Фашысты падумалі, што гэта ідуць партызаны, і кінуліся на ўцёкі. Гэта і выратавала жанчыну з дзецьмі. У вёску тады яны тады не вярнуліся, схаваліся на хутары.
Гісторыя гэтай вялікай сям’і вельмі падобна на лёсы многіх беларусаў таго часу. Ды ёсць адметная рыса, якая назаўсёды захавае памяць аб гэтых працавітых і таленавітых людзях. Справа ў тым, што ўзор з сялянскага рушніка, вышыты ўмелымі рукамі Матроны Сяргееўны Маркевіч (дзявочае прозвішча Кацар) стаў беларускім нацыянальным здабыткам – знайшоў адлюстраванне на Дзяржаўным сцягу Беларусі. І адбылося гэта так.
Родны брат Матроны Сяргееўны Міхаіл Сяргеевіч Кацар, звычайны сялянскі хлопец з Сенненшчыны, змог атрымаць добрую адукацыю, перад вайной закончыў Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. І прысвяціў сваё жыццё навуцы. У першыя пасляваенныя гады малады вучоны загадваў сектарам выяўленчага мастацтва ў інстытуце мовы, літаратуры і мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Пазней ён абараніў доктарскую дысертацыю, праз пэўны час яму было прысвоена навуковае званне прафесара мастацтвазнаўства. Адначасова з навуковай дзейнасцю Міхаіл Сяргеевіч Кацар працаваў выкладчыкам у Беларускім тэатральным інстытуце. Яму належыць шэраг навуковых прац. Бадай, самая знакамітая з іх – “Беларускі арнамент. Ткацтва, вышыўка”. Свет гэтая работа пабачыла ўжо пасля смерці аўтара ў 1996 годзе.
Але яшчэ ў 1951 годзе кіраўніцтва Акадэміі навук Беларусі па рашэнню Вярхоўнага Савета краіны прапанавала вучоным, у тым ліку мастацтвазнаўцу Міхаілу Кацару, падрыхтаваць эскіз Дзяржаўнага сцяга БССР. Падставай для стварэння новай дзяржаўнай сімволікі Беларусі стаў удзел рэспублікі ў заснаванні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дзе рэспубліка павінна была прадстаць пад уласным сцягам. Трэба было ўнесці такія элементы, каб сцяг адрозніваўся ад сцягаў іншых рэспублік Савецкага Саюза і адлюстроўваў нацыянальныя асаблівасці беларускага народа.
У творчым пошуку спецыялісты вывучалі многія ранейшыя гербоўнікі, фонды музеяў, каб знайсці найбольш яскравыя малюнкі, ці толькі адпраўныя фрагменты, для будучай дзяржаўнай сімволікі. Тады Міхаіл Сяргеевіч Кацар прапанаваў арнамент пад назвай “Узыходзячае сонца” з рушніка, вырабленага рукамі яго роднай сястры Матроны Сяргееўны Маркевіч. І рабочая камісія з прапановай пагадзілася, бо гэта аказаўся найбольш падыходзячы варыянт.
Выкарыстоўваючы малюнак узору, мастак Міхаіл Гусеў зрабіў эскіз. Пасля чаго Указам Вярхоўнага Савета БССР 25 снежня 1951 года Дзяржаўны сцяг Беларусі быў зацверджаны і накіраваны для выпуску ў лёгкую прамысловасць. Нацыянальны арнамент, створаны талентам беларускай сялянкі, надае нашаму Дзяржаўнаму флагу асаблівы каларыт і адметнасць, пазнавальнасць яго сярод дзяржаўнай сімволікі іншых краін і народаў. “Узыходзячае сонца” увасабляе сімвал светлай будучыні і росквіту.
Пазней малюнак арнамента на сцягу змяняўся двойчы. Пасля рэферэндума 1995 года, калі беларускі народ прагаласаваў за вяртанне ранейшага беларускага сцяга замест бел-чырвона-белага, які быў прыняты пасля абвяшчэння Беларусі незалежнай рэспублікай, на сцяг вярнулі арнамент крыху зменены — не белыя ўзоры на чырвоным фоне, а наадварот – чырвоныя на белым полі. Яшчэ адно абнаўленне адбылося ў 2012 годзе, калі з арнамента зніклі белыя палосы па баках і крышачку змяніўся сам узор.
Кожны год у другую нядзелю мая беларускі народ святкуе Дзень Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба. Гэта свята ў календары суседнічае з Днём Перамогі. І гэта невыпадкова. На вайне сцяг падымаў воінаў у атакі, натхняў на бясстрашную барацьбу. Нярэдка байцы ратавалі сцяг цаною свайго жыцця. У народзе і ў дні справядлівай барацьбы, і ў мірны час сцяг заўсёды заставаўся і застаецца святыняй, якую берагуць і даражаць ёю. Наш беларускі Дзяржаўны сцяг складаецца з колеру пралітай у барацьбе за светлы дзень крыві, з колеру беларускіх лясоў і палёў, з чыстых памкненняў беларускага народа.
Нейкі час назад у чарговую экспедыцыю па вывучэнні космасу адправілася каманда касманаўтаў, у складзе якой – і беларус, касманаўт Алег Навіцкі. З сабою ў адказную і складаную камандзіроўку ён узяў Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь як напамінак пра Радзіму, як абярэг у нязведаным шляху. Хіба магла некалі нават уявіць беларуская сялянка Матрона Сяргееўна Маркевіч, што яе ўзор з даматканага рушніка дасягне зор, будзе лунаць над Зямлёю?
Асаблівую значымасць набывае Дзяржаўны сцяг у сучаснай палітычнай абстаноўцы ў беларускім грамадстве. Ён успрымаецца як своеасаблівы абярэг ад нападкаў на незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны, як сімвал згуртавання народа, міру і спакою.
Нашчадкі вясковай майстрыхі – яе дзеці, унукі, а таксама ўсе, хто мае дачыненне да яе сям’і, хто ведае гэтых працавітых і сумленных людзей, ганарацца яе талентам і яе ўкладам ў стварэнне дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь.
Э.ПАТАПЧЫК.