Бязмерная любоў да роднага краю, патрыятызм, шанаванне чалавека працы, пераемнасць пакаленняў — вось асноўныя жыццёвыя прынцыпы дырэктара ААТ “Азярыцкі — Агра” Ніны Вікенцьеўны Жалязновай. Менавіта яна з’яўляецца ініцыятарам конкурсу “Праўнукі пераможцаў”. Галоўная мэта конкурсу — зберагчы памяць пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, расказаць жывыя гісторыі пра герояў — пераможцаў, паказаць праўнукам, якой цаной дасталася перамога над страшэннымі захопнікамі.

Ніна Вікенцьеўна прапанавала дашкольнікам Прылепскага ВПК, Арэшніцкаму дзіцячаму саду і нашаму, Азярыцкаслабадскому дзіцячаму саду, стаць удзельнікамі конкурсу, бо менавіта з маленькага ўзросту прывіваецца цікавасць да гісторыі і пачуццё патрыятызму.

Педагогі дзіцячага садка адразу вырашылі, што гэта будзе “Кніга памяці”. Нашы выхаванцы не раз удзельнічалі ў мерапрыемствах, прысвечаных героям-вызваліцелям. Кожная старонка кнігі — гэта ці апавяданне, ці відэаролік, ці фотакалаж, ці эсэ пра канкрэтнага чалавека, пра яго ваенную гісторыю, пра яго жыццё ў мірны час. Кніга пачынаецца з відэароліка, у якім Аліса Савіцкая, выхаванка рознаўзроставай групы, распавядае, што яе бабуля вучылася ў былой Задамлянскай школе.

На тэрыторыі школы ёсць помнік былому дырэктару, сапраўднаму патрыёту Беларусі — Аляксандру Іванавічу Мрочаку. Калі фашысты ўварваліся ў вёску Задомля, то загадалі ўсім жыхарам здаць радыёпрыёмнік. У Аляксандра Іванавіча было два радыёпрыёмнікі, таму ён адзін аддаў ворагам, а другі схаваў у калодзежы. Ноччу дырэктар даставаў радыёпрыёмнік з калодзежа, слухаў яго і расказваў аднавяскоўцам, як справы на фронце, пра змагаюцца салдаты, партызаны, падпольшчыкі і нават піянеры з фашысцкімі захопнікамі. Людзі заўсёды з нецярпеннем чакалі звестак з фронта, верылі ў перамогу. Наогул, радыё дапамагала ім жыць у нямецкай акупацыі. Аднак адзін здраднік данес фашыстам пра радыё. Ворагі схапілі  Мрочака і растралялі.

Жыхары не забылі геройскі ўчынак свайго земляка і пасля вайны паставілі помнік у знак прызнання вялікага подзвігу сельскага настаўніка.

Другая старонка прысвечана ўдзельніку вайны Тарасу Іванавічу Ракіцкаму. Прапраўнучка Аліса расказвае, што ён ваяваў на фронце, вынес страшэнны палон. Пасля вайны доўгія гады працаваў у сельскай гаспадарцы. Алісе яшчэ запомнілася і тое, што з шынелі Тараса Іванавіча пашылі касцюм яго сыну і той хадзіў у ім у школу.

Наступная старонка прысвечана мітынгу ў Дзень Перамогі каля помніка спаленым вёскам. Нашы выхаванцы чыталі вершы пра вайну, пра перамогу, пра ласкавае сонейка , пра тое, як трэба берагчы мір .

Не менш цікавая старонка — пра маршрут выхаднога дня да Кургана Славы. Тут знойдзеце цікавую інфармацыю пра мемарыяльны комплекс, матэрыял у дапамогу бацькам з мультфільмамі на ваенную тэматыку, фотаздымкі ваеннай тэхнікі.

Нельга не закрануць і частачку нашага музея, дзе існуе серыя фотаздымкаў пра вайну, пра пакуты нашага народа, пра гераізм пераможцаў, пра адноўленую любімую Беларусь.

І галоўная старонка кнігі памяці — гэта словы нашых дзяцей: “МЫ — праўнукі! МЫ помнім!”

Вялікі дзякуй Ніне Вікенцьеўне Жалязновай і спецыялісту па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі Юліі Барысаўне Ігнатовіч, за магчымасць яшчэ раз дакрануцца да святога — ушанавання памяці ўдзельнікаў вайны праз важны конкурсны праект.

Алена ГАРАДЗЕЦКАЯ, загадчык ДУА “Азярыцкаслабадскі дзіцячы сад”

Фота з архіва дзіцячага сада.