(казка)
У кожнага з нас хаця б раз у жыцці здараліся незвычайныя сустрэчы. Вось і ў мяне аднойчы адбылося вельмі цікавае знаёмства. Дзіўнае і нечаканае для мяне.
Неяк раніцай, ідучы па знаёмай вуліцы, я раптам пачула за сваёй спіной нейкі хрыплы голас.
— Дзень добры, паважаная!
Ад нечаканасці я здрыганулася і азірнулася.
— Добрай раніцы, — прашаптала , разгубіўшыся, і не адразу зразумела, з кім я павіталася. Але праз хвіліну ўнутраны голас падказаў мне:
— Паглядзі, бачыш нахіліўшыйся стары плот і Хату за ім? Гэта яна жадае пагаварыць з табою.
І тут я звярнула ўвагу на несамавітую, выцвілую ад часу Хату за зламаным плотам. Вось так і адбылося наша знаёмства.
Мы пасябравалі. Гэта сяброўства пакінула адметны след у маім жыцці.
Старая Хата ахвотна расказала мне пра свой лёс. Калісьці ў ёй жылі людзі, бегалі і смяяліся дзеці. Па скрыпучай падлозе хадзіла бабуля. А яшчэ Хата памятала, як па вечарах бабуля на каленях малілася за сваіх дзяцей, унукаў, прасіла для іх у Бога здароўя і шчасця. І тут я пачула голас:
— Бабуля, якія ў цябе смачныя бліны!
— Частуйцеся на здароўе, дзеткі, — усміхаючыся адказала бабуля, шчыра змазваючы бліны.
Хата любіла водар выпечанага хлеба і смачнай ежы. А вось у гэтыя маленькія акенцы не раз глядзела мама.
— Сынок, сынок, пара дадому, — чуўся яе звонкі, заклапочаны голас.
Завіхаліся тут усе з раніцы да вечара. Хата клапацілася пра сваіх дамачадцаў, сагравала іх. І для ўсіх членаў сям’і яна была роднай і любай… Але ўсё прайшло, засталося ў далёкім-далёкім мінулым. Цяпер Хата стаяла злёгку нахіліўшыся. Сцены і вокны даўно не бачылі фарбаў. Дажджы і Сонца ўсё больш і больш знішчалі яе прыгажосць.
— Калісьці я была прыгажуняй! Па ўсёй вёсцы лепшай Хаты не было, — прыжмурыўшы стомленыя вочы, усміхаючыся, успамінала Хата. Ад прыемных успамінаў твар яе свяціўся.
Гаспадыня двара – драўляная Калітка тужліва паскрыпвала і часта ўздыхала:
— Няма маіх Гаспадароў!
Яна ведала, што яны не зойдуць у яе ніколі. А маркотныя акенцы з надзеяй углядаліся ў прахожых на вуліцы.
— Ах, як жа нам хочацца ўбачыць знаёмыя твары!
Калі ішоў дождж, вокны непрыкметна адзін ад аднаго плакалі:
— Ну, не трэба, усё добра, — супакойвала іх Старая Хата.
Часцяком у двор прыляталі птушкі і радавалі яго сваімі спевамі. Летам дзеці не давалі Старой Хаце сумаваць. Хата вельмі любіла дзяцей. А як радавалася Бабулька – Калітка, калі ў двор залятаў мяч! Калі хто-небудзь з хлапчукоў падбягаў да яе, яна ветліва адчынялася, і ўжо праз хвіліну мяч зноў ляцеў на вуліцу к дзецям. Старая Хата радавася, як дзіця, назіраючы за іх гульнямі.
Побач з паламаным плотам стаяла Лаўка. Ад часу яе ножкі ўраслі глыбока ў зямлю. Але суседскаму кату Ваську гэта месца вельмі падабалася. Калі яму надакучвала хатняя мітусня, ён лажыўся на Лаўку і атрымліваў асалоду ад цішыні.
— Добра, як жа добра, — заплюшчыўшы свае хітрыя вочы, мурлыкаў задаволены кот, грэючы свой жывот на цёплай ад сонца Лаўцы.
Бабулька-Лаўка была шчаслівая. Яна радавалася госцю як дзіця.
Шчырае Сонца не забывала наведваць ветлівыя вокны. У адно імгненне яны, прыжмурыўшыся ад яго яркіх промняў, пачыналі ўдзячна свяціцца. Сонейка прагравала старыя сцены і ганак Хаты. Ёй быў прыемны такі клопат. Яна нават пачынала лепш сябе адчуваць.
— Дзякуй, дзякуй, — удзячна шаптала Хата, гледзячы на Сонца і прыкрываючы далонькай вочы.
Зімой адзінокая Хата тужліва глядзела сваімі цёмнымі вокнамі на вуліцу. А Бабулька-Калітка жалобна плакала на ветры.
— Пацярпі трошкі, скора прыйдзе вясна і стане весялей, — падбадзёрвала яе Хата. Жыццё прайшло. Цяпер з імі засталіся толькі адзінота і старасць. З кожным годам сілы іх пакідалі. Яны з цеплынёй успаміналі той час, сваіх Гаспадароў.
— Не дарма мы пражылі сваё жыццё, — шчасліва ўсміхаючыся адзін аднаму, гаварылі яны.
Старая Хата змахнула нябачнай рукой дажджынку з цёмнага вакна, як слязу радасці. Бабулька-Калітка завяла любімую песню маладосці.
Нядаўна Старую Хату знеслі, а на яе месцы з’явілася дзіцячая пляцоўка, і цяпер цэлымі днямі тут звінелі дзіцячыя галасы. Але калі я гляджу на вясёлыя твары дзяцей, у маім сэрцы заўсёды ажывае старэнькая Хата, якая назаўжды аставіла ў маім сэрцы цяпло і дабрыню.
Любоў ДЭРР (супрацоўнік Смалявіцкай Цэнтральнай бібліятэкі імя М.Багдановіча).
Фота Лідзіі СУДНІКОВІЧ.
Хорошо когда на месте старых пустующих зданий появляется новое, наполненное жизнью сооружение