Ужо больш за 40 гадоў існуе ў Зеленаборскім сельскім Доме культуры ансамбль народнай песні “Пасаг”.
З задавальненнем кожны тыдзень збіраюцца ўдзельнікі на рэпетыцыі, дзе гучаць песні, жарты на роднай мове.
Адметная рыса калектыву – “жывое” гучанне музыкі, якое стварае аркестр. Акрамя баяна, гітары, бубноў, непаўторнае аздабленне надаюць цымбалы і флейта. Калектыў радуе сваёй творчасцю жыхароў не толькі пасёлка Зялёны Бор, але і суседней вёскі Астравы.
Зусім нядаўна быў зладжаны канцэрт на адкрытай пляцоўцы, які сабраў амаль сотню гледачоў. Шматлікімі апладысментамі сустрэлі інструментальную п’есу ў выкананні аркестра, вакальны гурт праспяваў жартоўныя песні. Салісты сваімі шчырымі песнямі не пакінулі абыякавамі нікога. А гледачы, у сваю чаргу, падзякавалі артыстам за выступленне і паднеслі ў падарунак дары саду і пчальніка.
Добры настрой, усмешкі і надзея на новую сустрэчу з таленавітымі артыстамі яшчэ доўга панавалі ў вёсцы Астравы ў гэты дзень.
Т.АНОП, бібліятэкар Зеленаборскай сельскай бібліятэкі.
Фота з архіва Зеленаборскага сельскага Дома культуры.