2022 год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Выхаванне патрыятычных якасцей у грамадзян трэба пачынаць з самага маленства. Яшчэ ў дзіцячым садку дзеці павінны пазнаваць гісторыю сваёй краіны, свайго народа. Каб паважаць, шанаваць і ганарыцца сваёй Радзімай.

Традыцыі народа — гэта яго святы і абрады. Вось і педагогі нашага дзіцячага сада знаёмяць выхаванцаў з народнымі традыцыямі праз забавы, гульні і вясёлыя жарты. У дашкольным узросце веды лепш засвойваюцца, калі яны пададзены ў форме гульні, цікава і весела.

Па народным звычаі падчас Святак (з 7 па 18 студзеня) па весках ходзяць калядоўшчыкі. Вось і завіталі яны ў наш дзіцячы садок. Выхаванцы старэйшай групы, пераадзетыя ў карнавальныя касцюмы, з каляднай зоркай зайшлі ў музычную залу, дзе іх чакала “гаспадыня” (выхавацель Н.П.Дамброўская). Калядоўшчыкі спявалі песні, жартавалі, стараліся зарабіць пачастункі. Гаспадыня загадвала загадкі, давала калядоўшчыкам жартоўныя заданні. У госці да дзяцей – калядоўшчыкаў і гледачоў – завітала нават Баба Яга (Т.А. Каўтунова). Але казачная гераіня не была злой. У такое свята нават Баба Яга робіцца вясёлай і гарэзлівай. Яна гуляла з дзецьмі, весела бавіла час.

Аўтар сцэнарыя гэтага вясёлага свята — музычны кіраўнік Н.М. Мазіліна — прапанавала жартоўнае гаданне па керамічных гаршчках. Усім яго ўдзельнікам выпала шмат добрых і шчаслівых пажаданняў. Кожны ўдзельнік напрыканцы свята атрымаў маленькую зорачку — “Знічку шчасця”.

Наша свята прайшло весела і запамінальна. Гэта яшчэ раз даказвае, што трэба знаёміць дзяцей з гістарычнай спадчынай беларускага народа. І не будзе тады ўзнікаць патрэба ў святкаванні замежных “хэлоўінаў” і “валянцінаў”.

Н.НАВУМЕНКА, загадчык ДУА “Забалоцкі дзіцячы сад Смалявіцкага раёна”.

Фота з архіва ўстановы адукацыі.