Алена Барысаўна Палудніцына ўсё жыццё прысвяціла бібліятэчнай справе. Нарадзілася Алена Барысаўна 17 мая 1919 года ў горадзе Глазаве Удмуртскай ССР. Бацька, Барыс Афанасьевіч, быў родам з беднай сям’і, працаваў батраком у заможных людзей. Маці, Лідзія Аляксееўна, наадварот, нарадзілася ў сям’і багатай і вялікай. Усе дзеці атрымалі добрую адукацыю. А сама Лідзія Аляксееўна гандлявала таварамі, якія рабіў бацька. Ён, дарэчы, быў шаўцом.
Алена Барысаўна Палудніцына ўсё жыццё прысвяціла бібліятэчнай справе. Нарадзілася Алена Барысаўна 17 мая 1919 года ў горадзе Глазаве Удмуртскай ССР. Бацька, Барыс Афанасьевіч, быў родам з беднай сям’і, працаваў батраком у заможных людзей. Маці, Лідзія Аляксееўна, наадварот, нарадзілася ў сям’і багатай і вялікай. Усе дзеці атрымалі добрую адукацыю. А сама Лідзія Аляксееўна гандлявала таварамі, якія рабіў бацька. Ён, дарэчы, быў шаўцом.
Пасля рэвалюцыі Барыс Афанасьевіч працаваў на аднаўленні Дзямідаўскіх заводаў Урала, таму сям’я часта пераязджала з месца на месца. У 1928 годзе, калі Алене споўнілася 9 гадоў, яна пайшла ў школу ў горадзе Кушва. Хутка памёр бацька, а маці другі раз выйшла замуж.
Пасля сканчэння школы Алена марыла паступіць у медыцынскае вучылішча, але айчым быў супраць. Ён настойваў, каб дзяўчына ішла працаваць, маўляў, хопіць есці чужы хлеб, прыйшоў час зарабляць самой. Алена доўга не магла знайсці работу, бо ёй на той час было ўсяго 16 гадоў. На работу прымалі толькі паўналетніх. Дапамог Алене сябра бацькі, які ўладкаваў яе вучаніцай на Куйбышаўскі металургічны завод у брыгаду намётчыкаў. Яна пераносіла дэталі з чарцяжа на метал. Работа Алене вельмі падабалася. У вольны час дзяўчына дапамагала афармляць Чырвоны куток, вучыла чытаць і пісаць неадукаваных. У 17 гадоў уступіла ў шэрагі ВЛКСМ, была актыўнай камсамолкай. Алена з цікавасцю бралася за любую справу: прымала ўдзел у пастаноўках тэатра працоўнай моладзі “ТРАМ”, актыўна займалася спортам у спартыўным таварыстве “Металург Усходу”, арганізаваным на базе завода. За прыцягненне ў таварыства дзяўчат Алену нават уключылі ў групу альпіністаў, разам з якой яна паднялася на вышыню 3000 метраў на гару Цянь-Шань.
У 1936 годзе Алена Барысаўна выйшла замуж. Хутка нарадзіўся сын Ігар. Але асабістае жыццё не склалася.
Улічваючы багаты вопыт работы з моладдзю, Алену Барысаўну накіроўваюць на працу ў школу піянерважатай. Пасля – работа сакратаром следчага аддзела пракуратуры.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Алена Барысаўна дзяжурыла ў шпіталі, даглядала параненых, дапамагала разгружаць вагоны. Тут яна і пазнаёмілася з будучым мужам Мікалаем Іванавічам Ціхаміравым. У 1943 годзе Алена Барысаўна і Мікалай Іванавіч пажаніліся.
У 1945 годзе на свет з’явіўся другі сын – Мадэст, а у 1947 – Віктар. У гэты час сям’я часта пераязджала. Спачатку ў Ніжні Тагіл, дзе Алена Барысаўна працавала сакратаром у механічным цэху Ніжнетагільскага завода. Пасля – Карамышаўскім раёне Пскоўскай вобласці. Там Алене Барысаўне давялося паспрабаваць сябе мастацкім кіраўніком у Доме культуры, а таксама папрацаваць у сельскай бібліятэцы.
Калі памёр муж, Алена Барысаўна пераехала ў Мінск, бліжэй да маці і сястры. Аддзел культуры накіраваў маладую жанчыну з трыма дзецьмі ў Пятровіцкую сельскую бібліятэку Смалявіцкага раёна. Спачатку працаваць было даволі складана, бо Алена Барысаўна не ведала беларускай мовы. Але праца ёй падабалася, і малады бібліятэкар аддавала рабоце ўвесь вольны час.
Бібліятэчны фонд павялічваўся з кожным годам. Грошы на набыццё кніг выдзяляў сельскі Савет. Менавіта з дапамогай кніг – асабліва мастацкай літаратуры – бібліятэкар выхоўвала ў сваіх чытачоў любоў да Радзімы, прывучала маладое пакаленне да здаровага ладу жыцця.
Больш за 10 гадоў на базе бібліятэкі існаваў лялечны тэатр “Казка”. Дзеці з вялікім задавальненнем наведвалі яго рэпетыцыі. Маленькія артысты не раз выступалі на розных святах не толькі ў сваёй бібліятэцы, але і ў іншых бібліятэках раёна.
За сваю працоўную біяграфію Алена Барысаўна Палудніцына была ўзнагароджана юбілейным медалём “За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения Владимира Ильича Ленина”, ганаровай граматай за плённую працу ў сувязі з 50-годдзем Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі (1967), ганаровай граматай за актыўную і плённую працу ва ўстановах культуры ў сувязі з 50-годдзем Беларускай ССР і Кампартыі Беларусі (1969), ганаровай граматай за поспехі ў культурна-асветніцкай рабоце ў сувязі з выхадам на заслужаны адпачынак (1975).
17 мая Алена Барысаўна адсвяткавала свой 91-ы дзень нараджэння. Яе адданая праца бібліятэкара і сёння не забытая і з’яўляецца выдатным прыкладам для пераймання. Вялікі дзякуй, Алена Барысаўна, за прафесіяналізм, і моцнага Вам здароўя!
Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.