Зінаіда Іванаўна Сяргеева ўсё працоўнае жыццё прысвяціла бібліятэцы. Працоўны шлях яна пачала ў якасці бібліятэкара Грэскай сярэдняй школы Слуцкага раёна ў 1955 годзе. У 1958 працавала загадчыцай Андрэйчыкаўскай бібліятэкі, а затым Ульянавіцкай сельскай бібліятэкі. Некаторы час працавала інспектарам раённага аддзела культуры па культурна-асветніцкай рабоце, а з 1970 года Зінаіда Сяргеева была пераведзена загадчыцай Кляннікскай сельскай бібліятэкі Смалявіцкага раёна.
Зінаіда Іванаўна Сяргеева ўсё працоўнае жыццё прысвяціла бібліятэцы. Працоўны шлях яна пачала ў якасці бібліятэкара Грэскай сярэдняй школы Слуцкага раёна ў 1955 годзе. У 1958 працавала загадчыцай Андрэйчыкаўскай бібліятэкі, а затым Ульянавіцкай сельскай бібліятэкі. Некаторы час працавала інспектарам раённага аддзела культуры па культурна-асветніцкай рабоце, а з 1970 года Зінаіда Сяргеева была пераведзена загадчыцай Кляннікскай сельскай бібліятэкі Смалявіцкага раёна.
Кляннікская бібліятэка пад кіраўніцтвам Зінаіды Сяргеевай была адной з перадавых бібліятэк. Сапраўднай крыніцай ведаў называлі ў калгасе імя Купрыянава сельскую бібліятэку. І вясковы прапагандыст-агітатар, і калгасны рацыяналізатар, і школьнік мог знайсці тут неабходную літаратуру. А дапамагала ва ўсім бібліятэкар Зінаіда Іванаўна Сяргеева, чалавек захоплены сваёй працай, выдатны бібліёграф. Яна добра ведала кніжны фонд бібліятэкі, шчыра імкнулася давесці кнігу да кожнага чытача. Дзеля гэтага часта арганізоўвала кніжныя выставы, тэматычныя паліцы. Акрамя таго, Зінаіда Іванаўна рэгулярна вывешвала спісы рэкамендаванай для чытання літаратуры, наладзіла работу кніганош, арганізавала тры бібліятэчныя перасоўкі ў самых аддаленых вёсках калгаса. Кніжныя фонды ў такіх перасоўках аднаўляліся раз у квартал.
У 1972 годзе пад бібліятэку было выдзелена новае прасторнае памяшканне. Гэта дало магчымасць стварыць свабодны доступ да кніжных паліц. Не забывалася Зінаіда Іванаўна і пра папаўненне бібліятэчных фондаў: каля тысячы новых кніг было набыта толькі ў 1972 годзе.
Зінаіда Іванаўна выкарыстоўвала самыя розныя формы масавай работы з чытачамі бібліятэкі. Асаблівую ўвагу звяртала на распаўсюджванне сельскагаспадарчых ведаў. З гэтай мэтай у бібліятэцы афармляліся кніжныя выставы “У дапамогу паляводу”, “У дапамогу наватару” і інш., якія рэгулярна папаўняліся навінкамі навукова-папулярнай і метадычнай літаратуры.
Актыўна прапагандавала Зінаіда Іванаўна і эканамічныя веды. Работнікі калгаса, якія наведвалі кружок эканамічнай вучобы, без цяжкасцей знаходзілі ў бібліятэцы неабходную літаратуру. Спецыяльна для такіх чытачоў была зроблена картатэка “Эканамічныя веды – ў масы”, афармляліся кніжныя выставы, стэнды.
Бібліятэкар імкнулася шырока асвятляць справы роднага калгаса, ход сацыялістычных спаборніцтваў, паказвала вопыт работы лепшых работнікаў вёскі. Зінаіда Іванаўна перакананая, што галоўнае ў рабоце бібліятэкара не толькі работа для мас, а ў першую чаргу работа з масамі. Стэнды і выставы неабходныя, але значна большую карысць прыносіць работа бібліятэкара непасрэдна з чытачом. Менавіта таму Зінаіда Іванаўна часта праводзіла рознага кшталту мерапрыемствы, віктарыны, канферэнцыі чытачоў, абмеркаванні кніг. Бібліятэкар часта размаўляла з чытачамі пра здаровы лад жыцця і шкодныя звычкі.
Частымі гасцямі ў сельскай бібліятэцы былі спецыялісты гаспадаркі, агітатары, прапагандысты. Кожны знаходзіў тут не толькі неабходную літаратуру, але і кампетэнтную параду Зінаіды Іванаўны Сяргеевай. Шмат часу бібліятэкар прысвячала рабоце са школьнікамі, умела прапанаваць кнігу на любы чытацкі густ.
Зінаіда Іванаўна была паважаным чалавекам ў вёсцы. Яе партрэт быў размешчаны на раённай Дошцы гонару. Працоўную дзейнасць Зінаіда Іванаўна скончыла ў 1992 годзе і па сёння застаецца прыкладам выдатнай працы для работнікаў бібліятэк.
Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.
Фота з архіву бібліятэкі.