СТАРТ ДАЛІ “ЗАЖЫНКІ”

Мы    кожны  дзень ядзім  хлеб,  але нікому не   прыходзіла  ў   галаву думка, што гэта не проста  самы распаўсюджаны   прадукт, а   адно  з   найвялікшых цудаў   на  свеце.   І   даецца  ён  чалавеку   цаной вялікіх намаганняў. Хлеб  —  гэта   цяпло   роднага  дома, гэта мерка  чалавечых  каштоўнасцей, гэта стаўленне   чалавека   да самога сябе, да людзей,  якія    яго   вырошчваюць.

СТАРТ ДАЛІ “ЗАЖЫНКІ”

Мы    кожны  дзень ядзім  хлеб,  але нікому не   прыходзіла  ў   галаву думка, што гэта не проста  самы распаўсюджаны   прадукт, а   адно  з   найвялікшых цудаў   на  свеце.   І   даецца  ён  чалавеку   цаной вялікіх намаганняў. Хлеб  —  гэта   цяпло   роднага  дома, гэта мерка  чалавечых  каштоўнасцей, гэта стаўленне   чалавека   да самога сябе, да людзей,  якія    яго   вырошчваюць.

27 ліпеня на палявым стане  Рэспубліканскага дачэрняга прадпрыемства  “ЖодзінаАграПлемЭліта”  быў праведзены  абрад «Зажынкі», які  звычайна сімвалізуе пачатак уборкі збожжа. Загучалі  абрадавыя песні ў выкананні народнага фальклорнага калектыва “Жывіца” і народнага ансамбля песні “Вяжынка” і жанчыны, згодна старадаўняй традыцыі, пайшлі  з сярпамі зажынаць  першыя снапы са збажыны 2013 года. Гэта і прыкмета добрага ўраджаю, і традыцыя, якую ў раёне не парушаюць. Першы сноп звязала Ганна Антонаўна Шумская, якая сорак гадоў адпрацавала ў сельскай гаспадарцы і працуе да гэтага часу. Снапы новага ўраджаю былі  ўручаны  старшыні   раённага   выканаўчага камітэта  Міхаілу Гаўрылавічу Загорцаву, яго намесніку Вячаславу Мікалаевічу Лапатку, дырэктару РДП «ЖодзінаАграПлемЭліта» Анжаліцы Пятроўне Гушчэня.

  — Вось і прыйшла пара ўборкі хлеба — вянец працы ўсіх хлебаробаў, — вітаў прысутных Міхаіл Гаўрылавіч. —  Вырасла неблагое збожжа і я ўпэўнены, што, нягледзячы ні на якую непагадзь, з такой гвардыяй сапраўдных працаўнікоў, мы своечасова ўбяром добры ўраджай. Я жадаю ўсім занятым на ўборцы моцнага здароўя, міра ў сем’ях, дабрабыту і поспехаў. 

  Пачэснае права падняць дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена пераможцам “Жніва-2012” – старэйшаму камбайнеру дзяржаўнага прадпрыемства “ЖодзінаАграПлемЭліта” Фёдару Аляксандравічу Бацяноўскаму і вадзіцелю адкрытага акцыянернага таварыства “Смалявіцкі райаграсервіс”  Уладзіміру Міхайлавічу Ходасу.

З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнулася Анжаліка Пятроўна Гушчэня.

  Вопытны камбайнер Фёдар Аляксандравіч Бацяноўскі падзякаваў за забеспячэнне добрых умоў працы і ад імя сваіх калег заверыў, што  экіпажы камбайнаў і вадзіцелі на адвозцы зробяць усё магчымае, каб не пакінуць зярнят на полі і не страціць іх пры транспарціроўцы.

Па праваслаўнай традыцыі на свяце прысутнічалі святары, якія  благаславілі  хлебаробаў  на  добрую працу, добрае надвор’е і жніво, а потым   акрапілі  іх і тэхніку  свячонай  вадой. 

Мне ўдалося падыйсці да пераможцаў “Жніва-2012”, павіншаваць іх  і задаць некалькі пытанняў.

— Уладзімір Міхайлавіч, зразумела, што галоўнае для ўсіх хлебаробаў – гэта сабраць збожжа хутка і без страт, але дух спаборніцтва ўсё ж ёсць? Які настрой у вас на гэты год?

— Канкурэнты моцныя, бо маладыя (смяецца), усе хочуць выйсці ўперад, — кажа вадзіцель. – Я, канечне, буду працаваць добрасумленна, але не пакрыўджуся, калі хтосьці іншы займе першае месца. Трэба маладым хлопцам даваць магчымасць адчуць сябе на вышыні.

  А малады камбайнер ДП “ЖодзінаАграПлемЭліта” Міхаіл Сяргеевіч Сабалеўскі, які ўжо трэці год працуе на ўборцы, на маё пытанне аб тым, якія ў яго планы адносна спаборніцтва, адказаў: “У мінулым годзе вынікі маёй работы былі добрыя, але сёлета я прыкладу яшчэ больш намаганняў, бо планую заняць прызавое месца”. Што ж, будзем спадзявацца!

Шмат узнёслых і добрых слоў прагучала ў гэты дзень у адрас хлебаробаў, але ў кожным пажаданні быў заключаны адзін і той жа сэнс: хлеб – найкаштоўнае зямное багацце, жніво – гарачая пара. Старт “Жніву – 2013” далі,  пасля якога моцныя і працавітыя рукі хлебаробаў павялі  камбайны ў жытнёвае мора. Першым на збажыну вывеў сваю магутную тэхніку камбайнер Фёдар Аляксандравіч Бацяноўскі са сваім памочнікам Дзмітрыем Міхайлавічам Лапарэвічам.

Важкіх вам намалотаў, працаўнікі- хлебаробы Смалявіччыны! Як кажуць, блаславі, Божа, жыта зжаці і надвор’е добрае даці!   У добры шлях!

Наталля МЯХЕДКА.

На здымку: першыя снапы – кіраўніцтву раёна. 

Фота А.ВАЛАДЗЬКО.

Подробную информацию читайте в номере 175 – 176  от 31.07.2013 г.