Kожны з нас мае любімую справу, якой аддае кожную хвілінку вольнага часу. Нехта захапляецца музыкай, нехта добра спявае ці вырошчвае кветкі. А калі знаходзіцца той, хто арганізуе вакол сябе аднадумцаў, то з’яўляецца аматарскае аб’яднанне, дзе прасцей за ўсё рэалізаваць свае творчыя магчымасці. Такія аб’яднанні ў маі сабраў Забалацкі сельскі Дом культуры на ІІ  раённы агляд-конкурс аматарскіх аб’яднанняў “У краіне інтарэсаў”.

Кожны з нас мае любімую справу, якой аддае кожную хвілінку вольнага часу. Нехта захапляецца музыкай, нехта добра спявае ці вырошчвае кветкі. А калі знаходзіцца той, хто арганізуе вакол сябе аднадумцаў, то з’яўляецца аматарскае аб’яднанне, дзе прасцей за ўсё рэалізаваць свае творчыя магчымасці. Такія аб’яднанні ў маі сабраў Забалацкі сельскі Дом культуры на ІІ  раённы агляд-конкурс аматарскіх аб’яднанняў “У краіне інтарэсаў”.

Відавочна, што колькасць аматарскіх аб’яднанняў на Смалявіччыне павялічваецца: у 2005 годзе іх было 17, а зараз ужо 28. Кожная сустрэча гэтых захопленых сваёй справай людзей пераўтвараецца ў свята. Святочная атмасфера панавала і ў зале Забалацкага СДК. Акрамя шматлікіх гледачоў, за дзеяй на сцэне з цікаўнасцю назіралі члены журы, сярод якіх былі дырэктар аранізацыйна-метадычнага цэнтра Вольга Іванаўна Барысенка, вядучы спецыяліст аддзела культуры Наталля Аляксееўна Пашукевіч, дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Святлана Віктараўна Чырваненка.

Восем калектываў прадставілі свае творчыя выступленні на сцэне, яшчэ пяць ўдзельнікаў агляду-конкурсу – клубы традыцыйнай культуры – прэзентавалі сябе, зрабіўшы выставы.

Першым выступіў клуб “Залаты ўзрост”, створаны на базе Смалявіцкага гарадскога Дома культуры ў 2003 годзе. Удзельнікі гэтага клуба выкарыстоўваюць такія формы работы як калядныя пасядзелкі, агеньчыкі, бяседы. На конкурс “Залаты ўзрост” прывёз байкі, аўтарскія вершы , а таксама імправізаваныя сцэнкі. Клуб сталых людзей “Ветэран” Смалявіцкага раённага цэнтра рамёслаў існуе з 2001 года. У яго складзе каля 40 чалавек – ветэранаў вайны і працы. Удзельнікі калектыву ў конкурсным выступленні падрабязна расказалі пра сваю дзейнасць і пераканалі прысутных – яшчэ рана спісваць у “запас” ветэранаў, а іх вопыт і веды запатрабаваныя ў грамадстве.

Дэвіз аматарскага аб’яднання “Настальжы” Арэшніцкага СДК : “З песняй па жыцці”. Выступленне аб’яднання цалкам падцвердзіла гэты дэвіз: самыя розныя, але аднолькава душэўныя і шчырыя, песні гучалі на працягу ўсяго выступлення клуба. Аматарскае аб’яднанне “Нам гады не бяда” Забалацкага СДК прадэманстравалі яркае выступленне, прадставіўшы кожнага з удзельнікаў калектыву. Сапраўды, яркія і разнабакова таленавітыя асобы сабраліся ў гэтым клубе.

Клуб сталых людзей “Душой маладзеючы” Усяжскага СДК таксама парадавалі гасцей конкурса песнямі і частушкамі, якія выконвалі , як прызналіся самі аматары, не для славы, а для душы. Займальным атрымалася выступленне клуба “У коле сяброў” СДК п. Усяж: жартаўлівая гісторыя з сямейнага жыцця стала не толькі цікавай імправізацыяй, але і павучальнай парадай для маладога пакалення. Цікавае прадстаўленне дзіцячага клуба “Марыша” Зялёнаборскага СДК упэўніла: можна паспяваць добра вучыцца і адначасова займацца любімай справай. Дзейнасць клуба маладой сям’і “Талака” таго ж Дома культуры была прадстаўлена аповедам пра самыя розныя напрамкі дзейнасці, сярод якіх турпаходы, сумесная творчая дзейнасць, складанне сямейнага радавода і іншае.

Пакуль журы падлічвала балы і вызначала пераможцаў, госці конкурсу мелі магчымасць паглядзець мультымедыа прэзентацыю з выставамі умельцаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Граматы за ўдзел у конкурсе атрымалі ўсе творчыя аб’яднанні. Пераможцамі сталі калектывы “Нам гады не бяда” (Забалацкі СДК), “Марыша” (Зялёнеборскі СДК), “У коле сяброў” (СДК п. Усяж), а таксама фізкультурна-аздараўленчае аб’яднанне “Морж” (Чырванасцяжскі СК). У заключным звароце да канкурсантаў і гледачоў Вольга Іванаўна Барысенка нагадала, што дзверы клубаў і Дамоў культуры заўсёды адчынены для наведвальнікаў, і запрасіла ўсіх жадаючых збірацца і ствараць новыя творчыя калектывы.

Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.

На здымках: 1 – выступленне клуба “Залаты ўзрост”; 2 – на сцэне Забалацкага СДК юныя ўдзельнікі клуба “Марыша”; 3 – яркае прадстаўленне аматарскага аб’яднання “Нам гады не бяда”.

Фота аўтара.

Информацию читайте в номере 122 – 123  от 1.06.2011 г.