У гэтым годзе вяскоўцы Беларусі вырасцілі багаты ўраджай — больш за 8 мільёнаў тон збожжа. У рамках Рэспубліканскага фестывалю-ярмаркі працаўнікоў сяла “Дажынкі – 2011”, які прайшоў 30 верасня – 1 кастрычніка ў Маладзечне, пераможцам былі ўручаны ганаровыя дыпломы, каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі. Лепшыя хлебаробы вярнуліся з “Дажынак” з узнагародамі, падарункамі і незабыўнымі ўражаннямі.

 

У гэтым годзе вяскоўцы Беларусі вырасцілі багаты ўраджай — больш за 8 мільёнаў тон збожжа. У рамках Рэспубліканскага фестывалю-ярмаркі працаўнікоў сяла “Дажынкі – 2011”, які прайшоў 30 верасня – 1 кастрычніка ў Маладзечне, пераможцам былі ўручаны ганаровыя дыпломы, каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі. Лепшыя хлебаробы вярнуліся з “Дажынак” з узнагародамі, падарункамі і незабыўнымі ўражаннямі.

Сярод аграрыяў, што прадстаўлялі на фестывалі Міншчыну, былі  вадзіцелі ААТ “Смалявіцкі райаграсервіс” Уладзімір Міхайлавіч Ходас і ПСУП “Азярыцкі-Агра” Юрый Леанідавіч Тароцька. Такая ганаровая місія выпала ім невыпадкова — яны занялі трэція месцы ў рэспубліканскім спаборніцтве сярод вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня (У.М.Ходас) і перавозцы зялёных кармоў (Ю.Л.Тароцька). Уладзімір Міхайлавіч на аўтамашыне МАЗ-555102 грузападымальнасцю 10 тон перавёз 3791 тону зерня ў фізічнай вазе.

— Такога мне ніколі не забыць! Уражанні застануцца на ўсё жыццё! – дзеліцца Ходас. – Маладзечна вельмі прыгожы горад. Цёплыя словы ў адрас працаўнікоў вёскі пачуў з вуснаў Прэзідэнта краіны. Як і многія прысутныя, па ўзнагароду — тэлевізар — уздымаўся на галоўную фестывальную сцэну. Свята было ўзнёслае і радаснае. Прыемна было сустрэцца з калегамі з іншых раёнаў і абласцей, пагутарыць пра працу, пра жыццё.

З У.М.Ходасам мы сустрэліся на кукурузным полі. “Дажынкі” адшумелі, а працы ў сельскіх жыхароў яшчэ шмат. Раз за разам высокія барты МАЗа Ходаса напаўняюцца зялёнай масай і перадавік зноў моцна трымаецца за баранку, перавозячы кармы да месца складзіравання.

А вось што казала перад паездкай у Маладзечна карэспандэнту “Мінскай праўды” дырэктар ПСУП “Азярыцкі – Агра” Ніна Вікенцьеўна Жалязнова, якая таксама была ў складзе шматлікай дэлегацыі Мінскай вобласці:

— Настрой вельмі радасны, бо столькі працавітых, прыгожых і шчырых людзей прымае ўдзел у рэспубліканскіх «Дажынках». Для мяне гэтае свята, як Новы год: вельмі старанна да яго штогод рыхтуюся. Увогуле лічу, што хлебароб, селянін, вясковец — самы ганаровы чалавек на зямлі.

Адчуваю вялікі гонар і за сваю гаспадарку. Тым больш, што ўдзел у свяце прымае наш вадзіцель Юрый Тароцька, які вызначыўся на перавозцы кармоў. Зусім нямнога не хапіла нашаму маладзёжнаму экіпажу, каб перамагчы. Ён быў у лідарах усю ўборку, але ў апошні момант Стаўбцоўскі раён нас крыху апярэдзіў. Тым не менш мы рады вынікам. У гэтым годзе наша гаспадарка атрымала самы высокі паказчык па валавому збору збожжа за ўсю сваю гісторыю. Мы намалацілі амаль 14 тысяч тон. Сярэдняя ўраджайнасць склала 44,7 цэнтнера з гектара.

У наступным годзе рэспубліканскае свята працаўнікоў сяла будзе праходзіць у горадзе Горкі Магілёўскай вобласці. Упэўнены, што і на “Дажынках – 2012” у дэлегацыі Мінскай вобласці будуць хлебаробы са Смалявіцкага раёна.

Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.

На здымках: Н.В.Жалязнова, У.М.Ходас.

Фота з газеты “Мінская праўда” і Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.

Информацию читайте в номере 232 – 235  от 8.10.2011 г.