Пра сваё жыццё Ларыса Уладзіміраўна распавяла наступнае.
“Нарадзілася я ў вёсцы Слабада ў 1934 годзе, у шматдзетнай сям’і, дзяцей было дзевяць. Жылі бедна, памятаю, што ўвесь час хацелася есці. Мы, дзеці, лавілі шкварачкі з супа, абліжам — і ў жменьку. Потым пасёрбаем суп, выйдзем з-за стала і лічым, хто больш шкварачак злавіў. І гэтыя шкварачкі, нам здавалася, былі самым смачным пачастункам у свеце. Зазначу, што бацьку ў сям’і ўсе паважалі і слухаліся.
Пра сваё жыццё Ларыса Уладзіміраўна распавяла наступнае.
“Нарадзілася я ў вёсцы Слабада ў 1934 годзе, у шматдзетнай сям’і, дзяцей было дзевяць. Жылі бедна, памятаю, што ўвесь час хацелася есці. Мы, дзеці, лавілі шкварачкі з супа, абліжам — і ў жменьку. Потым пасёрбаем суп, выйдзем з-за стала і лічым, хто больш шкварачак злавіў. І гэтыя шкварачкі, нам здавалася, былі самым смачным пачастункам у свеце. Зазначу, што бацьку ў сям’і ўсе паважалі і слухаліся.
…Калі пачалася вайна, галаву нашай сям’і пазвалі ў ваенкамат, а праз тры дні адпусцілі. Ніхто не разумеў, чаму. А ён гаварыў: “Сказалі паклічуць, калі трэба будзе». Гэта я цяпер разумею, чаму яго не забралі на фронт. Ён у нас быў вельмі добрым кавалём. Яго пакінулі, каб ён каваў партызынам патрэбныя рэчы: падковы для коней, для падвод калёсы… А мы, малыя, усіх партызан у вочы ведалі, бо бацьку дапамагалі горн качаць. Партызаны амаль кожны тыдзень ад станцыі “Калодзішчы” да станцыі “Слабада” ўзрывалі чыгунку. Ад злосці немцы пачынаюць страляць па лесе, а вёска наша побач з ім. Страшна было вельмі. Потым немцы злыя, як чэрці, пачынаюць шукаць партызан па вёсках. А партызаны нападаюць на іх з тылу. Немцы варочаюцца назад. І так кожны тыдзень.
…Пабраліся шлюбам з ганчароўскім хлопцам, так усё жыццё і пражылі ў вёсцы Ганчароўка. Нарадзіла я двух сыноў і дачку. Зараз яны жывуць у Мінску. Цяпер праводжу ў дзяцей доўгую зіму. Працавала некалі на трактарным заводзе. Рана пайшла на пенсію па так званай “гарачай сетцы”. А каб атрымаць кватэру ў сталіцы, пайшла працаваць у ЖЭС прыбіральшчыцай. У медыцынскім вучылішчы, дзе я працавала, праводзіўся аднойчы конкурс на лепшую гаспадыню. Я спякла каравай, расказала пра яго верш, спела песню. Усім спадабалася, як я спяваю. Запрасілі ў песенны гурток. Я згадзілася. А потым наведвала яшчэ чатыры гурткі, ездзіла з імі выступаць. Выступалі больш на месцы, сярод сваіх. З работы адпускалі. Прыбягу, прыбяру і хутчэй на рэпетыцыі…
Аднойчы мы выступалі на адной пляцоўцы з народным ансамблем «Дударыкі». У той час ён быў вядомы далёка за межамі нашай краіны, вельмі папулярны. У яго склад уваходзілі трыццаць таленавітых дзяцей, пятнаццаць мужчын-гарманістаў і столькі ж жанчын-спявачак з народа. Я ведала вельмі шмат песень, якія пела мне мая бабуля. Кіраўнік ансамбля прапанаваў мне выступаць разам з імі. Вось з гэтым ансамблем мне давялося пабываць у многіх краінах: у Германіі, Польшчы, Іспаніі…
Запомніліся нашы людзі, якія выехалі з СССР у Германію. Яны ўсюды ездзілі за намі, прысутнічалі на ўсіх нашых канцэртах. А калі мы ад’ язджалі — плакалі. Той час быў часам дэфіцытаў. Памятаю, мы куплялі алей і цукар дадому і былі ад гэтага вельмі шчаслівыя. А эмігранты з СССР нам гаварылі: «Вы так цяжка жывяце, у вас нават няма ў продажы асноўных прадуктаў харчавання. А вы спяваеце! Ды яшчэ як спяваеце!». А мы не адчувалі сябе няшчаснымі. Наадварот, мы шкадавалі іх, бо мы жывём на сваёй зямлі, гаворым на сваёй роднай мове, спяваем песні сваіх бацькоў, а яны жывуць на чужыне”.
Вось такая яна, Ларыса Уладзіміраўна Мультан, жыхарка вёскі Ганчароўка, у асобе якой увасоблены талент і сціпласць. Па сённяшні час спявае жанчына песні сваіх продкаў, распавядае байкі і праз іх даводзіць да нас, больш маладзейшых аднавяскоўцаў, мудрасць народную. Пакуль жывуць такія людзі, не высахнуць крынічкі культуры нашай роднай старонкі.
Мы дзякуем Ларысе Уладзіміраўне за яе ўнёсак у развіццё народнай творчасці і зычым ёй здароўя, доўгіх-доўгіх гадоў жыцця і новых выступленняў.
Л.Цыбранкова,
загадчыца СДК
вёскі Арэшнікі,
В.КавалЕВІЧ,
мастацкі кіраўнік.