(Аб ваенным дзяцінстве ўспамінаюць жыхаркі в.Арэшнікі)
У дзень трагічнай юбілейнай даты,70-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, жыхары вёскі Арэшнікі сабраліся ля помніка, дзе пахаваны іх землякі, на мітынг-рэквіем “Помнім, смуткуем…”
(Аб ваенным дзяцінстве ўспамінаюць жыхаркі в.Арэшнікі)
У дзень трагічнай юбілейнай даты,70-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, жыхары вёскі Арэшнікі сабраліся ля помніка, дзе пахаваны іх землякі, на мітынг-рэквіем “Помнім, смуткуем…”
Прыгадалі ўсіх аднавяскоўцаў, якія не вярнуліся з вайны, загінуўшых партызан… Усклалі кветкі. Ніна Паўлаўна Скачко, мясцовая жыхарка, прачытала свае вершы пра падзеі ваенных і пасляваенных гадоў.
А потым сабраліся жанчыны ў клубе, каб расказаць, якія ўспаміны пра вайну захавала іх памяць.
(З ўспамінаў Яугеніі Аляксандраўны Кашэль)
На пачатак вайны мне было сем год. Пра вайну нашы людзі даведаліся на сходзе. Вестка аб тым, што пачалася вайна, разнеслася па вёсцы хутка. Праз пару дзён немцы ўжо ехалі на танках, а мы, дзеці, бегалі глядзець на іх. Яны кідалі нам цукеркі, мы іх збіралі і елі. А на той час немцы ўжо бамбілі Мінск.
Пазней мы добра засвоілі, што такое вайна. Вёску нашу палілі два разы. Памятаю, як ускокваюць гітлераўцы ў хату, хуценька пырскаюць гаручым, кідаюць запалкі… І хата гарыць, як свечка. Добра, што дзверы былі адчыненыя і мы паспелі выскачыць…
Запомнілася мне сукенка, якую мая мама пашыла са старых мяхоў з-пад бульбы…
Яшчэ, вельмі добра памятаю твар таго немца, які мяне біў так, што амаль не забіў да смерці. Яго я пазнала б і сёння… Немцы прыехалі ў вёску забіраць свіней. Мама кажа мне: “Гані хуценька, дачушка, свіней муражынкай. Гані далей, можа не дагоняць!” . Дагналі. А потым білі. Білі і мяне, і маму…
Вельмі запомніўся такі дзень. З боку рэмзавода ехалі нямецкія танкі. Мы выскачылі з хаты, схаваліся ў барозны. Але немцы хутка праехалі на Мінск, нас не чапалі. Крыху пазней нехта крыкнуў: “Нашы!.” І мы ўбачылі танкі з зорачкамі на баку. На адным з іх ехаў наш вясковец Крэс. Ён яшчэ памахаў нам рукой. Так да нас у вёску прыйшла перамога…
(З успамінаў Веры Сідараўны Хмяльніцкай)
Помню, мама паліла ў печы. Зайшлі немцы. Пырснулі нечым па хаце, кінулі запалкі на ікону, і ўсё загарэлася. Яшчэ помню голад, увесь час хацелася есці, і працу. Працавалі многа і вельмі цяжка. І немцаў помню, якія заходзяць ў хату: “Матка, яйка, шпэк!”…
(З успамінаў Ніны Іванаўны Хмяльніцкай)
На пачатак вайны мне было 13 год. Жылі мы ў вёсцы Ганчароўка. Перад гэтым у вёсцы быў пажар. Пагарэла шмат хат, згарэлі Курэйчыкі, Міхалевічы, Зылі, Крачкоўскія… Дашкевіч палез у склеп з лучынай. Ад той лучыны і ўзнік гэты пажар…Мама пашкадавала пагарэльцаў: “Ідзіце да нас жыць. Адны міскі, адны талеркі, усім хопіць”. Назаўтра пачалася вайна. Жэнька, хата якой згарэла, стала каля каліткі, паклала на яе рукі, на рукі галаву і кажа: “Дзякуй Богу, усе будуць гараваць, не толькі мы…”. Усіх мужчын забралі і пагналі на вайну. Тата з яе не вярнуўся. Помню, як вярнуўся мой дзядзька і кажа: “Нінка, твой тата памёр у мяне на руках…”
Помню голад. Хлеб пяклі з мякіны (адходы з ільну). А яшчэ рабілі так: дралі ліст ліпы, сушылі, таўклі, дабаўлялі драныя пышкі (мёрзлая бульба пасля зімы на полі) і выпякалі.
А якія смачныя былі бліны з гэтай мёрзлай бульбы! Асабліва калі з малачком…
В.Ф. КАВАЛЕВІЧ, мастацкі кіраунік СДК в.Арэшнікі.
Подробную информацию читайте в номере 158 – 159 от 13.07.2011 г.