Паважаная рэдакцыя! Праз вашу газету я хачу павіншаваць Зою Мікалаеўну Хаванскую з 60-годдзем. Зоя Мікалаеўна нарадзілася у 1958 годзе на Уздзеншчыне. Разам з бацькамі яна зведала ўсе цяжкасці жыцця ў сельскай мясцовасці, з самага маленства дапамагала ім па гаспадарцы. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, а вучыцца давялося ў школе-інтэрнаце, бо іншай школы паблізу не было, Зоя Саладуха (дзявочае прозвішча) паехала ў Мінск, вывучылася там на прадаўца. Па гэтай спецыяльнасці яна працавала да самай пенсіі.
Неўзабаве яна сустрэлася з будучым мужам Рыгорам Іванавічам і стала Хаванскай. За доўгае сумеснае жыццё, а разам яны ўжо больш за 35 гадоў, нарадзілі дваіх дзетак – сына Аляксандра і дачку Святлану. А цяпер ужо багатыя і на ўнукаў, якіх чацвёра. Унукі вельмі любяць сваю бабулю і шчыра радуюцца кожнай сустрэчы.
Зоя Мікалаеўна і сёння працуе, дапамагае гадаваць унукаў. Жадаем Зоі Мікалаеўне моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, спакою ў доме, дабрабыту і ўсяго самага найлепшага.
Рыгор ХАЦКЕВІЧ, в.Дулічы Мінскага раёна.