Добры дзень, паважаная рэдакцыя газеты “Край смалявіцкі”! Напісаць вам мяне прымусіла жыццёвая сітуацыя. Спадзяюся, што вы звернеце ўвагу на маё пісьмо, бо куды мы ні звярталіся, ніякага толку няма вось ужо больш за дзесяць гадоў.
Добры дзень, паважаная рэдакцыя газеты “Край смалявіцкі”! Напісаць вам мяне прымусіла жыццёвая сітуацыя. Спадзяюся, што вы звернеце ўвагу на маё пісьмо, бо куды мы ні звярталіся, ніякага толку няма вось ужо больш за дзесяць гадоў.
Скардзіцца на жыццё не ў маёй звычцы, але кожнаму цярпенню прыходзіць некалі канец. Тым больш, што справа тычыцца не толькі маёй асобы.
Але пачну па парадку. 13 гадоў таму ў нашай вёсцы Забалоцце Смалявіцкага раёна па вуліцы Купрэйчыка вырашылі перанесці воданапорную вежу з аднаго месца на другое, метраў за 300 вышэй. Гэта, зразумела, нічога асаблівага. Але ж, калі яе пераносілі, “адрэзалі” ад яе некалькі метраў. У выніку – вежа зрабілася намнога ніжэй. Я не ведаю, для чаго гэта было зроблена. Можа, цяжка было ўсталяваць гэтую “грамадзіну”, а можа, паспадзяваліся, што вады і гэтак хопіць на ўсю вуліцу…
З цягам часу вуліца пачала забудоўвацца, праводзілі вяскоўцы ваду да сваіх хат. З таго самага часу і пачаліся нашы пакуты. Калі вежа працуе на меншай напрузе – вады на ўсіх не хапае. Калі ж уключаюць на поўніцу – вада залівае ўсё навокал, разам з тым – і маю гаспадарку, бо жыву я побач.
І вось так ўжо больш за дванаццаць гадоў. Куды мы толькі не звярталіся: і ў сельскі Савет, у ЖКГ горада Смалявічы. Ніякага выніку… Прыедуць, нешта паглядзяць, паскардзяцца, што грошай няма на дэталі, яшчэ на нешта іншае… і ўсё застаецца, як было. У выніку безгаспадарчасці ўжо некалькі разоў мянялі матор. Скажыце, ці можа матор працаваць доўга, калі пастаянна заліваецца вадой зверху? Мы, мясцовыя жыхары, не супраць збіраць грошы на матор і іншыя дэталі. Але ж – калі толкам рабіць, па-гаспадарску.
Разам з тым, гады з два таму пабудавалі новую вялікую воданапорную вежу вышэй нашай вуліцы. Спадзяваліся, што старую вежу адключаць, а новая вырашыць усе нашы праблемы. Але марна.
…Калі ў школе я знаёмлю вучняў з Дэкрэтам Прэзідэнта нашай краіны аб эканоміі і беражлівасці (безумоўна, гаворка ў ім тычыцца непасрэдна і вады, і энергіі), у думках маіх міжволі паўстае тая вежа з вечным вадападам… Калі я раблю заўвагу вучню, што ён не моцна закруціў кран – мне робіцца сорамна за нас, дарослых, якія не зважаюць на ўсе дэкрэты, дзяржаўныя праблемы, дзяржаўныя грошы…
Але ж, трэба яшчэ сказаць, што мінулай восенню работнікі ЖКГ нас, мясцовых жыхароў, добра павесялілі. За дванаццаць гадоў у іх знайшліся грошы, але не на рамонт вежы, а на… металічную агароджу вакол яе. Ды толькі не зразумела, ад чаго яны адгарадзіліся? Мо, думалі, што тым ваду затрымаюць? Але ж вада – цячэ. А з ёю – дзяржаўныя грошы і мае слёзы…
Ганна ГІРЭЕВА, жыхарка вёскі Забалоцце.