Набліжаецца вялікае свята для ўсіх нас — 65 год перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне. З кожным годам ўсё менш застаецца людзей, хто набліжаў сваімі гераічнымі ўчынкамі час Перамогі. Наш святы абавязак — шанаваць, клапаціцца аб тых, жывых, якія не шкадавалі сябе дзеля Перамогі.
Набліжаецца вялікае свята для ўсіх нас — 65 год перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне. З кожным годам ўсё менш застаецца людзей, хто набліжаў сваімі гераічнымі ўчынкамі час Перамогі. Наш святы абавязак — шанаваць, клапаціцца аб тых, жывых, якія не шкадавалі сябе дзеля Перамогі.
Ёсць такі чалавек, які жыве побач з намі — вучнямі 10 класа Зелёнаборскага НПК дзіцячы сад / сярэдняя школа. Гэта — наша падшэфная, жыхарка вёскі Астравы Станіслава Іосіфаўна Пётух. Пра яе — вельмі сціплую жанчыну — мы вырашылі расказаць у сваім лісце на адрас рэдакцыі раённай газеты.
Станіслава Іосіфаўна нарадзілася ў 1924 годзе ў вёсцы Астравы, працавала ў мясцовым калгасе. Зараз — на пенсіі, жыве адна. Шэсць гадоў мы дапамагаем жанчыне весці яе, — няхай невялікую, — гаспадарку. Рыхтуем на зіму дровы, капаем агарод, прыбіраем у двары.
Шмат чаго мы, вучні, даведаліся за гэты час ад нашай падшэфнай. Менавіта ад Станіславы Іосіфаўны мы ведаем пра жорсткі лёс партызанскай сям’і Кавэцкіх, якія былі спалены нямецкімі карнікамі. Помнік гэтай сям’і з’яўляецца святыняй для кожнага жыхара пасёлка Зялёны Бор. Распавядала Станіслава Іосіфаўна і пра асабісты свой лёс.
У час Вялікай Айчыннай давялося ёй ў ліку іншых юнакоў і дзяўчат трапіць на прынудныя работы ў Германію. Жанчына шмат распавядае нам пра тое, як цяжка было развітацца з роднымі людзьмі, мясцінамі, бо ніхто ж з моладзі не ведаў, ці давядзецца ўбачыць усё гэта зноў… Пра часы нямецкага рабства, пра тое, што сустракаліся і сярод немцаў людзі, якія шкадавалі іх, савецкіх дзяўчат і юнакоў… Цяжка ёй даюцца ўспаміны пра тыя пакуты, нястачы, холад і голад…
Не сакрэт, што пасля вызвалення лёс раскідаў шматлікіх былых нямецкіх рабоў па розных краінах свету. Але Станіслава Іосіфаўна вярнулася ў сваю родную вёсачку, у «свой родны кут», як яна гаворыць. Бо ні адна з краін не здолела б замяніць ёй родную Беларусь.
Слухаем мы ўспаміны сталай жанчыны, бачым слёзы на яе вачах і разумеем, што няма для чалавека нічога лепшага за той куток, дзе ён нарадзіўся, дзе прайшло яго маленства, юнацтва, дзе жывуць яго родныя і сябры…
Вось так наша паважаная Станіслава Іосіфаўна прывівае нам любоў да Радзімы. Хоць няма ў яе патрэбнай адукацыі і ведаў, робіць яна гэта сваім уласным прыкладам — сваім жыццём.
Нам заўсёды прыемна сустракацца з нашай падшэфнай. Нягледзячы на ўзрост, Станіслава Іосіфаўна ведае ўсіх нас па імёнах, ведае нашых бацькоў, бабуль і дзядуль. Заўсёды цікавіцца нашым жыццём, нашымі справамі, а іншым часам можа даць і патрэбную параду.
А нядаўна Станіслава Іосіфаўна адзначыла свой юбілей — ёй споўнілася 85 гадоў.
Просім праз вашу газету павіншаваць яе з гэтым святам, пажадаць здароўя на доўгія гады. Як добра, што такія людзі жывуць побач з намі.
З юбілеем Вас, паважаная Станіслава Іосіфаўна!
Вучні 10 класа ДУА «Зелёнаборскі НПК дзіцячы сад/сярэдняя агульнаадукацыйная школа».