Адной са старонак святочнага мерапрыемства стала ўрачыстае адкрыццё абноўленага будынка Смалявіцкага аддзела загс. Сёлета спаўняецца 100 гадоў з часу заснавання рэспубліканскай службы рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. Ідучы да такога юбілею і рыхтуючыся да абласной урачыстасці, проста нельга было пакінуць без увагі гэтую ўстанову, дзе адбываюцца самыя важныя для кожнага чалавека падзеі ў жыцці – заключэнне шлюбу, рэгістрацыя нованароджаных і г.д.
У 14 гадзін дня на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, на Цэнтральнай плошчы горада, пачалася ўрачыстая цырымонія абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2017”. Прыняць удзел у абласным свяце хлебаробаў, акрамя дэлегацый з рэгіёнаў Мінскай вобласці, прыехалі прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і грамадскіх арганізацый, дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, члены Мінскага аблвыканкама, кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў, арганізацый-інвестараў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама і многія іншыя госці.
З далёкай даўніны на Беларусі чаканым і жаданым святам былі асеннія кірмашы, на якія з усёй акругі ехалі гаспадары з вырашчаным ураджаем, рамесніцкімі вырабамі, ласункамі і самымі рознымі іншымі таварамі, а пакупнікі спадзяваліся на дыхтоўныя абновы і патрэбныя набыткі. Не абыходзілася без песень і танцаў, забаў і цікавых сустрэч.
Жыве старажытная традыцыя і да сённяшняй пары, толькі напоўнена яна ўжо сучасным зместам, галоўнае ў якім — аддзячыць руплівым рукам за працоўныя здабыткі і напоўненыя залатым зернем засекі, ушанаваць усіх, хто сеяў, даглядаў і ўбіраў хлеб.
Абласныя “Дажынкі” праводзіліся раней ў Нясвіжы, Маладзечне, Вілейцы, Лагойску, Слуцку. У гэтым годзе абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі - 2017” у горадзе Смалявічы сабраў пераможцаў жніва з усёй Мінскай вобласці. А да свята Смалявічы рыхтаваліся амаль усё лета і пачатак восені – прыводзілі ў парадак тэрыторыі, тратуары, асфальтавалі вуліцы, абнаўлялі фасады будынкаў. Гаспадарам актыўна дапамагалі ў гэтай справе будаўнікі з іншых раёнаў вобласці. І горад прыемна змяніў аблічча – папрыгажэў, памаладзеў, нібы ў святочнае адзенне ўбраўся.