Вядома ж, калі праектанты выбіралі месца для будаўніцтва новага малочнатаварнага комплексу (МТК) ў Прыватным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Азярыцкі – Агра”, яны ніяк не думалі пра тое, як — “смачна” ці “нясмачна” — будзе гучаць назва пабудаванага аб’екта. Месца вызначалася па зусім іншых параметрах: зручнасці пад’язных шляхоў, экалагічнай бяспецы, наяўнасці працоўных рэсурсаў, кармавой базы і інш. І вызначыліся з пляцоўкай на пагорку паблізу вёскі Вішня, якая, па шчаслівай выпадковасці, дала такую ўдалую, апетытна-рамантычную назву комплексу.
Вядома ж, калі праектанты выбіралі месца для будаўніцтва новага малочнатаварнага комплексу (МТК) ў Прыватным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Азярыцкі – Агра”, яны ніяк не думалі пра тое, як — “смачна” ці “нясмачна” — будзе гучаць назва пабудаванага аб’екта. Месца вызначалася па зусім іншых параметрах: зручнасці пад’язных шляхоў, экалагічнай бяспецы, наяўнасці працоўных рэсурсаў, кармавой базы і інш. І вызначыліся з пляцоўкай на пагорку паблізу вёскі Вішня, якая, па шчаслівай выпадковасці, дала такую ўдалую, апетытна-рамантычную назву комплексу.
Напярэдадні прафесійнага свята ўсіх работнікаў АПК мы, разам з намеснікам дырэктара ПСУП “Азярыцкі – Агра” па ідэалагічнай рабоце Юліяй Барысаўнай Ігнатовіч, пабывалі ў “Вішні”. Яшчэ на пад’ездзе да вытворчага аб’екта ўразіліся чысцінёй і парадкам на прылягаючай тэрыторыі. Не сапсаваліся ўражанні і непасрэдна на комплексе: паўсюдна тут чысцюткі асфальт, бетон, зялёны яшчэ, нягледзячы на сярэдзіну лістапада, газон, акуратныя, сучасныя будынкі — нічога лішняга. Юлія Барысаўна падкрэсліла: прынцыпіяльная пазіцыя дырэктара гаспадаркі Ніны Вікенцьеўны Жалязновай у тым, што чысціня і парадак у вытворчых памяшканнях і побач з імі, годныя ўмовы працы важныя псіхалагічна. А адсюль і станоўчы эканамічны эфект.
З самага адкрыцця МТК “Вішня”, якое адбылося 13 мая 2010 года, загадчыкам тут працуе найвопытнейшы спецыяліст Іван Казіміравіч Бароўскі. Ён паведаміў, што па стану на 1 лістапада тут утрымлівалася 1063 каровы, 47 першацёлак, 316 цялят. За 10 месяцаў 2012 года надой ад каровы склаўся на ўзроўні 7287 кілаграмаў пры сярэднім пагалоўі ў 1020 кароў. Усяго за студзень — кастрычнік на малочнатаварным комплексе “Вішня” надаілі амаль што 7500 тон малака. Каб лепш уявіць гэты аб’ём, адзначым, што кожны дзень ПСУП “Азярыцкі – Агра” атрымлівае 23 – 25 тон каштоўнага прадукта гатунку “Экстра” з “вішнёвым” смакам.
МТК “Вішня” — не толькі самы буйны ў раёне комплекс, разлічаны на ўтрыманне 1000 галоў дойнага статка і 250 галоў сухастойнага, але і, напэўна, самы сучасны, з найноўшым абсталяваннем. Тут, па словах І.К.Бароўскага, яшчэ на этапе будаўніцтва было прадугледжана рацыянальнае выкарыстанне найноўшага абсталявання. Вось, для прыкладу, сістэма водапаення. На якой з фермаў у былыя часы не было праблем зімой з перамярзаючай у трубах халоднай вадой? На “Вішні” такія праблемы выключаны, бо прадугледжаны падагрэў вады. А гэта значыць, што каровы ні пры якіх умовах не застануцца не напоенымі. Ды і меней калорый жывёла патраціць на тое, каб сагрэцца, а значыць — вырасце надой. Усе вытворчыя сістэмы — кармлення, паення, гноевыдалення, вентыляцыі — аўтаматызаваныя. Само даенне таксама здзяйсняецца аўтаматызавана. Мы, з пульта камп’ютэрнай залы, змаглі паназіраць за працэсам даення. У даільнай зале “Паралель 2 Х 20” фірмы “Вестфалія” аўтаматычна адначасова дояць 40 кароў. Падключэнне даільных апаратаў здзяйсняецца не збоку, а паміж задніх ног жывёлы, каровы размешчаны паралельна адна адной. Дзякуючы такой пастаноўцы жывёл, даўжыня даільнага месца невялікая, істотна эканоміцца плошча даільнай залы, скарачаецца колькасць перамяшчэнняў аператара даення. На камп’ютары ў гэты час можна запатрабаваць і атрымаць усю “паднаготную” кожнай каровы: які ўдой, калі цялілася, прайшла асемяненне, ці хварэла і інш.
Усяго на МТК “Вішня” працуе сорак чалавек. Вядома ж, падбіраючы персанал на самы сучасны вытворчы аб’ект, кіраўніцтва гаспадаркі старалася прызначыць сюды людзей адказных, старанных, прафесійна адукаваных. Сярод тых, хто паказвае найлепшыя вынікі — аператары даення Ірына Віктараўна Маркава, Таццяна Аляксандраўна Радчэня, Алена Аляксандраўна Капусцінская, Любоў Андрэеўна Ішыгава. Вельмі важная для калектыву праца такіх спецыялістаў, як заатэхніка-селекцыянера Ларысы Пятроўны Міхневіч, аператараў па штучным асемяненні Ліліі Васільеўны Краўчук, Наталлі Анатольеўны Шчарбовай, ветэрынарных урачоў Мікалая Аркадзьевіча Пятровіча і Мікалая Мікалаевіча Корзуна.
Сярод даярак сёння безумоўны лідэр — Ірына Віктараўна Маркава. У сельскай гаспадарцы яна ўжо 24 гады. Як прыйшла працаваць пасля “васьмігодкі” даяркай, так і шчыруе да гэтага часу. Праўда, месца жыхарства 12 гадоў таму назад змяніла. З вёскі Іканы, што ў Барысаўскім раёне, пераехала на Смалявіччыну. За чвэрць стагоддзя, што доіць кароў, Ірына Віктараўна прайшла шлях “ад вядра — да “Паралелі””. Памятае, якой фізічна цяжкай была праца, калі напачатку працоўнай дзейнасці даводзілася даіць у вёдры, уручную раздаваць корм, паіць жывёлу. Сёння ж праца фізічна значна лягчэйшая, але адказансці не меней, а нават прыбавілася.
Жыве Ірына Віктараўна Марчук у прыгожым службовым доме. Акурат насупраць Кургана Славы, побач з дарогай на аэрапорт. Гэты дом ёй з мужам (ён таксама працуе ў гаспадарцы вадзіцелем і механізатарам, перадавік) выдзеліла гаспадарка ў 2006 годзе. У іх сям’і — двое сыноў. Старэйшы ўжо і сам бацька, гадуе сына і дачушку. Аб тым, што звязала свой лёс з сельскай гаспадаркай, Ірына Віктараўна не шкадуе. Працуе сумленна.
Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.
На здымку: І.В.Маркава.
Фота А.ВАЛАДЗЬКО.
Информацию читайте в номере 265 – 268 от 17.11.2012 г.