У Беларусі, бадай, няма сям’і, дзе б беражліва і
з любоўю не
захоўвалі фотаздымкі сваіх родных і блізкіх, на долю якіх выпала перажыць жахі
вайны. У маёй сям’і таксама ёсць дарагія нам святыя рэліквііі : медалі,
фотаздымкі, пасведчанні аб узнагароджанні,
пасведчанне партызана і іншыя дакументы. Усе гэтыя рэчы належаць майму
прадзеду Пятру Іванавічу Лютарэвічу.
У Беларусі, бадай, няма сям’і, дзе б беражліва і з любоўю не захоўвалі фотаздымкі сваіх родных і блізкіх, на долю якіх выпала перажыць жахі вайны. У маёй сям’і таксама ёсць дарагія нам святыя рэліквііі : медалі, фотаздымкі, пасведчанні аб узнагароджанні, пасведчанне партызана і іншыя дакументы. Усе гэтыя рэчы належаць майму прадзеду Пятру Іванавічу Лютарэвічу.
З аднаго з фотаздымкаў адкрыта глядзіць на мяне чалавек сталага ўзросту, а вочы свецяцца аптымізмам і жыццялюбствам. Магчыма, гэтыя якасці дапамагалі яму перажыць усе выпрабаванні лёсу, якіх было нямала.
Прадзед нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Курганы. Многае засталося ў яго памяці: рэвалюцыя, раскулачванне, калектывізацыя. А потым радавым байцом дайшоў ён да Выбарга ў час вайны з Фінляндыяй. Гэта было суровае выпрабаванне на вынослівасць і стойкасць у выключна невыносных умовах: 40-градусны мароз, снег па пояс, ні куста, ні дрэва, каб захінуцца, толькі снайперскія кулі, адна з якіх усё ж падсцерагла. З раненнем у галаву трапіў у ваенны шпіталь. Дэмабілізаваўся інвалідам па зроку, вярнуўся да сям’і. Але нядоўга радаваўся мірнай працы, бо пачалася Вялікая Айчынная вайна. Па стану здароўя прадзед не быў прызваны ў войска, але і сядзець склаўшы рукі не мог, калі вораг нёс пакуты і гора.
Вясной 1942 года ў мясцовых лясах, на невялікім сухім востраве сярод балот, размясціўся партызанскі атрад, які ўзяў сабе назву «Разгром”. Пра атрад хутка даведаліся вяскоўцы, сярод якіх партызаны знаходзілі падтрымку, верных сувязных і папаўненне сваіх радоў. Моладзь ішла ў лес, каб не трапіць на прымусовыя работы ў нямеччыну.
Партызанскія атрады хутка раслі. Увосень 1942 года атрады «Разгром”, «Іскра”, «Сцяг”, «Мсцівец” аб’ядналіся ў партызанскую брыгаду «Разгром”, а летам наступнага года да яе далучыліся яшчэ два атрады – імя Суворава і «Радзіма”. Дзейнічала брыгада на тэрыторыі Смалявіцкага, Барысаўскага і Чэрвенскага раёнаў. У складзе шасці атрадаў змагаўся 1721 чалавек.
Мой прадзед, Пётр Іванавіч, быў сувязным у атрадзе «Мсцівец”. Рызыкуючы сваім жыццём і жыццём сваіх блізкіх, дзядуля перадаваў важную для партызан інфармацыю, даставаў соль і медыкаменты. Давалася гэта вельмі няпроста і часам не менш рызыкоўна, чым удзельнічаць у баявым заданні. Аднойчы фашысты намерыліся праверыць воз, у якім былі схаваны медыкаменты. І толькі цяжарная жанчына, якая ехала з прадзедам, выратавала яму жыццё, пачала прасіцца ў немцаў, што трэба хутчэй трапіць да доктара.
І ўсё ж фашысты сталі падазраваць Пятра Іванавіча ў сувязі з партызанамі. Неяк раніцай фашысты пасадзілі яго ў машыну і сталі патрабаваць, каб паказваў дарогу да партызан. Невядома, ці застаўся б ён жыць, калі б партызаны не абстралялі машыну, і дзядулю ўдалося ўцячы. І яшчэ давялося глядзець смерці ў вочы, калі ворагі сагналі жыхароў вёскі Кляннік, сярод якіх быў і Пётр Іванавіч са сваёй сям’ёй, у адзін будынак і гатовы былі падпаліць яго. Але здарыўся цуд: зноў на дапамогу прыйшлі партызаны.
Пасля выгнання ворага з нашай зямлі трэба было аднаўляць гаспадарку. Сваімі сіламі, разам з жонкай, паставілі хату. У ёй нарадзіліся дочкі Ала і Яна (мая бабуля). Пётр Іванавіч працаваў на малатарні ў МТС, малаціў збожжа ў калгасах раёна, адначасова займаўся кавальскай справай.
Усё яго жыццё прайшло ў клопатах і рупнай працы. За жыццёвую мудрасць, разважлівасць, чуласць і пачуццё гумару яго паважалі аднавяскоўцы, за дабрыню і спагаду любілі дзеці і ўнукі. Але, на жаль, у 1990 годзе яго не стала. Толькі памяць аб ім жыве ў нашых сэрцах. Я ганаруся сваім прадзедам. Для мяне і майго старэйшага брата, якога ў гонар прадзеда назвалі таксама Пятром, ён стаў узорам мужнасці і стойкасці, прыкладам духоўнага багацця і высакароднасці. Прайшоўшы праз многія цяжкасці і выпрабаванні, ён застаўся Чалавекам.
Віталь ЛЯВОНАЎ, вучань ДУА «Кляніцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”.
Информацию читайте в номере 87 – 88 от 16.04.2014 г.