Першы пісьмовы ўспамін
і добрая слава пра Смалявічы пачынаюцца аж з пятнаццатага веку. Сёлета мы
перагорнем яшчэ адну старонку
календара: гораду спаўняецца 568 гадоў.
І вельмі радасна ўсведамляць, што праз такі тэрмін мястэчка не толькі не заняпала, а пераўтварылася ў
сучасны, прыгожы, утульны горад, які сёння набыў статус горада-спадарожніка
сталіцы рэспублікі Мінска.
Першы пісьмовы ўспамін
і добрая слава пра Смалявічы пачынаюцца аж з пятнаццатага веку. Сёлета мы
перагорнем яшчэ адну старонку
календара: гораду спаўняецца 568 гадоў.
І вельмі радасна ўсведамляць, што праз такі тэрмін мястэчка не толькі не заняпала, а пераўтварылася ў
сучасны, прыгожы, утульны горад, які сёння набыў статус горада-спадарожніка
сталіцы рэспублікі Мінска.
Няхай сабе ў нашым
горадзе няма ні старажытных пабудоў, ні
помнікаў сівой даўніны. Калі што і было, то ўсё зруйнавалі час і войны. Хтосьці
скажа, што тут няма чаго паглядзець, няма пра што расказаць гасцям. Але гэтае
меркаванне памылковае. Прыпыніце на вуліцы любога чалавека і запытайцеся ў яго,
чым асабіста яму дарагія Смалявічы, які
ўплыў аказаў гэты гарадок на яго ўласны лёс. І мы абавязкова пачуем не адзін
цікавы аповед таму, што жыццё многіх
сем’яў было цесна звязана са Смалявічамі на працягу многіх гадоў і
дзесяцігоддзяў.
Так было і з нашым родам
Казакоў. Хочацца пагартаць старонкі альбома-памяці нашай сціплай працавітай
сям’і.
… 1836 год 23 жніўня. У
гэты дзень наш прапрадзед Сцяпан Казак у
смалявіцкай Свята-Мікалаеўскай царкве пабраўся шлюбам з дзяўчынай з
вёскі Каменка – Ульянай Сцяпковічавай.
Абвянчаў маладых і абвясціў іх
сумесны жыццёвы шлях святар гэтай царквы
Іёзафат Зубовіч. І пайшла па жыцці маладая сям’я, працягваючы разгалінаваны род
Казакоў, які заўсёды добра служыў і
сёння служыць нашай Бацькаўшчыне, вялікай і малой.
Да 1924 года
Смалявічы з’яўляліся валасным
цэнтрам Барысаўскага павету. У
Смалявіцкай валасной управе ў тыя часы працаваў справаводам стрыечны брат
нашага таты – Аляксандр Сямёнавіч Казак. Жыў ён у вёсцы Шпакоўшчына, быў у меру
адукаваным чалавекам па тым часе. Да яго часта звярталіся жыхары Шпакоўшчыны з просьбай напісаць заяву ці
зрабіць іншую паперу. З начы людзі займалі чаргу ля хаты, дзе ён жыў.
Аляксандр Сямёнавіч нікому не адмаўляў. Ён раненька падымаўся, пісаў людзям
паперы, а потым пехатой адпраўляўся на працу ў Смалявічы.
У 30-х гадах мінулага
стагоддзя ў Смалявічах існавалі канторы «Райзаготскот”, «Райзаготзерно”.
Месціліся яны на тэрыторыі рынка. Туды людзі
з усяго Смалявіцкага раёна, у тым ліку і наш дзед і ўсе сваякі,
прывозілі на падводах харчовыя падаткі,
якія на іх ускладвала дзяржава: зерне,
мяса, масла сметанковае таплёнае, яйкі, воўну, свіныя скуры. Асаблівыя патрабаванні прад’яўляліся да якасці сметанковага таплёнага
масла. У газетах таго часу нават друкаваліся
інструкцыі, як патрэбна было
ператопліваць масла, якога колеру і кансістэнцыі яно павінна было быць.
Здаваць масла людзі павінны былі ў строга вызначаны дзень. Гэтае масла
прыёмшчыкі змяшчалі ў бочкі, закаркоўвалі і адпраўлялі са Смалявічаў далей па
прызначэнню. Цяжкі быў час. Калгаснікі,
хоць і самі жылі галаднавата, але
дзяліліся апошнім, бо разумелі, што
рабочых у гарадах таксама трэба карміць.
На сённяшняй карце горада Смалявічы
ёсць назвы вуліц Базарная,
Новабазарная, завулак Базарны – як напамінак аб месцы паблізу рынка.
Наша маці Ніна Васільеўна Казак з цеплынёй успамінала
Смалявічы даваеннай пары. Яна была родам з вёскі Куркава, дзявочае прозвішча яе
Кашкан. Куркаўскія дзяўчаты, а разам з імі і наша маці, часта хадзілі ў
Смалявічы па розных справах. Іх шлях ляжаў праз вёску Крывая Бяроза, а далей па
той вуліцы ў Смалявічах, якая зараз носіць назву Камсамольская. Маці расказвала
нам пра тыя падворкі, дамы, у якіх у большасці сваёй пражывала таленавітае і
працавітае яўрэйскае насельніцтва.
Гаспадары гэтых дамоў займаліся рознымі рамёствамі і дробным гандлем. У дамах
размяшчаліся невялікія лаўкі, дзе вёўся гандаль прыгатаванай ежай. Гаспадары
запрашалі зайсці і штосьці купіць. Калі ў маці не было грошай, то казалі:
«Купляй, Кашканіха, аддасі грошы
потым”. Усе ведалі адзін другога, мелі
знаёмых, сяброў сярод яўрэяў. Наогул
нацыянальнае пытанне ў Смалявічах ніколі не стаяла. Сяброўства, узаемавыручка,
давер, спагада, чуласць — вось што
яднала ўсіх жыхароў Смалявічаў ва ўсе часы. Думаю, што гэтыя лепшыя чалавечыя
рысы і сёння не згубіліся ў нашых землякоў.
Вярнуцца ў поўныя гора і
драматызму падзеі 1941-1945 гадоў дапамагаюць архіўныя дакументы і карта-схема
Смалявічаў ваеннай пары, складзеная рукой невядомага змагара. Гэтую схему мне
давялося сустрэць у архіве. Падчас
часовай нямецкай акупацыі ў горадзе
працавалі многія ўстановы: бальніца,
лясгас, пошта, рынак, райуправа,
банк, сталоўка і іншыя. Чытаеш архіўныя дакументы і здаецца, што
ніякай вайны не было. Але насамрэч на вуліцах была жудасная карціна. Як
пазначана на карце-схеме, калючы дрот і
доты ахоўвалі самыя значныя нямецкія
ўстановы. Доты размяшчаліся пры ўездзе ў горад з боку Лагойска. У цэнтры на рагу цяперашняй вуліцы Сацыялістычнай,
знаходзіліся будынак ваеннага каменданта
і радыёцэнтра, агароджаныя калючым
дротам. На гэтай жа вуліцы знаходзіліся жандармерыя і пошта пад аховай дотаў.
Кватэра начальніка раёна, баракі, дзе жылі немцы, склады і гаражы славакаў,
станцыя «Смалявічы”, лесапільня – ўсё было аблытана калючым дротам, паўсюдна
стаялі нямецкія агнявыя ўмацаванні. Вось
так, пад дуламі кулямётаў і за калючым дротам вымушаны былі часова жыць
смалевічане. Мяркуючы па мерах перасцярогі, не вельмі спакойна адчувалі сябе
ворагі на нашай зямлі.
Скончылася вайна, і
разбураныя дашчэнту Смалявічы, як тая птушка Фенікс, пачалі адраджацца з
попелу.
У нашым сямейным
архіве ёсць дакумент, які сведчыць, што
5 красавіка 1962 года нашай маме Ніне
Васільеўне Казак, якая нарадзіла і
выхавала сямёра дзяцей, быў уручаны ордэн «Мацярынская слава” трэцяй
ступені. Гэтую ўзнагароду маме ў
Смалявіцкім райвыканкаме ўручыў
тагачасны намеснік старшыні
райвыканкама А.Ф.Смятанін.
У Смалявіцкай школе механізацыі
(цяпер – ліцэй) набылі
сельскагаспадарчыя спецыяльнасці мае родныя браты. Уладзімір Мікалаевіч Казак пасля заканчэння
гэтай установы доўгі час працаваў шафёрам у калгасе «Перамога” у вёсцы Куркава.
Другі брат, Рыгор Мікалаевіч, набыў спецыяльнасць трактарыста-машыніста
шырокага профілю, а ў дадатак яшчэ і спецыяльнасць слесара. Нейкі час ён
працаваў майстрам вытворчага навучання ў гэтай жа ўстанове, а цяпер працягвае
свой працоўны шлях машыністам цеплавоза ў акцыянерным таварыстве «ТБЗ Усяж”. Яшчэ
адзін мой брат, Генадзь Мікалаевіч, звязаў свой лёс са Смалявічамі. Ён працуе
шафёрам у жыллёва-камунальнай
гаспадарцы ўжо на працягу многіх гадоў. І ў тым, што на вуліцах горада ў любую
пару года чыста і зручна рухацца транспарту, ёсць заслуга і майго брата.
З маёй памяці ніколі не
сатрэцца па- дзея майго дзяцінства «Тыдзень дзіцячай кнігі”, якая праводзілася
ў Смалявічах падчас веснавых канікул у шасцідзесятыя гады. Бібліятэкар Усяжскай
школы Марыя Аронаўна Ляльчук вазіла нас,
лепшых вучняў школы, у Смалявічы на сустрэчу з беларускімі дзіцячымі
пісьменнікамі і паэтамі Еўдакіяй Лось, Піменам Панчанкам, Паўлам Ткачовым.
Дарэчы, Павел Ткачоў на сваёй кніжцы
«Вішнёвая квецень” пакінуў для мяне асабіста свой аўтограф з пажаданнем добрых
поспехаў у вучобе і жыцці. З цеплынёй успамінаю тыя сустрэчы.
Яшчэ ў маёй памяці
захаваўся ўспамін пра брукаванку ў цэнтры Смалявічаў. Ад яе веяла таямнічасцю і
даўніной. Цяпер на смалявіцкіх вуліцах – асфальт. А мне шкада, што нідзе не захаваўся нават кавалачак
брукаванкі, каб і сённяшнія маладыя смалевічане маглі ўявіць, як выглядалі
вуліцы раней. І наогул памяць павінна
жыць, каб у кожнай сям’і ведалі і ганарыліся гісторыяй сваіх родных мясцін.
А ці ведаеце вы, паважаныя
землякі, што ў свой час былі людзі, якія
хацелі пазбавіць горад такой звыклай для нас, цудоўнай назвы – Смалявічы? У архіве мне нядаўна трапіўся дакумент,
які распавядае пра тое, што 13 студзеня
1925 года ў Смалявічах праходзіла пасяджэнне
камісіі па арганізацыі Ленінскага тыдня ў сувязі з гадавінай смерці Уладзіміра Ільіча Леніна.
Адным з пытанняў, разглядаемых на пасяджэнні, было «Аб перайменаванні мястэчка
Смалявічы ў горад Ленінск”. Мяркуючы па
звестках дакумента, спрэчкі вяліся гарачыя.
Але прадстаўнік Смалявіцкага райвыканкама Смарговіч даказаў прысутным,
што змяняць назву мястэчка няма ні падстаў, ні сэнсу. Дык вось, дзякуючы нашаму
далёкаму земляку, сапраўднаму патрыёту свайго краю, мы з вамі жывём у
Смалявічах, а не ў Ленінску. Памяць Леніна і так добра ўшанавана, а Смалявічы ў
нас адны і назаўсёды. Гэта імя далі нашаму паселішчу далёкія прашчуры 568 гадоў назад, і здрадзіць
ім проста нельга.
І ў час светкавання Дня
горада дарэчы будзе ўспомніць лірычныя радкі, што вырваліся з душы нашага земляка, паэта Пятра
Ліпая:
Ля Маскоўскага шляху
старога
Смалявічы ўсім бачны
здалёк.
Па стагоддзях пралегла
дарога
Ад сталіцы ў родны куток.
Вечар зоры ў возера
высыпаў,
І люстрацца ў купальскіх
агнях
Смалявічы – мой горад над
Плісаю,
Светлым імем з маленства
звіняць.
Песня шчыра лунае, прачулена,
Гайна голас Плісе падае…
Люд ад Жодзіна і да
Тадуліна
Смалявіччыне славу пяе!
Сапраўды, ці ж змаглі б
Смалявічы стаць утульным і прыгожым гарадком, каб не агульная праца і намаганні жыхароў усёй
Смалявіччыны? Смалявічы і навакольныя вёскі – як планеты сонечнай сістэмы, як
спадарожнікі, якія плывуць вакол Сонца,
падтрымліваюць адзін другога, саграюць сваім святлом і цяплом.
Валянціна Мікалаеўна КАЗАК.
Вёска Шпакоўшчына.
На здымках: В.М.Казак, дакумент аб жаданні перайменаваць Смалявічы ў
Ленінск.
Фота Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.
Информацию
читайте в № 277-280 от 14.09.2016г.