І зноў прыйшоў час веснавых канікул. Многія школьнікі, асабліва тыя, якія шмат свайго вольнага часу праводзяць у бібліятэцы, ведаюць, што ёсць у календары не зусім звычайнае свята, якое аматары кнігі святкуюць у канцы сакавіка, амаль сем дзесяткаў гадоў запар. І называецца гэта свята не інакш, як Дзень нараджэння кнігі. Ужо шмат гадоў святкуюць гэта свята і юныя чытачы нашага раёна. Не стаў выключэннем і бягучы год.
У мінулы чацвер, 24 сакавіка, вучні гарадскіх школ прыйшлі ў святочна прыбраную залу Дома культуры, каб прыняць удзел у адкрыцці Тыдня дзіцячай кнігі. Цудоўным танцам у выкананні ўзорнага танцавальнага калектыву “Ніка” пачалася святочная праграма. Але самае цікавае чакала школьнікаў наперадзе.
Штогод, у час святкавання Дня нараджэння кнігі, наш горад наведваюць вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты. У гэты раз на свята ў Смалявічы завітаў таленавіты пісьменнік, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, галоўны рэдактар беларускага дзіцячага часопіса “Вясёлка” Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі. Дарэчы, у наступным годзе часопіс адзначыць сваё 55-годдзе, з якіх 34 гады ўзначальвае “Вясёлку” менавіта Уладзімір Сцяпанавіч.
Шмат цікавага паведаміў У.С. Ліпскі смалявіцкім юным чытачам. Расказаў пра сваё дзяцінства ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра цяжкую долю сваіх бацькоў.
Зямлю ўслаўляюць людзі, лічыць пісьменнік. Прыгажэй і лепей нашай Бацькаўшчыны няма ва ўсім свеце. Яна з’яўляецца нашай духоўнай крынічкай. На Беларусі нарадзілася шмат таленавітых людзей. Адзін з тых, пра каго пайшла гаворка падчас сустрэчы, наш знакаміты зямляк – Васіль Феафілавіч Купрэвіч, кнігу пра якога напісаў У.С.Ліпскі.
Прыемным момантам мерапрыемства стала прэзентацыя новай кнігі У.С. Ліпскага “Янкаў вянок”, якая прысвечана жыццю і творчасці выдатнейшага песняра Беларусі Янкі Купалы. А самае цікавае, па словах Уладзіміра Сцяпанавіча, першая вандроўка паэта, яшчэ ў зусім малым узросце, была менавіта ў наш раён, у вёску Юзафова, дзе ён з бацькамі пражыў да чатырох гадоў. Таму У.С. Ліпскі прапанаваў вучням абавязвова наведаць вёску, звязаную з біяграфіяй выдатнага паэта Беларусі, і пабачыць яе краявіды.
На працягу года чытачы дзіцячай бібліятэкі і выхаванцы аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў Смалявіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прымалі ўдзел ў разнастайных конкурсах, малявалі, стваралі вырабы. Усе творчыя працы можна было пабачыць на пачатку мерапрыемства на выставе “Свет тваіх захапленняў”. І, зразумела, сярод іх былі выбраны лепшыя. Пераможцаў конкурсу Руслана Канашыца, Насцю Трухановіч, Марыну Крыжык, Крысціну Баравік, Станіслава Семяжона і Людмілу Лях граматамі і падарункамі ўзнагародзіў шаноўны госць Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі.
Напрыканцы свята дырэктар цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Святлана Віктараўна Чырваненка падзякавала пісьменніку за цікавую сустрэчу і падарыла яму сувеніры са смалявіцкай зямлі, а вучні сярэдняй школы №1 г. Смалявічы прачыталі прысутным незабыўныя вершы Янкі Купалы.
Свята адкрыцця Тыдня дзіцячай кнігі скончылася, але на працягу веснавых канікул, як і заўсёды, юных чытачоў будуць чакаць цікавыя сустрэчы, гульні і віктарыны ў дзіцячай бібліятэцы.
Яўгенія БОЛЦІК.
На здымках: выступае У.С.Ліпскі; у зале.
Фота Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.
Информацию читайте в номере 69 – 70 от 30.03.2011 г.