Жыве і квітнее сёння наша краіна. Жыве беларуская вёска. Будуюцца новыя дамы, гуляюць вяселлі юнакі і дзяўчаты, нараджаюцца дзеткі.Свята вёскі Куркава Усяжскага сельсавета адбылося дванаццатага чэрвеня.
Нездарма дзень вёскі быў прымеркаваны да Сёмухі: вяскоўцы ж ў святочны дзянёк вольныя і могуць добра адпачыць!
Зранку на вуліцы гучала музыка. Каб паўдзельнічаць у святочным мерапрыемстве, жыхары збіраліся ля сельскага Дома культуры.
Канешне ж, арганізатары паклапаціліся аб тым, каб на свяце асаблівую ўвагу надалі старэйшым, найбольш паважаным у вёсцы людзям. Адной з іх была Ніна Іванаўна Свідоўская. Ніна Іванаўна, як некалі і яе бацькі, нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў Куркаве. Жанчына распавяла аднавяскоўцам пра тое, што ёй давялося бачыць у дзяцінстве, у юнацтве. Як цяжка жылося тут падчас Вялікай Айчыннай вайны, якія цяжкасці давялося пераадолець, каб аднавіць разбураную гаспадарку.
Сваімі ўспамінамі падзяліўся і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Фаміч Бацяноўскі. Падчас фашысцкай навалы яму было дваццаць гадоў, таму і давялося трываць усе цяжкасці на сабе, як і іншым мужчынам краіны. Рыгор Фаміч распавёў пра свае вогненныя ваенныя вёрсты, якія прывялі яго да сцен Берліна, пра вяртанне ў родны раён, пра далейшую працу настаўнікам у Курскаўскай школе.
Не абыйшлі ўвагай арганізатары мерапрыемства і тых, чыё дзяцінства прыйшлося на гады ваеннага ліхалецця. Адным з тых, хто ў малым ўзросце зведаў жахі, з’яўляецца Леанід Фядосавіч Маліноўскі. Леанід Фядосавіч таксама падзяліўся з землякамі сваімі ўспамінамі. Імёны ўсіх дзяцей вайны з вёскі Куркава былі названы, у іх гонар гучала песня.
Па імёнах былі названы і тыя шаснаццаць чалавек, якія пайшлі з гэтага месца на вайну і ніколі ўжо не вярнуліся дадому. Іх светлую памяць нашчадкі ўшанавалі хвілінай маўчання.
Але ж не толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны куркаўцы з гонарам аддавалі воінскі абавязак Айчыне. Завітаць на свята і расказаць вяскоўцам пра выпрабаванні, якія выпалі на яго лёс, запрасілі Міхаіла Васільевіча Бароўскага. Некалі, у часы сваёй маладосці, яму давялося служыць на Кубе.
Асаблівую ўвагу падчас святкавання надалі тым сямейным парам, якія, даючы добры прыклад для моладзі, пражылі ў шлюбе пяць і больш дзесяткаў гадоў. Гэта Рыгор Фаміч і Вольга Іванаўна Бацяноўскія, Іван Іванавіч і Алімпіяда Варфаламееўна Шымановічы, Іван Арсенцьевіч і Ліна Мікалаеўна Касцяневічы. Але ж і маладыя сем’і, бясспрэчна, маюць права на ўвагу аднавяскоўцаў! На свяце ўшаноўвалі і віншавалі Дзмітрыя і Наталлю Шырочыных: зусім нядаўна, два тыдні таму, у гэтых бацькоў нарадзіўся сынок.
На працягу ўсяго свята весялілі куркаўцаў удзельнікі мастацкай самадзейнасці з вёскі Арэшнікі, гучала шмат песень і нават праводзілася бяспройгрышная латарэя.
Агульны здымак, які быў зроблены напрыканцы свята, будзе упрыгожваць фае Куркаўскага сельскага Дома культуры.
Р. S. Вялікую ўздзячнасць жыхары вёскі Куркава выказваюць Усяжскаму сельсавету і асабіста старшыні Уладзіміру Дзям'янавічу Лютко за дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні свята вёскі.
Л.А.ГІВОЙНА, дырэктар Куркаўскага сельскага Дома культуры.
Информацию читайте в номере 140 – 141 от 22.06.2011 г.