“Ад імя аднавяскоўцаў, жыхароў вёскі Куркава, шчыра віншую загадчыцу мясцовай сельскай бібліятэкі Людмілу Віктараўну Кізіна з  жаночым святам — Днём 8 Сакавіка. Сумленная, руплівая жанчына працуе на гэтай пасадзе не адно дзесяцігоддзе. Бібліятэка  з’яўляецца сапраўдным культурным цэнтрам нашай вёскі, куды з задавальненнем заходзяць і старыя жыхары, і маладыя, і дзеткі. А як жа не зайсці, калі заўсёды ў бібліятэцы ўтульнасць і чысціня, калі абавязкова знойдзе гаспадыня  ўсю неабходную літаратуру, выслухае, нешта параіць, падкажа… А таксама, не лічыць за цяжкасць Людміла Віктараўна прынесці старому чалавеку  неабходныя кнігі ці газеты нават дадому.

Акрамя добрасумленнага выканання прафесійных абавязкаў, Людмілу  Віктараўну вылучае яшчэ і актыўная  жыццёвая пазіцыя. Менавіта яна ўзяла на сябе клопат па арганізацыі кааператыву па правядзенню ў вёсцы Куркава прыроднага газу. І цяпер  ужо два гады вяскоўцы маюць у сваіх дамах такую зручнасць.

Вялікі дзякуй вам, Людміла Віктараўна, за добрую працу, за найлепшыя якасці вашай душы! Здароўя вам, дабрабыту вашай сям’і, далейшых поспехаў у працы!”

Рыгор Фаміч БАЦЯНОЎСКІ,  ветэран Вялікай Айчыннай вайны, жыхар вёскі Куркава.