Гэтае свята ў Беларусі штогод адзначаецца ў пачатку верасня з 1994 года і стала ўжо традыцыйным. Пачынала яно свой шлях у старажытным Полацку, адкуль стагоддзі назад узяло выток нацыянальнае беларускае пісьменства. Дзень ужо з трыумфам прайшоў па гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, літаратуры, мастацтва – Тураў, Барысаў, Орша, Мсціслаўль і іншыя. У мінулым годзе Дзень беларускага пісьменства ў другі раз прымаў старажытны Заслаўль.
Звычайна ў гэты дзень у горадзе, які прымае свята, адчыняюцца шматлікія кніжныя выставы і кірмашы, праводзяцца прэзентацыі новых кніг і друкаваных выданняў, ладзяцца канцэрты майстроў беларускага мастацтва, сустрэчы с пісьменнікамі і паэтамі, усюды гучыць беларуская мова, шырока дэманструецца адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа. Нягледзячы на тое, што Інтэрнэт з кожным днём пашырае свае ўладанні, друкаваная кніга не здае свае пазіцыі ў інфармацыйным полі. Свята роднай мовы і яе друкаванага слова збірае пад свае сцягі ўсіх, хто любіць і шануе культурнае і моўнае багацце, не дае яму згубіцца ў акіяне сучаснай інфармацыйнай прасторы, беражліва перадае яго ў спадчыну нашчадкам, як бясцэнны дар, як адно з складаемых беларускай дзяржаўнасці.
Кожны раз у гарады, што прымаюць свята, адпраўляюцца афіцыйныя дэлегацыі, прадстаўнікі грамадскасці, літаратуры і мастацтва з усіх куткоў рэспублікі, усе,хто асабіста жадае стаць удзельнікам свята, душой дакрануцца да гістарычнай і літаратурнай спадчыны. І ў той жа час у школах, клубах, бібліятэках, і нашага раёна ў тым ліку, праходзяць шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя Дню беларускага піьменства. У гэты дзень неяк міжволі кінеш позірк і на шматлікія факты выдання новых кніг і твораў і на Смалявіччыне. Толькі за некалькі апошніх гадоў выйшлі з друку кніжкі вершаў нашага мясцовага паэта Генадзя Пічугіна, яго сумесны з супрацоўнікам раённай бібліятэкі Аляксандрам Марозавым зборнік-даведнік майстроў мастацкага слова нашага краю "Натхніла Смалявіччына”, зборнік нарысаў Аляксандра Грамыкі. Патрыятычнай тэме і ветэранскаму руху ў раёне прысвяцілі двухтомнік "Посвящается потомкам” актывісты раённага Савета ветэранаў. Цэлую бібліятэчку кніг на гістарычную і патрытычную тэматыку выдаў ветэран Узброеных Сіл Беларусі, жыхар раёна Георгій Пляц. Як бачым, кнігавыданне не страціла актуальнасці нават, калі на змену друкаванаму слову прыйшлі электронныя сродкі масавай інфармацыі. Кніга ўсё роўна жыве, застаецца надзейным сябрам для многіх чытачоў.
Літаратура і культура заўсёды ішлі поруч. Смалявіцкія, будагоўскія, барсукоўскія, усяжскія, забалоцкія ды і многія іншыя ўдзельнікі творчых калектываў раёна беражліва захоўваюць у сваіх рэпертуарах творы беларускага народнага мастацтва і фальклору. У раёне ёсць багаты вопыт развіцця народных рамёстваў, характэрных непасрэдня для нашых мясцін, а значыць, не адыйдуць у нябыт добрыя традыцыі продкаў. Жыве і актыўна прапагандуецца нацыянальная культура ў настаўніцкім асяроддзі. Многія жыхары нашага раёна не толькі ў свята, але і ў сваім паўсядзённым жыцці, як кажуць, не па службе, а па душы, нясуць у свет родную беларускую мову, культурную спадчыну нашага народа. Па сутнасці, большасць насельніцтва не забывае беларускую мову, хоць размаўляе і на роднай, і на рускай мовах. Як кажа атаман грамадскай арганізацыі казакоў у нашым раёне Сцяпан Яфстаф’евіч Жарнасек: " Я нарадзіўся ў беларускай вёсцы Сухая Градзь, вучыўся ў беларускай школе, нядрэнна валодаю беларускай мовай, але карыстаюся і рускай, бо яна мае даволі значнае пашырэнне, асабліва ў гарадах. Але вельмі люблю беларускія песні, стараюся захоўваць нашы народныя звычаі і абрады. Гэта ж наша культура, наша багацце!”.
Прыемна адзначаць, што беларускую гаворку ўсё часцей можна пачуць і ў студэнцкіх колах. І ўсё гэта добры знак сучаснасці, канкрэтныя плады нацыянальнага адраджэння.
Сёлета ў першую суботу верасня День беларускага пісьменства на дзяржаўным узроўні збярэ сваіх прыхільнікаў у горадзе Шчучыне Гродзенскай вобласці, дзе будзе прапанавана вялікая і змястоўная праграма літаратурнага свята. Тут мяркуецца ўручыць літаратурныя прэміі, правесці "круглы стол” па праблемах сучаснай літаратуры і інфармацыйнай прасторы, правесці навукова-практічную канферэнцыю "Шчучынскія чытанні” і многія іншыя мерапрыемствы. У горадзе адноўлена кнігарня, палац Друцкіх-Любецкіх, бібліятэка імя Цёткі, на свята з усёй рэспублікі збяруцца пісьменнікі, журналісты, мастакі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і грамадскасці, аматары літаратурнага мастацтва. Збяруцца, каб ўшанаваць яе вялікасць – Кнігу, адкрыць новыя старонкі беларускага пісьменства, якое ўзяло свой пачатак шмат стагоддзяў назад, але і сёння паспяхова развіваецца і ўзбагачае нашу гістарычную і культурную спадчыну.
Э.ПАТАПЧЫК.
Информацию читайте в номере 203 – 206 от 05.09.2015 г.