7 кастрычніка на сцэне гарадскога Дома культуры адсвяткаваў свой юбілей народны ансамбль песні “Смаляначка”. Канцэрт пад назвай “Смаляначцы – 25!” сабраў былых удзельнікаў і кіраўнікоў ансамбля, ганаровых гасцей і шматлікіх аматараў беларускай народнай песні.
7 кастрычніка на сцэне гарадскога Дома культуры адсвяткаваў свой юбілей народны ансамбль песні “Смаляначка”. Канцэрт пад назвай “Смаляначцы – 25!” сабраў былых удзельнікаў і кіраўнікоў ансамбля, ганаровых гасцей і шматлікіх аматараў беларускай народнай песні.
Ансамбль падрыхтаваў для гледачоў сапраўднае прадстаўленне: танцавальныя замалёўкі, імправізацыі, частаванне гледачоў караваем. Разнастаіць канцэртную праграму “Смаляначцы” дапамагалі ўзорны ансамбль народнай песні “Смолачкі”, ўзорны танцавальны калектыў “Ніка” і ўзорная студыя сучаснага бальнага танца “Шарм”. Віншавальныя нумары прывезлі на канцэрт народныя ансамблі песні “Пліса” і “Ад шчырага сэрца”, а таксама акардыэаніст-віртуоз Віталь Цевасян. Кіраўнікі гэтых і іншых cамадзейных калектываў раёна, а таксама шматлікія сябры ансамбля шчыра віншавалі “Смаляначку” з чарговым днём нараджэння. З юбілейнай датай павіншавалі калектыў намеснік старшыні Смалявіцкага райвыканкама Аляксандр Віктаравіч Шлыкаў і старшыня аддзела культуры Галіна Іванаўна Харламава.
Сённяшняй “Смаляначкай”, у склад якой уваходзяць Вольга Цітова, Галіна Хінн, Алена Казак, Вольга Крэймер, Ганна Баброўская, Надзея Печанькова, а таксама канцэнтмайстар Іван Алешка, ужо дзесяць гадоў кіруе Алёна Дзедавец. Гэта таксама своеасаблівы творчы юбілей. З дзяцінства яна захаплялася беларускай песняй, якую чула ад матулі і бабулі. Цяпер Алёна Міхайлаўна перадае любоў да народнай песні сваёй дачцэ Насці, якая, дарэчы, з’яўляецца ўдзельніцай узорнага ансамбля песні “Смолачкі”. У гэты святочны дзень Алёна Міхайлаўна прымала самыя цёплыя пажаданні і кветкі ад удзельнікаў “Смаляначкі”.
Не забылася “Смаляначка” ў свой дзень нараджэння падзякаваць спонсарам, якія неаднарозова дапамагалі ансамблю. У пашыў першага камплекта касцюмаў вялікі ўнёсак зрабіла былы дырэктар Смалявіцкага малочнага завода Ніна Рыгораўна Доліч. А зімовыя касцюмы ўдзельнікам калектыву падаравала прадпрыемства “ШтотцАгра-Сервіс”. Акрамя таго, дзякуючы запрашэнню спадара Штотца, “Смаляначка” наведала з канцэртамі некоторыя германскія гарады. Яшчэ спонсары калектыву – Андрэй Леанідавіч і Марыя Міхайлаўна Жывіцкія – дапамаглі ансамблю арганізаваць юбілейнае свята, а дакладней, надрукаваць афішы, юбілейныя буклеты, календары і запрашальныя білеты.
Вось і адзначыла “Смаляначка” свой чарговы юбілей. Лепшыя песні гучалі для слухачоў у гэты дзень, шчырыя віншаванні і пажаданні гучалі ў адрас ансамбля. А тыя апладысменты, якія не сціхалі падчас канцэрту, – гэта сапраўднае прызнанне і ўзнагарода для калектыву. Квітней, “Смаляначка”, і радуй нас сваімі песнямі!
Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.
На здымках: у час святкавання юбілею.
Фота А.ВАЛАДЗЬКО.