Як распавядала ў сваёй
навуковай працы аб народных звычаях і абрадах на Смалявіччыне наша зямлячка з
вёскі Заброддзе, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік
Інстытута мастацтвазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ганна Іванаўна
Дулеба, гасціннае запрашэнне Мароза да святочнага стала існавала на тэрыторыі нашага
раёна з даўніх часоў і нагадвала, што жывуць у нашым краі людзі добразычлівыя,
хлебасольныя, адкрытыя і шчодрыя. У
гэтую зімовую пару, калі хлебаробы могуць крышку перадыхнуць пасля напружанай
летняй працы ў полі, на сенажаці, пасля доўгага каляднага паста, калі трэба было і душой, і целам ачысціцца, нашы
землякі радасна сустракалі светлае
свята Нараджэння Хрыстова, названае на
Беларусі Калядамі.

Як распавядала ў сваёй навуковай працы аб народных звычаях і абрадах на Смалявіччыне наша зямлячка з вёскі Заброддзе, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ганна Іванаўна Дулеба, гасціннае запрашэнне Мароза да святочнага стала існавала на тэрыторыі нашага раёна з даўніх часоў і нагадвала, што жывуць у нашым краі людзі добразычлівыя, хлебасольныя, адкрытыя і шчодрыя. У гэтую зімовую пару, калі хлебаробы могуць крышку перадыхнуць пасля напружанай летняй працы ў полі, на сенажаці, пасля доўгага каляднага паста, калі трэба было і душой, і целам ачысціцца, нашы землякі радасна сустракалі светлае свята Нараджэння Хрыстова, названае на Беларусі Калядамі.

Калядныя традыцыі і цяпер беражліва захоўваюцца ў народным асяроддзі і ўключаюць у сябе шматлікія абрады і звычаі, напоўненыя дасціпнымі жартамі, спевамі, багатым застоллем, шчодрай куццёй, дзявочай варажбой на суджанага і многімі іншымі цікавымі забавамі.

Рыхтаваліся да свята ў кожнай хаце – мылі, прыбіралі, чысцілі, гатавалі смачныя стравы. Кожная сям’я імкнулася адзначыць свята ўрачыста і багата. Паводле меркаванняў, ад гэтага залежылі далейшае багацце і дабрабыт у доме на працягу ўсяго года.

Па народных паданнях, каб збылося ўсё задуманае, трэба ў шчодры вечар накрыць стол святочным абрусам, перш за ўсё размясціць на ім абрадавую страву – куццю, так назывлі кашу, зваранаю з ячных круп. А далей стол запаўняўся самымі рознымі прысмакамі – каўбасою, мясам, рыбай, блінамі, кісялямі і г.д. Галава сям’і, перш чым узяцца за лыжку, стукаў кулаком па сцяне і запрашаў: «Мароз, мароз, ідзі куццю есці!”. Лічылася, што такім чынам у саюзнікі запрашаюцца ўсе добрыя вышэйшыя сілы, якія будуць спрыяць ва ўсіх гаспадарчых справах аж да наступных Калядаў.

Абавязковай традыцыяй свята было калядаванне, калі моладзь «Казу вадзіла” – усе пераапраналіся ў маскарадныя касцюмы розных жывёлін і істот, сярод якіх галоўны «герой” – Каза, сімвал дабрабыту і гаспадарлівасці. Хадзілі па хатах, песні спявалі, добрыя пажаданні слалі гаспадарам, і, вядома ж, спадзяваліся на шчодрае частаванне. Каза ж старалася ад душы, і да яе асабліва паважліва ставіліся, бо «дзе Каза ходзіць, там жыта родзіць, дзе Каза нагой, там жыта капой”. І справай гонару кожнага гаспадара было аддзячыць рагатай госці, а разам поўнілася катомка калядоўшчыкаў шчодрымі дарамі.

У многім змяніліся цяпер калядныя абрады, страцілі свае архаічныя рысы, набылі новыя, больш сучасныя, ператварыліся ў вясёлыя зімовыя забавы. Калядныя песні, якія і сёння спяваюць у гэтыя святочныя дні, асабліва яскрава перадаюць атмасферу старадаўніх звычаяў нашых продкаў і папаўняюць невычэрпную скарбонку народнай творчасці:

Прыйшлі калядкі ўвечары, увечары,

Прынеслі каўбаскі ў рэшаце, у рэшаце.

Паставілі рэшата на стаўпе, на стаўпе,

Самі селі за сталом на куце, на куце.

В вы, музыкі, грайце, грайце,

А вы, дзеванькі, спявайце, гуляйце.

І мы сёння шчыра і сардэчна віншуем нашых землякоў з цудоўнымі Калядамі, жадаем, каб Новы, 2015 год, год Казы, быў шчодрым на добрыя справы і здзяйсненні, каб праца прыносіла і дабрабыт, і сапраўднае задавальненне, каб радаваліся сэрцы ад усведамлення, што і кожны асобны чалавек уносіць свой асабісты дастойны ўклад у агульны дабрабыт Радзімы.

Падрыхтавала Э.ПАТАПЧЫК.

Информацию читайте в номере 1 – 2 от 06.01.2015 г.