Гісторыя не пакінула нашаму гораду старажытных муроў-помнікаў, іншых знакамітых мясцін. Галоўнае наша багацце – людзі. Людзі, якія сваімі добрымі справамі стваралі гораду імя і вядомасць, якія пакідалі ў памяці пакаленняў свой адметны след, якія сёння пішуць яго новую гісторыю – будуюць жыллё і лечаць людзей, вучаць юнае пакаленне і аказваюць разнастайныя паслугі,  працай сваёй умацоўваюць дабрабыт роднага краю і развіваюць яго культуру, захоўваюць традыцыі і звычаі…

Пра сваіх землякоў гавораць сёння  смалевічане.

Гісторыя не пакінула нашаму гораду старажытных муроў-помнікаў, іншых знакамітых мясцін. Галоўнае наша багацце – людзі. Людзі, якія сваімі добрымі справамі стваралі гораду імя і вядомасць, якія пакідалі ў памяці пакаленняў свой адметны след, якія сёння пішуць яго новую гісторыю – будуюць жыллё і лечаць людзей, вучаць юнае пакаленне і аказваюць разнастайныя паслугі,  працай сваёй умацоўваюць дабрабыт роднага краю і развіваюць яго культуру, захоўваюць традыцыі і звычаі…

Пра сваіх землякоў гавораць сёння  смалевічане.

Ала Фёдараўна ШЫНКЕВІЧ, былы намеснік галоўнага ўрача Смалявіцкай раённай бальніцы, цяпер – на заслужаным адпачынку:

– Лёс звязаў мяне са Смалявічамі ў 1973 годзе. Пасля заканчэння Мінскага медінстытута я працавала ўчастковым тэрапеўтам у Талочыне. І на адной з рэспубліканскіх нарад сустрэлася са сваім знаёмым па інстытуту Яўгенам Фёдаравічам Корыкам, галоўным урачом Смалявіцкай райбальніцы, які падбіраў кадры для сваёй установы. Ён і пераканаў  змяніць месца работы. Праз нейкі час мяне прызначылі загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення бальніцы, а потым – намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай частцы і на гэтай пасадзе я працавала аж да выхаду на пенсію па ўзросту.

Работа ў бальніцы – гэта  пастаянныя зносіны з людзьмі. Пэўна ж, і ў мяне былі за доўгае працоўнае жыццё нейкія складанасці ў рабоце, але памяць захоўвае толькі добрыя ўспаміны. Людзі нашы ў большасці сваёй – добрыя, спагадлівыя, гатовыя прыйсці на дапамогу. Пасляваеннае пакаленне наогул вызначалася дабразычлівасцю,  без зайздрасці, без злобы. І з мясцовай уладай адносіны складваліся і па-дзелавому, і па-чалавечы. Старшыня райвыканкома Міхаіл Кірылавіч Смольскі, яго намеснік Міхаіл Мікалаевіч Надзеін заўсёды стараліся дапамагчы вырашаць праблемы аховы здароўя, ішлі нам насустрач, клапаціліся, каб медработнікі былі забяспечаны жыллём перш за ўсё. Былы начальнік РАУС Фёдар Яўсеевіч Глушакоў пастаянна цікавіўся сітуацыяй у бальніцы. А былы завуч цяперашняй гімназіі Яўстрат Купрыянавіч Цярэнцьеў часта званіў: “Ала Фёдараўна, можа, школьнікаў арганізаваць, каб дапамаглі ў добраўпарадкаванні?”.

Сярод калег майго часу было шмат таленавітых урачоў, іх імёны і сёння яшчэ не забыліся ў нашым горадзе. Тэрапеўтам працавала Роза Барысаўна Азадоўская, неўролагам – Раіса  Маркаўна Чарнагузава, першым галоўным урачом новай раённай бальніцы была Марыя Цімафееўна Зубакіна, вельмі паважаны дзіцячы ўрач. Павагай карысталіся гінеколаг Марыя Аляксееўна Лапотка, урач-інфекцыяніст Неаніла Віктараўна Міхейчык, загадчыца хірургічнага аддзялення Людміла Нікітаўна Бацюшкова, загадчыца інфекцыйнага аддзялення Клара Міхайлаўна Падборская, кардыёлаг Мікалай Мікалаевіч Арцішэўскі. Добра падрыхтаванай зменай ім сталі  рэнтгенолаг Алег Сяргеевіч Крукаў, педыятр Таццяна Аляксееўна Брэус і многія іншыя. З аддзяленнем рэанімацыі звязана амаль ўсё працоўнае жыццё Валянціна Яфімавіча Гаварушкі. Акрамя непасрэдна сваіх абавязкаў, ён многім з медыкаў дапамагаў у асваенні спецыяльнасці. Вельмі многім хворым выратавалі жыццё і вярнулі здароўе хірургі — загадчык хірургічнага аддзялення Іосіф Іосіфавіч Суднік і урач-анколаг Яфім Залманавіч Грэнадзёр. Гэта наш сапраўдны “начны дазор” – у любы час сутак  яны гатовыя прыйсці на дапамогу чалавеку.

Многія мае калегі шмат гадоў жывуць і працуюць у Смалявічах, у горадзе, які стаў нашай малой радзімай. У многіх – і дзеці тут пусцілі свае карані, знайшлі прызванне. Але асабліва важна, што мы былі карыснымі і патрэбнымі свайму гораду і яго жыхарам, а гэта  немалога вартае.

Святлана Уладзіміраўна ГАРЭЦКАЯ, былая загадчыца раённай дзіцячай бібліятэкі:

– Пяцьдзесят тры гады жыву ў Смалявічах. Гэта – радзіма маёй мамы Зінаіды Яфімаўны Бараноўскай. За гэтыя паўстагоддзя так многа змен адбылося ў горадзе на маіх вачах. Памятаю, як на цэнтральнай плошчы горада ляжала брусчатка, а па вуліцы Савецкай стаялі толькі прыватныя дамы. Памятаю, як у пяцідзесятыя-шасцідзесятыя гады ўзводзілі будынак райкома партыі (цяпер у ім размешчана  дзіцячая школа мастацтваў і рэдакцыя газеты),  пазней – будынкі вузла сувязі, Дома быту, універмага, Дома культуры, аптэкі. Ранейшая аптэка размяшчалася насупраць універмага ў маленечкім, урослым у зямлю доміку на месцы, дзе да 30-годдзя  Перамогі быў устаноўлены помнік загінуўшым землякам. Побач з аптэкай яшчэ стаяў  невялічкі дамок гаспадарчага магазіна.

Будынак кінатэатра ў нашым горадзе – адзін са старэйшых. Некалі побач з ім размяшчалася адкрытая танцпляцоўка, якую ў народзе называлі “гэблік”. Сюды заўсёды збіралася шмат гараджан. У Дом культуры на танцы ішла не толькі моладзь, але  і людзі больш сталага ўзросту. Бацькі прыходзілі паглядзець, як адпачываюць іх дзеці. І нічога не было ў гэтым дзіўнага.

Самым прыгожым будынкам у той час быў двухпавярховы дом побач з цяперашнім будынкам РАУС (на здымку). Кватэры тут мелі  вядомыя ў горадзе людзі. На месцы цяперашняга Дома быту стаялі  прыватныя хаты. А  насупраць, у  памяшканні, дзе цяпер  адпраўляюць царкоўную службу, – была пошта. Я там пяць гадоў адпрацавала на камутатары, усе тэлефонныя нумары ведала на памяць. Тут жа размяшчалася і раённае радыё, дзе працаваў  радыёарганізатарам Віктар Іосіфавіч Драздоўскі, а бібліятэкар Лілія Уладзіміраўна Кірына  і я на грамадскіх пачатках былі дыктарамі. Дзіцячая бібліятэка, якую я пазней узначальвала шмат гадоў, была ў тым жа будынку, што і цяпер, які, лічыцца,  узведзены ў 1905 годзе.

Культурнае жыццё ў гады маёй маладосці ў горадзе  кіпела і бурліла, камсамольцы ўсюды былі завадатарамі – канцэрты самадзейнасці, суботнікі, маёўкі арганізоўвалі, дапамагалі на будаўніцтве, бадай што, кожнага грамадскага будынка ў горадзе. Я ўдзельнічала і ў танцавальным, і ў харавым гуртках, хорам кіраваў Эдуард Шчыры, які стаў потым вядомым у нашай рэспубліцы музыкантам. Добрым арганізатарам мастацкай самадзейнасці з’яўляўся і  дырэктар гарадскога Дома культуры Іван Гоцман.

Вілен Трафімавіч ЛЯЎДАНСКІ, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкома:

– Усе карані маіх родных – у Юр’еве. Адтуль родам бацька Трафім Антонавіч і маці Марыя Мікалаеўна, а прозвішча ў іх было аднолькавае – Ляўданскія. Яшчэ ў 20-я гады бацька мой ваяваў з басмачамі ў Сярэдняй Азіі, а ў Айчынную вайну актыўна дапамагаў партызанам. А мама – з вялікай сям’і, дзе выраслі сапраўдныя патрыёты, верныя сыны Айчыны. Старэйшы мамін брат Аляксандр Мікалаевіч Ляўданскі стаў вядомым вучоным-археолагам. Брат Іван Мікалаевіч да вайны закончыў палітэхнічны інстытут, працаваў галоўным інжынерам на адным з торфапрадпремстваў, у першыя дні вайны загінуў пад Смаленскам. Павел Мікалаевіч – пагранічнік, падпалкоўнік, загінуў у баях за вызваленне Венгрыі ў апошнія дні  вайны. А Пётр Мікалаевіч, гвардзеец Валынскага палка, загінуў яшчэ ў імперыялістычную вайну ў Румыніі. Брат Антон Мікалаевіч у гады Айчыннай вайны быў узнагароджаны ордэнам Славы. Для мяне гэтыя людзі заўсёды былі прыкладам і асаблівым гонарам.

Я ж смалевічанінам стаў з самага маленства, калі бацькі пераехалі жыць у горад. Бацька працаваў у пажарнай часці, ды яшчэ быў выдатным майстрам па рамонту абутку, умеў зваляць валёнкі, а маці – цудоўна шыла і гадавала дзяцей. Я закончыў сярэднюю школу №2, працаваць пачаў сакратаром камсамольскай арганізацыі вучылішча механізацыі, а потым працаваў у райкоме камсамола,  у райкоме партыі, восем гадоў узначальваў Смалявіцкі гарсавет, пяць гадоў загадваў аддзелам эканомікі райвыканкома… Словам, усё маё працоўнае жыццё звязана са Смалявічамі. І хачу адзначыць, што і сапраўды людзі – галоўнае багацце нашага горада. Народ у нас і працавіты, і таленавіты, і адказны, і адукаваны. З нашага класа выпуска 1966 года, напрыклад,  амаль усе атрымалі вышэйшую адукацыю. Мае аднакласнікі сталі выдатнымі спецыялістамі, сярод іх настаўніца Клаўдзія Юша (Макаўчык), бухгалтар Зоя Савіна і іншыя. На маё станаўленне адметны  ўплыў аказалі настаўнікі СШ №2 Іван Васільевіч Ламака і Сямён Міхайлавіч Меркушаў, наш смалевічанін, выкладчык Мінскага тэхналагічнага інстытута, доктар навук Аляксандр Паўлавіч Фрыдрых. Многаму я вучыўся ў былога дырэктара Смалявіцкага малочнага завода Мікалая Аляксеевіча Катовіча, галоўнага ляснічага Смалявіцкага лясгаса Феадосіі Іванаўны Макушчанка, старшыні Смалявіцкага райвыканкома Аляксея Еўдакімавіча Забалотнага. Настаўнікам для мяне быў і першы сакратар Смалявіцкага райкома камсамола Уладзімір Дзмітрыевіч Стралкоў. З гордасцю ўспамінаю нашых землякоў, выдатных спецыялістаў сваёй справы, былых начальніка планавага аддзела Беларускага аўтазавода Аляксандра Аляксандравіча Папковіча і намесніка галоўнага энергетыка завода Мікалая Ляонцьевіча Кудзіна, чэмпіёна Беларусі па  футболу, трэнера жодзінскага “Тарпеда”   Канстанціна Канстанцінавіча Калько, стаматолага Валянціна Красінскага,  першага сакратара Фрунзенскага райкома партыі г.Мінска Казіміра Хмяльніцкага… Дарэчы, многія з  нашых землякоў на ўсё жыццё  захавалі добрыя пачуцці да “родных Смалёвак” і заўсёды ганарыліся сваёй радзімай. І ў чарговы дзень нараджэння нашага горада мне хацелася б шчыра пажадаць новым пакаленням смалевічан: трымайце марку, працягвайце лепшыя традыцыі, пакідайце свой добры след у гісторыі нашага горада!

Аня ВІЛЬКІЦКАЯ, выпускніца Смалявіцкай раённай гімназіі 2010 года, студэнтка першага курса Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, факультэт Міжнародных бізнэс-камунікацый:

– Я нарадзілася ў Смалявічах, тут прайшло маленства, школу  закончыла – усё ў мяне тут першае: і першы клас, і першыя настаўнікі, і першыя сябры. У  сваім горадзе зведала першыя творчыя поспехі, калі займалася ў дзіцячай школе мастацтваў і ў  студыі бальнага танца  “Шарм”. Мой горад – мая маленькая планета, дзе сустрэла шмат разумных і паспяховых людзей, якія сталі для мяне прыкладам для дасягнення пастаўленых мэт. 

Нягледзячы на тое, што буду вучыцца ў Мінску, што ў мяне з’явіцца новае акружэнне, наш горад ўсё роўна застанецца самым родным і блізкім. Часцінка мяне, майго юнацтва ўжо аддадзена яму, а, магчыма, атрымаўшы прафесію, змагу і ў будучым паслужыць свайму гораду і яго жыхарам.

Падрыхтавала Э.ПАТАПЧЫК.