Забрадзенне… Вёска за бродам або пасля броду – месца ракі або іншага вадаёма, дзе можна прайсці ці пераехаць. Так трактуецца назва вёскі, якая размешчана на тэрыторыі Жодзінскага сельсавета.
Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы налічвалася 15 гаспадарак і пражывала 135 жыхароў. На пачатку 20-га стагоддзя на тэрыторыі сучаснай вёскі былі дзве вёскі – Забрадзенне 1 (12 двароў, 65 жыхароў) і Забрадзенне 2 (13 двароў, 83 жыхары). Шмат зведалі жыхары Забрадзення: і перыяд калектывізацыі, і гады ваеннага ліхалецця, і часы аднаўлення.
Забрадзенне… Вёска за бродам або пасля броду – месца ракі або іншага вадаёма, дзе можна прайсці ці пераехаць. Так трактуецца назва вёскі, якая размешчана на тэрыторыі Жодзінскага сельсавета.
Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы налічвалася 15 гаспадарак і пражывала 135 жыхароў. На пачатку 20-га стагоддзя на тэрыторыі сучаснай вёскі былі дзве вёскі – Забрадзенне 1 (12 двароў, 65 жыхароў) і Забрадзенне 2 (13 двароў, 83 жыхары). Шмат зведалі жыхары Забрадзення: і перыяд калектывізацыі, і гады ваеннага ліхалецця, і часы аднаўлення.
Паводле ўспамінаў мясцовай жыхаркі Ніны Ігнатаўны Сацукевіч, людзям было дзе працаваць і вучыцца. У вёсцы існавала пачатковая школа, працавалі піларама, малочнатаварная ферма, цялятнік па адкорму маладняку.
На цяперашні час у вёсцы не засталося ніводнай сельскагаспадарчай пабудовы, і жывуць тут у асноўным дачнікі ды людзі даволі сталага ўзросту. Вось менавіта аб іх мне і хочацца зараз расказаць. Прызнаюся, што ўсе яны вельмі дарагія майму сэрцу людзі, бо побач з імі жыла калісьці мая любая бабуля Надзея Рыгораўна Міхейчык, і нарадзілася і расла мая мілая мамачка Валянціна Пятроўна. Ды і мае дзяцінства і юнацтва праходзілі таксама сярод іх, забрадзенцаў, бо я вельмі часта наведвалася ў госці да бабулі.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Павел Іванавіч Ерахавец у свае няпоўныя 18 гадоў быў прызваны на фронт шафёрам, праехаў доўгія кіламетры вайны, быў удзельнікам Сталінградскай бітвы.
— Пасля Перамогі ў 1945 годзе служба мая ў арміі не скончылася, — успамінае Павел Іванавіч. – Усіх нас адправілі ў Казахстан. Там давялося перавозіць зерне на элеватар.
Са службы Ерахавец дэмабілізаваўся ў 1947 годзе. Амаль усё сваё жыццё адпрацаваў шафёрам у роднай гаспадарцы. Толькі апошнія 2 гады перад пенсіяй давялося папрацаваць на БелАЗе. Аднавяскоўцы яго заўсёды паважалі і паважаюць за яго жыццёвую мудрасць і разважнасць.
Жыве ў Забрадзенні працаўнік тылу – Аляксандр Захаравіч Ерахавец. Ён быў прызваны ў армію ў снежні 1944 года, а дэмабілізаваўся ў красавіку 1951 года. Амаль сем гадоў нёс ваенную службу, дапамагаў адраджаць разбураную вайной гаспадарку. Яго працоўны стаж на Жодзінскай ЦЭЦ складае некалькі дзесяцігоддзяў. Толькі два гады з іх працаваў на мантажных работах, а так увесь час — слесарам турбіннага цэха.
— Як да працы дабіраліся? – пытаюся.
— Пехатою альбо на веласіпедзе, бывала калі, што і аўтобусам з Люткі, — адказвае. – За ўсе гады толькі два разы спазніўся, і то не па сваёй віне.
У гэтым годзе Аляксандр Захаравіч адзначыў 85-годдзе. Радуецца кожнаму пражытаму дню, ды дзеткам, якія прыязджаюць, каб дапамагчы бацьку, бо пражывае ў сваёй хаце ён, на вялікі жаль, ужо адзін.
Дзяўчынкай-падлеткам застала вайна Ніну Ігнатаўну Сацукевіч.
— Страху нацярпелася, не дай Божа, — дзеліцца яна сваімі ўспамінамі. — Стаяла і пад дулам кулямётаў, калі немцы вёску рабавалі, скіталася па суседзях, калі фашысты спалілі родную хату.
Усё сваё жыццё Ніна Ігнатаўна адпрацавала ў роднай вёсцы, у асноўным – на ферме. Ніякай працы не цуралася і не баялася. У вёсцы яе любяць і паважаюць за шчырасць, дабрату і працавітасць. І зараз у двары ў яе акуратна і чыста, заўсёды прыбрана ў хаце, а душа яе адкрыта для людзей і твар свеціцца пяшчотай.
Усё сваё жыццё адпрацаваў шафёрам у роднай гаспадарцы адзін з лепшых працаўнікоў сяла Анатоль Пятровіч Міхейчык. Ветэран працы, мае шматлікія працоўныя ўзнагароды і падзякі. Але галоўнае яго дасягненне ў жыцці — гэта пяцёра сыноў, якіх ён разам са сваёй жонкай, Марыяй Мікалаеўнай, нарадзілі і выгадавалі. Гэта асаблівы іх гонар, бо кожны з сыноў стаў дастойным чалавекам, знайшоў свой шлях у жыцці.
Анатоль Пятровіч і Марыя Мікалаеўна ў гэтым годзе адсвяткавалі сваё залатое вяселле. І віншавалі іх дзеці, унукі, аднавяскоўцы. Мы таксама далучаемся да гэтых віншаванняў і зычым шчасця і здароўя.
Увесь працоўны стаж Аляксандры Юльянаўны Ерахавец адлічваецца адным запісам у працоўнай кніжцы – родны саўгас. Мяняліся назвы гаспадаркі, а праца заставалася адна і тая ж. Амаль увесь час працавала Аляксандра Юльянаўна на палявых работах.
Шмат выпрабаванняў выпала ёй на жыццёвым шляху. Рана асірацела. У сям’і была старэйшай з дзяцей. Помніць, як у вёску прыйшлі немцы, як сталі паліць хату, як хавала малодшых дзетак, а самой было ўсяго 9 гадкоў…
— Я зараз вельмі добра жыву, як ніколі, — расказвае нам Аляксандра Юльянаўна. – Побач са мной мае дзеткі, унукі, шануюць мяне ды паважаюць. А што больш патрэбна чалавеку? Мір ды шчасце тваіх родных і блізкіх.
Нам стала вядома, што гэтымі днямі Аляксандра Юльянаўна адзначыць свой юбілейны дзень нараджэння – 80-годдзе. Шчыра віншуем Вас, шаноўная Аляксандра Юльянаўна, жадаем усяго самага найлепшага.
Вера Міхайлаўна Ерахавец у вёску Забрадзенне прыехада з Расіі, з Пярмі. Там яе муж Уладзімір адбываў тэрміновую службу, там яны і пазнаёміліся. У Забрадзенні Вера Міхайлаўна пражыла ўсё сваё жыццё, нарадзіла і выгадавала трох дачок і сына, і гэту вёску лічыць сваёй другой радзімай.
Вось такія яны, сучасныя жыхары аддаленай вёскі Забрадзенне. Але мой аповед быў бы няпоўным, калі б я не расказала пра сваю бабулю. На вялікі жаль, ужо дванаццаць гадоў няма яе побач з намі. Але, прызнаюся, у цяжкія хвіліны ў думках звяртаюся да яе, пытаю парады. Па жыцці мая бабуля Надзейка была для мяне прыкладам працавітасці, шчырасці, мудрасці. Усё жыццё, а яно ў яе было ой якім нялёгкім, яна не шкадуючы сябе працавала і да працы прывучала нас, сваіх унукаў. Вучыла паважаць і любіць людзей, з якімі звядзе лёс. А якімі цікавымі здаваліся нам яе ўспаміны, яе гісторыі! А як умела яна іх расказаць! Заўсёды такая чысценькая, акуратненькая, нейкая ўзнёслая… Яе нельга было не любіць. І мне ніколькі не сорамна і зараз прызнацца ў шчырай любові да маёй бабулі і да вас, дарагія забрадзенцы.
Марына МЕРКУЛЬ.
Ад рэдакцыі: Выказваем шчырыя словы ўдзячнасці загадчыцы Жажэлкаўскага сельскага клуба Ніне Чаславаўне Казлоўскай, якая зусім нядаўна правяла свята – Дзень вёскі Забрадзенне, і дапамагла нам у зборы матэрыялаў. Па ўсім бачна, што Ніна Чаславаўна ніколі не застаецца ўбаку, добра ведае пра надзённыя праблемы сяльчан, а яны яе за гэта вельмі паважаюць. У сваю чаргу Ніна Чаславаўна выказвае словы падзякі дырэктару гандлёвага прадпрыемства “Мечта-плюс” Андрэю Уладзіміравічу Дзянскевічу і дырэктару гаспадаркі “ЖодзінаАграПлемЭліта” Анжаліцы Пятроўне Гушчэня, якія дапамаглі ў набыцці падарункаў для вяскоўцаў падчас правядзення свята вёскі.
НА ЗДЫМКУ: 1.А.З.Ерахавец і П.І.Ерахавец.
Фота Уладзіміра МІХАЙЛОЎСКАГА.
Информацию читайте в номере 163-166 от 21.07.2012 г.