МАЛЕНЬКАЯ ВЁСКА — ВЯЛІКАЯ СПРАВА

    Сёння ў вёсцы Вялікае Залужжа добра калі набярэцца некалькі дзесяткаў пастаянных жыхароў. У асноўным дачнікі, гараджане ў першым другім пакаленнях, нашчадкі сялянскіх сядзібаў. У абсалютнай большасці гэтыя людзі берагуць свае радавыя гнёзды, падтрымліваюць парадак на падворках і ў ваколіцы.

     

      МАЛЕНЬКАЯ ВЁСКА — ВЯЛІКАЯ СПРАВА

    Сёння ў вёсцы Вялікае Залужжа добра калі набярэцца некалькі дзесяткаў пастаянных жыхароў. У асноўным дачнікі, гараджане ў першым другім пакаленнях, нашчадкі сялянскіх сядзібаў. У абсалютнай большасці гэтыя людзі берагуць свае радавыя гнёзды, падтрымліваюць парадак на падворках і ў ваколіцы.

    Калі ў вёсцы Вялікае Залужжа ўпершыню была ўзведзена праваслаўная капліца, сёння не могуць сказаць нават старажылы. Стаяла яна да вайны, перажыла варожую акупацыю і атэістычныя часіны. І заўсёды ішлі да каплічкі людзі і з радасцю, і з бядою, намольваючы гэтае месца пад дзвюма ліпамі.

    А некалькі гадоў таму здарылася бяда — каплічка згарэла. У каго ўзнялася рука на падпал святога для кожнага залужанца будынка — невядома. Мясцовыя жыхары не сталі доўга шукаць віноўнікаў, бо не помслівыя. Разам, талакою, ахвяруючы грошы ў асноўным з небагатых пенсій, яны аднавілі свой маленькі храм.

    У мінулую нядзелю настаяцель прыходу Раства Хрыстова вёскі Задомля іерэй Уладзімір Сташкевіч правёў абрад асвячэння капліцы.

    На ўрачыстасць прыйшло і прыехала мноства людзей, аб’яднаных любоўю да сваёй роднай мясціны і верай.

    Да пачатку богаслужэння перад землякамі выступіў адзін з ініцыятараў і самых актыўных будаўнікоў маленькага храма, чалавек сталага ўзросту, поўны жыццёвай мудрасці Леанід Уладзіміравіч Шарамет. Ён расказаў, што жыццёвы прынцып народнай талакі ў Залужжы існаваў заўсёды. А капліца нагадвала кожнаму жыхару пра веру, дабрачыннасць, узаемапавагу. 

    Землякі вельмі ўдзячныя тым, хто праявіў найбольш старанняў дзеля ўзнаўлення культавай пабудовы: прадстаўнікам старэйшага пакалення братам Аляксандру, Леаніду, Генадзію, Уладзіміру Шараметам, Аляксандру Круму. Значны ўнёсак у высакародную справу зрабілі і іх дзеці. 

    Са згоды жыхароў айцец Уладзімір асвяціў капліцу ў гонар свяціцеля  Мікалая Цудатворцы. На Русі Мікалай Цудатворац займаў першае месца сярод святых (пасля Маці Божай) па колькасці прысвечаных храмаў і напісаных абразоў. Яго імя аж да пачатку XX стагоддзя было адным з самых папулярных пры хрышчэнні дзяцей.

    Завяршыць хочацца зноў словамі Леаніда Уладзімі- равіча Шарамета, які ўпэўнены ў тым, што ўсемагутнаму творцу трэба быць удзячным за тое, што ён даў чалавеку жыццё і ўзнагародзіў дарам умення бачыць прыгажосць, дабрыню, любоў і свабоду. Менавіта такімі, прыгожымі, добрымі і свабоднымі падаліся мне жыхары маленечкай вёсачкі, якія аб’ядналіся дзеля вялікай справы.

 Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.

На здымках: падчас асвячэння капліцы.

Фота аўтара.

Информацию читайте в номере 209 – 210  от 12.09.2012 г.