У ДУА “Яслі-сад № 5 г. Смалявічы” асаблівая ўвага надаецца развіццю беларускай нацыянальнай мовы, культуры. Вялікая роля ў далучэнні дзяцей дашкольнага ўзросту да родных беларускіх традыцый адводзіцца бацькам і педагогам. Важна, каб бацькі і педагогі былі шчырымі прыхільнікамі адраджэння беларускай культуры, разумелі неабходнасць ведання беларускай мовы, добра валодалі ёй.
Чацвер — адзіны беларускамоўны дзень ва ўсёй дошкольнай установе. Яго правядзенне патрабуе ўдумлівага падыходу і акрэсленых умоў. Гэта дзень, на працягу якога кожны ўдзельнік адукацыйнага працэсу: выхаванцы, іх бацькі, выхавальнікі, спецыялісты, а таксама загадчык установы, размаўляюць па-беларуску. Кожны чацвер мы не толькі далучаем дзяцей да роднай мовы, але і знаёмім з нацыянальнай культурай, мастацтвам і традыцыямі беларускага народа. У групах дзіцячага садка выхаванцы наведваюць міні-выставы гліняных вырабаў, вырабаў з саломкі, дрэва. На занятках знаёмяцца з элементамі арнаменту.
Немалаважнае значэнне надаецца азнаямленню з малой радзімай – Смалявічамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікай цікавасцю займаюцца з дыдактычным матэрыялам. У працэсе такой дзейнасці дзеці не толькі пашыраюць свой кругагляд, але і папаўняюць слоўнікавы запас новымі беларускімі словамі.
Далучэнне выхаванцаў да беларускай мовы пачынаем паступова з другой малодшай групы. “Хвілінкі беларускай мовы” праводзяцца падчас ранішняга прыёму, у другой палове дня. Чытанне невялічкіх вершаў, пацешак, правядзенне невялікіх гутарак даюць выхаванцам магчымасць пачуць беларускую мову, нагадваюць ім, што мы – беларусы, таму вучымся разумець родную мову, размаўляць на ёй. У кожнай узроставай групе аформлены кніжныя куткі, дзе знаходзіцца літаратура на беларускай мове, якая дазваляе знаёміцца з літаратурным і фальклорным матэрыялам. А гэта садзейнічае развіццю пазнавальных інтарэсаў дзяцей і пашырэнню іх кругагляда.
Валоданне беларускай мовай ўсё больш запатрабавана ў сучасным грамадстве. У крамах павялічваецца колькасць кніг, часопісаў, гульняў на беларускай мове. На вуліцах усё часцей можна сустрэць шыльды з беларускімі назвамі. Таму, ведаючы беларускую мову, дзіця мае значна больш магчымасцей для паўнавартасных зносін.
І самае галоўнае – вывучэнне беларускай мовы цесна звязана са знаёмствам з нацыянальнай гісторыяй, культурай. Што значна пашырае светапогляд дзіцяці, фарміруе густ. Разуменне фальклору, традыцый дапамагае балансаваць паміж сваім і чужым, каштоўным і часова модным, выхоўвае гонар за сваю краіну і павагу да беларусаў. Для таго, каб беларуская мова ўваходзіла ў сэрца і думкі дзяцей ненадакучліва і лёгка, мы спалучаем разнастайныя формы работы, якія не прымушаюць дзіця завучваць, а падштурхоўваюць да свядомага жадання запамінаць новыя словы, яскравы паэтычны радок, дзяліцца радасцю свайго адкрыцця з сябрамі, бацькамі, педагогамі. Напрыклад, гульнявы прыём: тэлеперадача “Добрай раніцы, Смалявіччына”, у якой дзеткі размаўляюць па-беларуску, чытаюць вершы на беларускай мове. Так рыхтаваліся і да раённага конкурсу “Дашкольнікі з любоўю да беларускай мовы” Марк Усцьянцаў, Уладзіслаў Міснікаў, Дар’я Панасеня, іх паважаныя бацькі і выхавальнік Казлова Любоў Мікалаеўна.
Вывучэнне беларускай мовы з маленства з’яўляецца не толькі важным фактарам развіцця дзіцяці, але і каштоўным набыткам для яго ў будучыні.
Галіна САДОЎСКАЯ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДУА “Яслі-сад №5 г. Смалявічы”.