Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Клянніцкім дзіцячым садзе – базавай школе з’яўляецца адным з самых папулярных, бо мерапрыемствы яго ўспрымаюцца вучнямі як своеасаблівае свята роднага слова, свята іх ведаў, здольнасцей, крэатыўнасці. Яно праводзіцца з мэтай павышэння матывацыі вучняў да вывучэння беларускай мовы, культурнай спадчыны нашай краіны, садзейнічае пашырэнню культурнага кругагляду, эрудыцыі, развіццю творчай актыўнасці, эстэтычнага густу.
Варта таксама адзначыць, што ў арганізацыі тыдня прысутнічае своеасаблівая маштабнасць. Таму падрыхтоўка да тыдня пачынаецца задоўга да яго правядзення. Як правіла, з найбольш актыўных вучняў ствараюцца творчыя групы:PR-кампанія, АRT-студыя, прэс-цэнтр, тэатральная майстэрня і інш.Усе міні-калектывы атрымліваюць заданні творчага характару па сваім накірунку. Такі падыход дае відавочны эфект: скіроўвае на сур’ёзнае станаўленне вучняў, дапамагае адчуць сябе значнай часткай калектыву, згуртоўвае, развівае пачуццё адказнасці, свядомай дысцыпліны.
У рамках тыдня займальна і цікава прайшла інтэлектуальная гульня “Хто жадае стаць выдатнікам?” з выкарыстаннем мультымедыйнай прэзентацыі. Вучням неабходна было адказаць на 10 пытанняў, якія былі звязаны з мовай, літаратурай, традыцыямі беларускага народа, сучасным жыццём нашай краіны. Удзельнікі паказалі добрыя веды і даказалі, што толькі той, хто ведае і паважае гісторыю і культуру свайго народа, можа стаць сапраўдным выдатнікам.
Сумесна з бібліятэкарам Клянніцкай сельскай бібліятэкі праведзены вусны часопіс “Ведай мову сваю, беларус”, падчас якога вучні пазнаёміліся з гісторыяй развіцця беларускай мовы, з сучаснымі набыткамі беларускай літаратуры, прачыталі вершы вядомых паэтаў, выказалі сваё ўласнае стаўленне да роднага слова. Удзельнікі мерапыемства адкрылі для сябе новыя, нязведаныя старонкі і пераканаліся, што яшчэ шмат цікавага можна даведацца, вывучаючы беларускую мову і літаратуру.
Вялікай цікавасцю ў вучняў карыстаюцца кніжныя выставы “Чытаем беларускіх класікаў”, “Пісьменнікі- юбіляры”. Не абыходзіцца тыдзень і без правядзення традыцыйных акцый “Размаўляй са мной па-беларуску”, “Гаварыць па-беларуску модна, стыльна”. Вучні 3-9 класаў штогадова з ахвотай прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе па беларускай мове “Буслік”.
Шчырыя ўсмешкі на тварах вучняў, радасны настрой, крэатыўная атмасфера – усё гэта сведчыць аб тым, што свята ўдалося і гэтыя дні сустрэчы з родным словам запомняцца ўсім надоўга.Тыдзень беларускай мовы прайшоў як заўсёды цікава, карысна, вынікова.
Наталля КНЫШАВА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Клянніцкага дзіцячага сада – базавай школы.
Фота з архiва школы.