ЧАМУ ТАК?
Аляксандра Халдзеенка, выпускніца гэтага года Прылепскай сярэдняй школы, першы раз пайшла ў шматдзённы турыстычны паход пасля чацвёртага класа. Мама на выпускным вечары расказвала, як Саша прыйшла дамоў стомленая, мокрая ад дажджу, з мазалямі на нагах. «Каб я яшчэ калі-небудзь пайшла!? Каб я?.. Ніколі больш!» А пасля гэтага сем школьных гадоў падарожнічала, з’яўлялася актыўнай удзельніцай турыстычных злётаў.
ЧАМУ ТАК?
Аляксандра Халдзеенка, выпускніца гэтага года Прылепскай сярэдняй школы, першы раз пайшла ў шматдзённы турыстычны паход пасля чацвёртага класа. Мама на выпускным вечары расказвала, як Саша прыйшла дамоў стомленая, мокрая ад дажджу, з мазалямі на нагах. «Каб я яшчэ калі-небудзь пайшла!? Каб я?.. Ніколі больш!» А пасля гэтага сем школьных гадоў падарожнічала, з’яўлялася актыўнай удзельніцай турыстычных злётаў.
Турыстычны паход. Што ж гэта такое? Чым ён так праываблівае? Чаму часта чалавек, які аднойчы пабываў у паходзе, не можа ўжо без гэтага?
Летам гэтага года члены аб’яднання па інтарэсах «Юны турыст» Смалявіцкага раённага Цэнтра дзіцячага турызму і краязнаўства ў рамках рэспубліканскай акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся» ажыццявілі захапляльнае падарожжа па Мінскай вобласці. Шлях пралягаў па тэрыторыі Смалявіцкага, Мінскага і Маладзечанскага раёнаў. Раўбічы, Радашковічы, Вязынка, Заслаўе, Мінскае мора, Курган Славы… У гэтых і яшчэ многіх месцах пашчасціла пабываць удзельнікам паходу. Кіраўнікі паходу Аляксандр Фёдаравіч Лукашэнка і Міхаіл Уладзіміравіч Супрановіч склалі маршрут, які дазваляў дзецям выпрабаваць свае фізічныя магчымасці, пазнаёміцца з прыроднымі, гістарычнымі, культурнымі аб‘ектамі, праверыць сябе ва ўзаемаадносінах у новым калектыве.
ПРОСТА РАЗАМ
Бывайце, Радашковічы! Наперадзе 15-кіламятровы пераход да вёскі Вязынка. Вілейскі канал блакітнай лініяй указвае нам дарогу. Поўныя сіл пачынаем свой шлях. Па дарозе дзеці размаўляюць. Аб чым? Ды ні аб чым. Дзяўчаты абмяркоўваюць падзеі мінулай дыскатэкі: якімі нязграбнымі аказаліся хлопцы. Хлопцы не прымушаюць сябе чакаць і падкрэсліваюць, якія дзяўчаты слабачкі, цягнуцца ў хвасце групы. Зразумела, што цяжка з рукзакамі за плячыма. Але што цікава? Пасля першага прывалу адна палатка дзяўчынак перакачавала ў рукзак хлопцаў. У канцы пераходу яны неслі ўжо і другую палатку. Як угаварылі?!
Горача! Прагноз мы глядзелі, і прыйшлося выбіраць. Горача – ісці цяжка, але можна купацца, халаднавата – купанне забаронена. Выбралі першае. Недзе пасля пяці кіламетраў пачынае мучыць смага. Вадой мы запасліся, але ў хлопцаў яна вельмі хутка закончылася. Зразумела! Вынік “пажырання” чыпсаў і салёных крэкераў. Пачынаецца высвятленне, хто чыю палатку дапамагае несці. Дзяўчынкі “з барскага пляча” пояць хлопцаў вадой.
Дарога ідзе ўздоўж канала. На шляху знаходзяцца тры помпавыя станцыі, якія абгароджаны. І нам прыходзіцца абыходзіць іх сцяжынкамі па зарасніках, падымаючыся і спускаючыся па схілах. І тут (гэта трэба было бачыць) гэтыя дзеці-калючкі прапаноўвалі адзін другому рукі, каб дапамагчы падняцца, або адхілялі і прытрымлівалі галіны, каб прайшлі сябры.
Апошні прывал. Стомленыя, мы размясціліся на газоне Купалаўскага запаведніка. Свята Купалля. Добрай традыцыяй стала збірацца жыхарам Беларусі на вязынкаўскай зямлі на свята паэзіі. Кожны год запаведнік радасна і шчыра вітае наведвальнікаў. Госці свята, тэлебачанне, выступленне фальклорных ансамбляў, кірмаш… Але вельмі шумна. І мы адкладваем экскурсію на заўтра.
Паставілі палаткі. Хлопцы ў пошуках дроў і вады, дзяўчынкі наводзяць парадак на стаянцы. Спрачаюцца, хто робіць больш карысную справу. Што важней: развесці вогнішча ці прыгатаваць вячэру? Але гэтыя спрэчкі, відаць, дзецям даспадобы. Падымаюцца ўверх ліхтарыкі, якія запускаюць госці свята. Змяркаецца. Сонца садзіцца за лес. Глядзіш збоку на дзяцей, якія не хочуць разыходзіцца па палатках ад вячэрняга вогнішча, і думаеш, што ж іх аб’ядноўвае? Хіба яны не стаміліся, не нагаварыліся за цэлы дзень? А ім проста хораша, яны радуюцца, што разам.
НАМ ЗАСТАЛАСЯ СПАДЧЫНА
Спадчына! Такое простае слова, і які няпросты яго сэнс. Спадчына – гэта наша мінулае, наша памяць. Сапраўды, цяжка ўявіць сабе чалавека без гісторыі, без кроўных сувязей з роднай зямлёй, без адчування сваіх вытокаў. Спадчына – гэта народныя традыцыі і культура, якія стагоддзямі складваліся ў беларускім народзе і якія засталіся нам, гэта шматлікія помнікі гісторыі нашай Беларусі, легенды і паданні. Ад былых пакаленняў нам засталася цудоўная і непаўторная прырода. Ёсць у нас бяскрайнія палі і лясы, прыгожыя рэкі і азёры.
— Вязынка… Тут, на гэтай зямлі, дзе чуваць нетаропкі голас рэчкі Вязынка, нарадзіўся народны паэт Янка Купала, — успамінае ўдзельніца паходу Алеся Бароўская. — Адкрытым позіркам глядзіць на свет хата, дзе ён нарадзіўся. Гэта — помнік беларускага драўлянага дойлідства 19-га стагоддзя. Дом-музей у абдымках зеляніны. Побач бруіць ставок, над якім схіляюцца вербы. Да рэчкі бяжыць жыватворная крыніца. Вакол невялікага пагорка — Купалаў сад. Мабыць, пра такі прыгожы сад паэт пісаў:
…Чарэшні, яблыні і грушы
Сышліся згадліва ў рад.
Ківаюць макаўкамі ўдала,
Плывуць напевы ад галін,
Як бы з іх кожная ўзывала:
“Хадзі, бяспутнік, адпачыць!..”
— А мяне глыбока ўразіў старажытны горад Заслаўе, яго помнікі, легенды,- дзеліцца сваімі думкамі вучаніца Эльміра Ішыгава. — Адна з іх расказвае, што Уладзімір Святаславіч, наўгародскі князь, хацеў ажаніцца з Рагнедай, дачкой полацкага князя Рагвалода. Але атрымаў адмову. Тады Уладзімір захапіў Полацк, забіў Рагвалода і дваіх яго сыноў, а Рагнеду ўзяў за жонку, даў ёй імя Гарыслава. Калі Уладзімір стаў Вялікім князем кіеўскім, ён пасяліў Рагнеду з сынам Ізяславам каля Кіева. Рагнеда з пачуцця помсты зрабіла няўдалы замах на жыццё Уладзіміра, пасля чаго была выслана з Кіева. Уладзімір Святаславіч для Рагнеды і сына Ізяслава пабудаваў на Полацкай зямлі горад, які назваў Ізяслаўлем. Першапачатковае ўмацаванне старажытнага Заслаўя гарадзішча Замэчак, курганныя могільнікі, якіх нямала ў гэтых месцах, напэўна, і зараз захоўваюць старажытныя таямніцы. Магчыма, калі-небудзь іх разгадаюць.
Аляксандра Халдзеенка працягвае свой аповед:
— Дарогі… Дарогі… Колькі іх, цяжка пералічыць. Крочыш, мераеш іх, а ім няма канца і краю. Дарогі з’явіліся там, дзе ішлі, ехалі людзі. Цяпер і мы крочым тымі ж дарогамі. Што сустрэне нас напердзе? Ведаем, куды ідзём, і не ведаем, бо нельга запланаваць усё, да апошняй сустрэчы. А цікавымі бываюць сустрэчы зусім выпадковыя.
Аднойчы спыніліся каля двара, у якім быў калодзеж. Зайшлі, спыталі, ці можна напіцца. Жанчына-гаспадыня сустрэла прыветна, вынесла кубкі. А калі даведалася, што мы здалёк падарожнічаем, твар яе яшчэ больш засвяціўся дабрынёй. Яна прыгадала, што яе ўнукі, якія жывуць у Мінску, таксама аматары падарожжаў, амаль нашы аднагодкі.
Гаспадыня стала распытваць нас. Паспачувала, што начуем у палатках, на такіх тоненькіх дыванках. Нам стала смешна. Не ведае яна, як мы чакаем лета, падарожжа. У палатках зусім не холадна, а дыванкі не прапускаюці ні вільгаць, ні холад. Мы расказалі аб усім, нават прапанавалі пасядзець на дыванку, пераканацца, наколькі зручна.
Адпачылі тут не толькі целам, але і душой. Прыемна было, што адбылася такая сустрэча. Успаміны пра размову грэюць душу не толькі нам. Жанчына нібы сустрэлася са сваімі ўнукамі. І зноў дарогі, дарогі. Чаканне новых цікавых сустрэч. Усё калі-небудзь заканчваецца. Хутка закончыўся і наш паход.
Адпачыўшы, магчыма, не адразу, мы абавязкова вернемся ў нядаўняе мінулае, падумаем, чым жа цікавым прыцягваюць нас падарожжы? Новымі ўражаннямі ад убачанага і пачутага? Новымі сяброўскімі адносінамі? Познімі гутаркамі каля вогнішча, сустрэчамі з цікавымі людзьмі, рознымі чаканымі і нечаканымі прыгодамі? Безумоўна, гэтым і яшчэ многім, многім іншым. У кожнага знойдзецца свой адказ. А можа, і не трэба шукаць адказу?
Аляксандр Фёдаравіч ЛУКАШЭНКА, педагог дадатковай адукацыі Смалявіцкага РЦДТ і К (Выкарыстаны пісьмовыя сачыненні ўдзельніц паходу)
На здымку: удзельнікі паходу.
Подробную информацию читайте в номере 275 – 278 от 23.11.2013 г.