ПУНКТ ДРУГІ. ЧАМУ Ў АЛЕСІНЕ “ШЫПЯНЫ – АСК”?
Вёска Шыпяны ўпершыню ўпамінаецца ў гістарычных дакументах як маёнтак у Мінскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. Вядомасць і развіццё шыпянская акруга атрымала ў 19 стагоддзі, калі яе ўладальнікамі сталі памешчыкі Манюшка. Іх старажытнаму роду належалі вялікія абшары на тэрыторыі сучасных Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў. У нашым раёне гэта вёскі Шыпяны, Алесіна, Верхмень, Туры, Студзёнка, Заброддзе, Дабраводка, Дуброва, Роткаўшчына. На жаль, Роткаўшчына была знішчана гітлераўцамі, ды так і не адрадзілася. А некалі ж Роткаўшчына была ўладаннем Дамініка Манюшкі — дзядзькі знакамітага кампазітара і дырыжора Станіслава Манюшкі. Дамінік Манюшка быў чалавекам перадавых поглядаў, заснаваў агранамічную школу для мясцовых сялян.
ПУНКТ ДРУГІ. ЧАМУ Ў АЛЕСІНЕ “ШЫПЯНЫ – АСК”?
Вёска Шыпяны ўпершыню ўпамінаецца ў гістарычных дакументах як маёнтак у Мінскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага. Вядомасць і развіццё шыпянская акруга атрымала ў 19 стагоддзі, калі яе ўладальнікамі сталі памешчыкі Манюшка. Іх старажытнаму роду належалі вялікія абшары на тэрыторыі сучасных Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў. У нашым раёне гэта вёскі Шыпяны, Алесіна, Верхмень, Туры, Студзёнка, Заброддзе, Дабраводка, Дуброва, Роткаўшчына. На жаль, Роткаўшчына была знішчана гітлераўцамі, ды так і не адрадзілася. А некалі ж Роткаўшчына была ўладаннем Дамініка Манюшкі — дзядзькі знакамітага кампазітара і дырыжора Станіслава Манюшкі. Дамінік Манюшка быў чалавекам перадавых поглядаў, заснаваў агранамічную школу для мясцовых сялян.
Пазней тут было валоданне роду Ваньковічаў.
Будынкі дзевятнаццатага стагоддзя — дабротныя, з каменю і чырвонай цэглы — яшчэ і сёння служаць. У адным з іх размешчана кантора сельгаспрадпрыемства, у іншых — сталовая, клуб і інш.
Яшчэ ў чэрвені 1920 года выйшла пастанова Савета Народных Камісараў БССР аб стварэнні на базе маёнтка Ваньковічаў у вёсцы Шыпяны аднайменнага саўгаса. Тады тут працавала 17 чалавек, якія апрацоўвалі 105 гектараў пашы, 50 гектараў сенакосаў, мелі 25 гектараў лесу. У гаспадарцы мелася 12 коней, 3 каровы, 2 свінаматкі.
Менавіта з тых часоў захоўваецца назва сельгаспрадпрыемства “Шыпяны”. Праўда, сёння яна крыху трансфармавалася і гучыць як РДУП “Шыпяны-АСК”. Сёння гэта — паспяховая сельскагаспадарчая арганізацыя пад кіраўніцтвам дырэктара Мікалая Якаўлевіча Карася, якая мае ў актыве шматлікія перамогі ў раённых і абласных конкурсах і спаборніцтвах. Больш за пяць тысяч гектараў апрацоўваюць мясцовыя сяляне. Нельга нават і параўноўваць забяспечанасць гаспадаркі на золку яе заснавання і зараз. А вось назву — захавалі.
ПУНКТЫ ДРУГІ, ТРЭЦІ, ЧАЦВЁРТЫ…
Карэспандэнты “КС” пабывалі на розных аб’ектах аграгарадка Алесіна. Пошта, амбулаторыя, сельскі Дом культуры, дзіцячы садок, лазня, сталовая… Усюды заўважаецца дагледжанасць, акуратнасць. Усе, з кім прыходзілася размаўляць, ганарацца сваёй малой радзімай. Так, загадчыца Дома культуры Ілона Юр’еўна Дастанка нарадзілася і вырасла ў Алесіне. Другі год працуе на ніве культуры студэнтка-завочніца лінгвістычнага універсітэта. Па заканчэнні прэстыжнай ВНУ пакідаць родны аграгарадок не збірацца. Падабаецца ёй праца ў клубе. Заўсёды тут кіпучая дзейнасць. Працуюць гурткі “Арт-школа”, сольных спеваў, “Юны лялечнік”, дзейнічае тэатр мініяцюр, праводзяцца тэматычныя дыскатэкі. Установа культуры забяспечана неабходнай тэхнікай і абсталяваннем. І наведвальнікі, і найлепшыя памагатыя для Ілоны Юр’еўны — яе юныя сябры. Гэта — Аня і Марына Яўсеевы, Станіслаў Салодкі, Лёша Кульбечка, Таня Блонская.
Зладжаны калектыў вузла паштовай сувязі “Алесіна” Смалявіцкага РВПС вось ужо пятнаццаць гадоў узначальвае Кацярына Аляксандраўна Чыстая. Пад яе кіраўніцтвам працуюць паштальёны Наталля Паўлаўна Цвілік, Жанна Валянцінаўна Ягорава, Наталля Мікалаеўна Разумовіч. Работы шмат — ВПС “Алесіна” абслугоўвае 452 двары ў шасці населеных пунктах. Ужо некалькі гадоў, як пошта прадстаўляе магчымасць доступу да сусветнай інтэрнет-сеткі. Асабліва гэтая паслуга запатрабавана ў летні час, калі шмат дачнікаў.
За першае паўгоддзе калектывам атрымана 31,9 мільёна рублёў выручкі пры плане ў 31,7 мільёна.
Алесінская амбулаторыя, абавязкі загадчыцы якой выконвае Таццяна Яўстратаўна Красніцкая, адна з самых новых і добра абсталяваных у раёне. Тут маецца аптэчны пункт, стаматалагічны, фізія-тэрапеўтычны і іншыя кабінеты, дзённы стацыянар. Будынак амбулаторыі быў здадзены ў эксплуатацыю 2 сакавіка 1998 года. Разлічаны на 100 наведванняў за змену. Сёння наведвальнікаў меней. Нават у зімні перыяд — 50 – 60 чалавек. Разам з тым, у зону абслугоўвання ўваходзяць 23 вёскі з колькасцю насельніцтва 1985 чалавек. Некалькі разоў на тыдзень сюды наведваюцца тэрапеўт і педыятр. Добра ведаюць алесінцы ўчастковую медыцынскую сястру Іну Уладзіміраўну Старынскую, якая заўсёды прыветная, чулая да чужога болю.
Завітаўшы ў сталоўку сельгаспрадпрыемства, мы пазнаёміліся з выдатным поварам Людмілай Міхайлаўнай Толкач. Гэта ёй удзячныя механізатары, занятыя на жніве, за смачныя і сытныя абеды.
Вось такі ён, аграгарадок Алесіна. Сучасная, уладкаваная і прыстасаваная для годнага, нічым не горшага, а нават і лепшага, чым у горадзе жыцця, вёска.
Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.
Фота Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.