АЛІМПІЙЦЫ ЖЫТНІХ ПАЛЁЎ

Мабілізаваць усе сілы. Дом, сям’я, адпачынак — на другі, а то і на трэці план. Усё — дзеля перамогі. Гэтымі днямі беларускія атлеты на ХХХ Алімпійскіх гульнях у Лондане пакараюць спартыўныя вяршыні. У гэты ж час з не меншым стараннем землякі – хлебаробы ставяць уласныя рэкорды.

 

    АЛІМПІЙЦЫ ЖЫТНІХ ПАЛЁЎ

 

Мабілізаваць усе сілы. Дом, сям’я, адпачынак — на другі, а то і на трэці план. Усё — дзеля перамогі. Гэтымі днямі беларускія атлеты на ХХХ Алімпійскіх гульнях у Лондане пакараюць спартыўныя вяршыні. У гэты ж час з не меншым стараннем землякі – хлебаробы ставяць уласныя рэкорды.

Першым у раёне вадзіцель ААТ “Смалявіцкі райаграсервіс” Уладзімір Міхайлавіч Ходас перавёз тысячу тон зерня. У пятніцу на ўскрайку поля побач з вёскай Тадуліна ў час невялікага перапынку ўшаноўвалі перадавога вадзіцеля. Старшыня Смалявіцкага райвыканкама Міхаіл Гаўрылавіч Загорцаў і начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Вячаслаў Мікалаевіч Лапатка  ўручылі У.М.Ходасу Дыплом і прэмію, а старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Пятровіч Сцепуценка  — ручную цыркулярную пілу. Як пераможцу ўнутрыгаспадарчага спаборніцтва, прэмію «тысячніку» ўручыў і дырэктар Міхаіл Пятровіч Кананенка.

Усяго некалькі хвілін займае ўзнагароджванне, а прозвішчы пераможцаў-тысячнікаў назаўсёды застануцца ў летапісе раёна. Жніво працягваецца, і з кожным новым яго кругам залаты зерневы запас Смалявіччыны ўсё больш папаўняецца. Дзясяткі камбайнераў, вадзіцеляў, работнікаў зернетакоў і рамонтных брыгад забыліся пра многае: кароткі перапынак на сон — і зноў “у пракос”. І так дзень за днём, пакуль апошні колас не схіліцца пад жаткай камбайна, пакуль апошняе зярнятка не стане часткай агульнага хлебнага каравая.

Камбайнеры і вадзіцелі  ў гэтыя дні працуюць па-ўдарнаму, іх рэкорды для краіны не меней значныя, чым алімпійскія.

Уладзімір МІХАЙЛОЎСКІ.

На здымку: першага “тысячніка” У.М.Ходаса (злева) віншуе з працоўнай перамогай старшыня райвыканкама М.Г.Загорцаў.

Фота Аляксандра ВАЛАДЗЬКО.

Информацию читайте в номере 173-174  от 01.08.2012 г.