Школьныя канікулы ў самым разгары, як і сезон летняга адпачынку. Бавіць час у гэту пару можна па-рознаму. Каб разнастаіць свой адпачынак, мы прапаноўваем наведаць Цэнтральную раённую бібліятэку імя М. Багдановіча, дзе для зацікаўленых чытачоў арганізавана некалькі літаратурных выстаў.

Школьныя канікулы ў самым разгары, як і сезон летняга адпачынку. Бавіць час у гэту пару можна па-рознаму. Каб разнастаіць свой адпачынак, мы прапаноўваем наведаць Цэнтральную раённую бібліятэку імя М. Багдановіча, дзе для зацікаўленых чытачоў арганізавана некалькі літаратурных выстаў.

Першая і, напэўна, самая цікавая выстава-роздум, размешчаная ў чытальнай зале, носіць назву “Будущее свершается сейчас”. З дапамогай гэтай выставы работнікі бібліятэкі імкнуцца захаваць бібліятэчныя фонды для нашчадкаў і прапагандаваць павагу да кнігі сярод чытачоў. Выстава падзяляецца на тры імправізаваныя часткі. На адной з іх выстаўлены літаратурныя навінкі – кнігі, што з’явіліся ў бібліятэцы ў 2010 годзе. Гэта акуратныя і прыгожыя экзэмпляры, якія яшчэ маюць прыемны пах друкарскай фарбы. На другой частцы шырока прадстаўлены кнігі-ахвяры чытацкай безадказнасці: вырваныя і надарваныя лісты, брудныя пераплёты. Трэцяя частка выставы з надпісам “2050 год” увогуле пустуе. Чаму? Напэўна, таму, што неахайныя чытачы сапсавалі ўсе кнігі.

Для тых, хто цікавіцца гісторыяй літаратуры, работнікі бібліятэкі падрыхтавалі не менш цікавую выставу “Кнігі-юбіляры 2010 года”. Гэтая выстава сабрала кнігі, якія ў гэтым годзе святкуюць чарговы юбілей. Сярод іх як даволі маладыя выданні, напрыклад, «Милый друг» Гі дэ Мапасана (кнізе споўнілася 125 год), так і ветэраны, такія як “Дон Кихот” Сервантэса (кніга святкуе свой 405-ы дзень нараджэння).

Аматарам прыроды можна параіць выставу “Беражы свой дом, сваю планету”, прысвечаную Міжнароднаму году біялагічнай разнастайнасці, якім быў абвешчаны 2010 год. На паліцах гэтай выставы можна знайсці шмат цікавай літаратуры аб прыродзе, у тым ліку і беларускіх аўтараў. Да прыкладу, на выставе ёсць кніга навуковага супрацоўніка Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Аркадзя Мікалаевіча Скуратовіча, які, дарэчы, з’яўляецца нашым земляком.

Карацей кажучы, любому, хто спякотным летнім дзяньком вырашыць наведаць бібліятэку, знойдзецца і кніга, і выстава на любы густ.

Вікторыя ЖЫЛЯКОВА.

Фота аўтара.