Апошнім часам ўсё больш беларусаў праяўляюць жаданне зазірнуць у
глыбіню вякоў, каб даведацца пра гісторыю свайго роду, сваёй малой радзімы,
зазірнуць у той час, які быў напоўнены
стваральнай працай нашых прашчураў.

Цікавасць да лёсу майго роду і да роднага краю падахвоціла мяне
заняцца вывучэннем дакументаў, якія захоўваюцца ў архівах і ўтрымліваюць
звесткі пра мінулае. З гэтых крыніц я
многае даведалася не толькі пра свой род, але і
пра падзеі, людзей маёй роднай Шпакоўшчыны і некаторых навакольных
населеных пунктаў. Вёска
Шпакоўшчына ўваходзіць ў састаў
населеных пунктаў Усяжскага сельсавета,
размяшчаецца на паўночны-усход ад пасёлка Усяж цяпер так блізка, што
яе некаторыя жыхары нават лічаць адной з яго вуліц.

Апошнім часам ўсё больш беларусаў праяўляюць жаданне зазірнуць у глыбіню вякоў, каб даведацца пра гісторыю свайго роду, сваёй малой радзімы, зазірнуць у той час, які быў напоўнены стваральнай працай нашых прашчураў.

Цікавасць да лёсу майго роду і да роднага краю падахвоціла мяне заняцца вывучэннем дакументаў, якія захоўваюцца ў архівах і ўтрымліваюць звесткі пра мінулае. З гэтых крыніц я многае даведалася не толькі пра свой род, але і пра падзеі, людзей маёй роднай Шпакоўшчыны і некаторых навакольных населеных пунктаў. Вёска Шпакоўшчына ўваходзіць ў састаў населеных пунктаў Усяжскага сельсавета, размяшчаецца на паўночны-усход ад пасёлка Усяж цяпер так блізка, што яе некаторыя жыхары нават лічаць адной з яго вуліц.

 

Ці мог падумаць тры стагоддзі таму назад наш продак, прыгонны селянін графаў Тышкевічаў Астап Казак, што яго лёс зацікавіць некага з яго нашчадкаў у восьмым калене (гэта нашы дзеці) і ў дзевятым (нашы ўнукі)?

Знакаміты род Тышкевічаў абаснаваўся на землях сучаснай Беларусі на пачатку шаснаццатага стагоддзя, калі адзін з іх продкаў, Васіль Тышкевіч ажаніўся на дачцэ князя Чартарыйскага, якому ў той час належылі Лагойск і землі ў яго наваколлі. У якасці спадчыны Васіль Тышкевіч атрымаў землі на Лагойшчыне, дзе і стварыў свой маёнтак. У сярэдзіне шаснаццатага стагоддзя ад караля польскага і Вялікага княства Літоўскага Жыгімонта Аўгуста ён атрымаў тытул графа.

Нашы далёкія продкі Казакі былі прыгоннымі сялянамі Тышкевічаў. Мяркуючы па дакументах, жылі яны ў Мінскім павеце ў вёсках Слабада, Прудзішча, Навасёлкі, Узборжа, Брадок, Кудрышчына, Дуброва. У перапісе насельніцтва за 1795 год сустракаецца запіс, што месцам пражывання нашых Казакоў з’яўляецца вёска Трубічына. Рассяленне сваіх прыгонных Тышкевічы праводзілі пасля таго, як пашыраліся іх зямельныя ўладанні. Гаспадары выдзялялі – «отрубали” — участак зямлі, дзе і сялілі сялян, дзе яны апрацоўвалі панскую зямлю і свае невялічкія надзелы. Назва вёскі Трубічына пайшла менавіта ад гэтых слоў – «отруб”, «отрубать”. Такім чынам, пасяленне ўзнікла на «отрубных” землях, а людзі прыдумалі яму больш зручную назву. Трубічына ўваходзіла ў маёнтак Астрашыцы.

У 1853 годзе ад гэтага асноўнага маёнтка Тышкевічаў аддзялілася частка зямель, і быў ўтвораны маёнтак Высокае, які прадалі Роберту Антонавічу Радзевічу. Ад Радзевіча маёнтак пераходзіць у спадчыну да яго дачкі Марыі Габіх, а яна ў сваю чаргу ў 1896 годзе прадае ўладанні памешчыку Мікалаю Іванавічу Дзямідаву. Апошнім уладальнікам Высокага быў Сяргей Людвігавіч Бараноўскі.

У гэтым маёнтку ў панскім доме размяшчалася Ізбіцкая царкоўна-прыходская школа, якая была адчынена ў 1908 годзе. Вучыліся ў ёй дзеці з вёсак Высокае, Ізбіцкае, Рэпішча, Трубічына, Шпакоўшчына, Жэўніно. Вучыліся толькі хлопчыкі і ўсяго два гады. Вывучалі закон Божы, царкоўныя песнапенні, пісьмо і арыфметыку. З 1918 года школа называлася земскай. А ў 1922 годзе атрымала назву «Избицкая советская трудовая школа”. Захаваўся план-чарцёж будынка гэтай школы з надворнымі пабудовамі таго часу.

На пачатку дваццатага стагоддзя пры маёнтку Высокае быў пабудаваны драўляны млын. Знаходзіўся ён на паўднёва-усходняй ускраіне вёскі Высокае , на правым беразе ракі Усяжа, каля аўтамабільнай дарогі Смалявічы-Лагойск. Гэта быў сапраўдны драўляны цуд, зроблены рукамі нашых таленавітых продкаў. У наш час ён быў аднесены да ліку помнікаў прамысловай архітэктуры. Млын арганічна ўпісваўся ў тое на дзіва прыгожае месца. Калісьці млын добра служыў людзям. Без яго немагчыма было ўявіць сялянскае жыццё. Млын не толькі малоў зерне. Для людзей паездка на млын была як свята. Мае малодшыя браты заўсёды ездзілі з татам у якасці памагатых і з захапленнем расказвалі пра сам працэс памолу, пра ўсё, што там адбывалася. Я таксама добра памятаю, як у нас, у Шпакоўшчыне, збіраліся людзі везці зерне малоць на высоцкі млын. Звычайна некалькі гаспадароў запрагалі каня, складвалі на падводу хто мех, хто два, а хто і паўмяшэчка зерня. І адпраўляліся па дарозе праз Высоцкі лес на млын. А ўжо каля млына быў цэлы натоўп людзей з падводамі. Прыязджалі людзі з усёй акругі. Многія былі добра знаёмымі, рады былі сустрэцца, падзяліцца навінамі. Там жа малолі і калгаснае зерне. Але ішоў час, насельніцтва стала менш трымаць жывёлы, з’явіліся міні-млыны на электрычнасці. І адпала неабходнасць у высоцкім млыне, ён прыйшоў у заняпад, а пасля яго і зусім разабралі.

Мая родная вёска Шпакоўшчына таксама мае цікавае мінулае. Яе гісторыя цесна звязана з вёскай Трубічына. Так цесна, што нават у дакументах у 19-м стагоддзі пісалі: «Трубичино (то же Шпаковщина)”. Думаю, такое напісанне адбывалася па прычыне вельмі блізкага месцазнаходжання вёсак. Канчатковая назва «Шпакоўшчына» замацавалася за вёскай пасля 1861 года, пасля адмены прыгоннага права. Сялянам было дазволена выкупляць зямлю ў памешчыкаў. Тады і пачалося рассяленне жыхароў з вёскі Трубічына на тэрыторыю сучаснай Шпакоўшчыны.

Памешчыкі імкнуліся прадаваць горшыя землі, а лепшыя пакідалі сабе. Сяляне былі не задаволены такім падыходам. У гэты час паўсюдна па ўсёй Беларусі, і ў маёнтку Высокае таксама, пачаліся выступленні сялян, якія патрабавалі зменшыць плату за выкупляемую зямлю і адмену паншчыны. Бо нягледзячы на тое, што прыгоннае права было адменена ў 1861 годзе, але сяляне да выкупу сваёй зямлі лічыліся часоваабавязанымі і павінны былі плаціць пану падаткі. Людзі нападалі на панскія маёнткі, разбуралі і нават падпальвалі іх. Для аховы сваіх уладанняў памешчыкі ў гэты час утварылі сельскую ўзброеную варту – караулы. У адным такім карауле ў маёнтку Высокае пана Роберта Радзевіча служыў наш родзіч Адам Лявонавіч Казак, якому на той час было 18 гадоў. Як сведчаць архіўныя дакументы, за добрасумленную службу ён быў узнагароджаны медалём і 25 рублямі.

Вынікам сялянскіх выступленняў стала тое, што плату за выкупляемую зямлю ўсё ж паменшылі.

Наш прапрадзед Сцяпан Кандратавіч Казак быў першым у нашым родзе, хто вывеў сваю сям’ю з-пад панскага прыгнёту, даў сваім дзецям магчымасць адчуць сябе гаспадарамі на сваёй зямлі. У 1866 годзе ён выкупіў 20 дзесяцін і 1693 сажані зямлі. Зямля была выкуплена ў крэдыт пад 6% гадавых на 49 гадоў. Банк выплочваў памешчыку ўвесь кошт зямлі, а прапрадзед Сцяпан павінен быў уносіць у банк плату ў памеры 14 рублёў 49, 25 капейкі. Гэта былі вялікія грошы. Але ж зямля была карміцелькай для сялян. У Сцяпана раслі тры сыны: Мікалай, Фёдар і Міхась ( наш прадзед). Самы вялікі кавалак зямлі Сцяпан выдзеліў Міхасю, у якого на той час таксама раслі тры сыны: Нупрэй, Сымон і Іван (наш дзед). Вось Івану Міхайлавічу Казаку, майму дзеду, дасталася зямля на самай горцы, дзе ён і пабудаваў сваю хату. А выплочваць доўг за зямлю вялікай сям’і давялося аж да самай рэвалюцыі. Падчас калектывізацыі большую частку дзедавай зямлі забралі ў калгас, а тая, што засталася, затым перайшла да майго таты Мікалая Іванавіча Казака, дзе ён і мама Ніна Васільеўна гаспадарылі да сваіх апошніх дзён.

У Шпакоўшчыне наша месца называлі Казакова гара, бо тут жылі адны нашы сваякі. Зараз мы, іх нашчадкі, жывём у бацькоўскім доме, на той самай зямлі, на якой хадзіла і працавала не адно пакаленне нашых продкаў. Я пераканана, што наш дом, зямля ніколі не апусцеюць. Падрастаюць нашы ўнукі, якія любяць, шануюць і будуць берагчы гэтую спадчыну і ўдзячную памяць аб сваіх працавітых продках. А значыць, і Казакова гара будзе жыць!

 

Шпакоўшчына адносілася да Астрашыцка-Гарадзецкай воласці аж да 1924 года, калі быў створаны Смалявіцкі раён. Згодна Усесаюзнага перапісу 1926 года, у нашай вёсцы налічваліся 42 двары і 238 жыхароў. І ў ранейшыя часы вёска таксама была шматлюднай.

У тым жа 1926 годзе ў вёсцы быў створаны вапнавы завод. Але ў адным з архіўных дакументаў мне сустрэўся факт аб тым, што гэты завод існаваў ужо ў 1921 годзе. У 1930 годзе завод атрымаў назву Міллянаўская арцель «Чырвоная вапна”. І адносілася гэтая арцель да калгаса «Будзёнавец”, створанага ў нашай вёсйы. У арцелі выраблялі вапнавыя ўгнаенні для палёў і будаўнічую вапну. Падчас вайны немцы называлі арцель «Шпакоўшчына”. Пазней, ужо пасля вайны, на гэтым месцы быў пабудаваны завод сілікальцытных вырабаў.

З 1929 года ў Шпакоўшчыне дзейнічала яшчэ адно прадпрыемства – майстэрня па вырабу гонту – невялікай дошчачкі, апрацаванай спецыльным спосабам і выкарыстоўваемай для накрыцця дахаў. Гонт шырока выкарыстоўваўся. Ім былі пакрыты дахі дамоў пана Папова ў маёнтку Прылепы і памешчыка Бараноўскага ў маёнтку Высокае. У Шпакоўшчыне арцель называлі проста лесапілкай. Знаходзілася яна прыкладна на тым месцы, дзе цяпер размешчана газаразмеркавальная станцыя, насупраць праз дарогу.

Як ужо гаварылася, у 1929 годзе быў заснаваны прамкалгас «Будзёнавец”. Чаму – прамкалгас? Ды таму, што, акрамя вырошчвання сельгаспрадукцыі, за калгасам былі замацаваны і прадпрыемствы, якія названы вышэй, — вапнавая арцель і майстэрня па вырабу гонту. Калгасу даводзіліся планы па выпуску гэтай прадукцыі. Праца на гэтых прадпрыемствах лічылася «трудгужповинностью” і не аплочвалася. Асноўнай жа была праца ў калгасе, якая падлягала аплаце. І што ж гэта былі за заробкі? У дакуменце за 1933 год з Мінскага абласнога архіву бачна, што «пры размеркаванні на працадзень выпала 2, 848 грамаў жыта, 0,442 грамы пшаніцы, 0,458 грамаў ячменю, 4,930 грамаў бульбы, 1,733 грамаў яравой саломы, 3,190 грамаў жытняй саломы, 0,516 грамаў мякіны”. Запісана ў гэтым дакуменце, што лепшымі калгаснікамі за год было выпрацавана 194 працадні. Мой тата таксама быў аднесены да лепшых. За сваю ўдарную працу ён атрымаў за год… Падлічыце самі.

Выжыць тады дапамагала асбістая гаспадарка, на якой ўся сям’я працавала ад цямна да цямна. Слова «выхадны” ніхто не ведаў. Адпачыць можно было толькі ў вялікія царкоўныя святы. Добрай дапамогай вяскоўцам быў лес. Збіралі ягады, грыбы, арэхі, прадавалі ў горадзе, каб потым набыць сабе вопратку ці іншыя рэчы. Я сама, напрыклад, на заробленыя такім чынам грошы купіла ў хату этажэрку, на якой размяшчаліся кнігі, падручнікі, школьныя прылады.

 

На Беларусі паўсюдна была распаўсюджана такая форма ўзаемадапамогі, як талака. Пабудаваць хату, хлеў, узараць поле, пасадзіць і выбраць бульбу, зжаць жыта – гэтую працу аднавяскоўцы выконвалі разам – талакой. Уся вёска жыла, як адна сям’я. Без дапамогі сваякоў і суседзяў было не пражыць. Ніхто ні з каго платы не браў. Ды і чым было плаціць, калі грошай калгаснікам доўгі час не плацілі? Цяжкі быў час. Больш гаротных і бедных людзей, чым калгаснікі, тады не было. Можа, таму і само слова «калгаснік” гучала так зневажальна. Але ж людзі жылі, працавалі, дзяцей гадавалі, адукацыю ім давалі.

Як я ўжо казала, наша вёска была мнагалюднай. Людзі былі розныя па характарах, па ладу жыцця. Але яднала іх працавітасць, дабрыня, спагада слабейшаму. Навуку спасцігалі не толькі па падручніках, але захоўваючы традыцыі, вопыт. Жыхары Шпакоўшчыны ўмелі вырасціць добры ўраджай, ведалі шмат сакрэтаў, як сельгаспрадукцыю перапрацоўваць і захоўваць. Рабілі гэта так, што сучасныя тэхнолагі з адукацыяй могуць пазайздросціць. Апроч таго, яны валодалі многімі рамёствамі. Калі каму трэба было сплесці кош, то звярталіся да Вікенція Талуеўскага, альбо Бінкі, як яго звалі ў Шпакоўшчыне. Добрым майстрам у гэтай справе быў Антон Карпавіч Бароўскі. Мальвіна Міхайлаўна Жукоўская была добрай швачкай, абшывала амаль усіх шпакоўскіх жыхароў. Была ў вёсцы і свая народная лекарка – Марыля Шчурачыха. Яна магла і зуб загаварыць, і ў іншых няшчасцях дапамагчы.

Асобых слоў і пашаны заслугоўвае стрыечны брат майго таты Пётра Ануфрыевіч Казак. Ён быў адзіным майстрам у акрузе, які ўмеў скласці зруб у «чысты вугал” ці «ластаўчын хвост”. Умеў Пётра Ануфрыевіч майстраваць і калёсы для конскіх павозак. А гэта была вельмі складаная справа.

А які смачны хлеб выпякала Лёня Марцынкевіч альбо Лёня Сідаркова, як яе звалі ў Шпакоўшчыне! Для нас, дзяцей, яна была проста цётка Лёня. Мы жылі праз адну хату, і я не раз была ў яе і назірала, як выпякаецца хлеб. Цётка Лёня спачатку чаравала над цестам, рабіла з яго круглыя боханы, размяшчала іх на капусныя лісты і адпраўляла ў печ. Выпадала і мне паласавацца свежаспечаным хлебам. Які гэта быў водар, які смак! Самыя лепшыя сучасныя гатункі хлеба не параўнаюцца з тым, які пякла цётка Лёня.

 

Жыў у нашай вёсцы былы партызан Васіль Мядзведзеў. Быў ён актыўны, неабыякавы да вясковага жыцця. Яго турбавала пытанне аб увекавечванні памяці воінаў, якія загінулі ў час вайны і былі пахаваны ў розных навакольных мясцінах. Мядзведзеў напісаў аб гэтым ў нашу раённую газету. А праз пэўны час, 12 мая 1959 года, газета паведаміла, што астанкі воінаў былі перазахаваны ў адной брацкай магіле на ўскраіне пасёлка Усяж і там пастаўлены помнік. Знайшлі там апошні прытулак воіны і партызаны, якія раней былі пахаваны на хутары Жаўніно, у Шпакоўшчыне, Міллянаве, Высокім і Дубовіках. Так што ёсць немалая заслуга Васіля Мядзведзева ў тым, што зроблена добрая справа па ўвекавечанні памяці ахвяр вайны.

Да 60-х гадоў мінулага стагоддзя сялянам не выдавалі пашпарты, і людзі не маглі пакідаць свае вёскі без дакумента. Майму бацьку пашпарт выдалі толькі ў 1977 годзе, а ў 1981 годзе ва ўзросце 66 гадоў таты не стала. Паўнапраўным грамадзянінам з пашпартам ён пражыў усяго трохі больш трох гадоў. Калі пачалі выдаваць пашпарты, многія жыхары пачалі пераязджаць у гарады, у мясціны, дзе можна было зарабіць грошы, лепш уладкаваць сваё жыццё. І многія вясковыя жыхары паехалі працаваць на мінскія прадпрыемствы, на будоўлі, на цаліну ў Казахстан, на шахты Данбаса, на Поўнач – туды, дзе былі патрэбны рабочыя рукі. Моладзь з’язджала, а ў вёсках заставаліся ў асноўным старэйшыя жыхары. Такі ж лёс напаткаў і Шпакоўшчыну. Сёння мая родная вёска зусім не тая, што была ў пару майго дзяцінства і юнацтва. Большасць яе насельніцтва – так званыя дачнікі. Але хочацца, каб і яны бераглі вёску, яе традыцыі, беражліва адносіліся да прыроды і да зямлі, якая дасталася ў спадчыну.

Валянціна Мікалаеўна КАЗАК.

Вёска Шпакоўшчына Усяжскага сельсавета.

Информацию читайте в № 157-160 от 01.06.2016г.