Паважаная рэдакцыя!
Звяртаюцца да вас жыхары пасёлка Зялёны Бор, каб выказаць падзяку добрым людзям за тое, як хораша ў нас, у Зялёным Бары. Жывём мы сярод лесу, населены пункт быццам патанае ў зеляніне соснаў, бяроз, зранку чуцен спеў птушак, і зязюлька старанна адлічвае камусьці гады. Людзі ў нас сумленныя і працавітыя, ды і таленавітасцю нашых жыхароў гасподзь не пакрыўдзіў.
Хочацца выказаць словы падзякі за сумленную працу старшыні пасялковага Савета дэпутатаў Наталлі Аляксандраўне Саковіч. Гэта чалавек добрай душы. Яна разам з намі жыве клопатамі свайга пасёлка, імкнецца, каб ён прыгажэў. Вялікі дзякуй за рамонт помніка воінам-героям, які знаходзіцца пры ўваходзе на могілкі. Каля помніка зараз — новая плітка, і адразу стала прыгажый. Кожны год на свята 9 Мая каля помніка адбываецца мітынг, на які запрашаюць ветэранаў, воінаў-інтэрнацыялістаў. У іх гонар гучаць песні, вершы. Дзякуем Наталлі Аляксандраўне і за куточак адпачынку, які з’явіўся ў пасёлку насупраць дзіцячага садка. Тут размясціліся зручныя лавачкі, дарожкі, дзве кветкавыя клумбы. Атрымалася прыгожа. Цяпер ёсць месца, дзе можна адпачыць мамам з дзецьмі, пажылым людзям і закаханым.
Таксама жадаем выказаць падзяку загадчыку мясцовага клуба Валерыю Віктаравічу Гусеву і дырэктару школы Таісіі Анатольеўне Калбасенка. Яны імкнуцца сваёй працай зрабіць так, каб у пасёлку быў парадак, каб моладзь і людзі старэйшага ўзросту не сумавалі, і каб маладая змена расла адукаванай і сумленнай.
Вельмі прыемна жыць і ведаць, што ёсць людзі, адданыя сваёй працы. Людзі, якія не пройдуць міма чужых праблем. Людзі, да якіх можна звярнуцца за парадай.
З павагай, жыхары пасёлка Зялёны Бор Смалявіцкага раёна.
Информацию читайте в номере 159 – 160 от 11.07.2015 г.