“Клас! Раўняйсь! Смірна! Таварыш галоўны суддзя, каманда класа для правядзення Сусветнага дня здароўя пастроена!..” – такі не зусім прывычны для школьных будняў вокліч-рапарт дзесяць разоў запар прагучаў на школьным двары Клянніцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы ў адзін з красавіцкіх дзён. Менавіта ў гэты дзень ужо па добрай традыцыі ў школе штогадова праводзіцца свой Дзень здароўя. І зноў жа па традыцыі – заўсёды ў выглядзе шматэтапнай эстафеты, толькі кожны раз – з новым маршрутам. І як заўсёды, галоўнымі завадатарамі і спадзвіжнікамі сталі любімыя дзецьмі настаўнікі фізічнай культуры – Вікторыя Аляксадраўна і Канстанцін Якімавіч Юрчукі.

Пасля здачы рапарта намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Аркадзьеўна Лявонава павіншавала ўсіх вучняў і настаўнікаў са святам і пажадала ўсім моцнага здароўя і выдатных лёгкаатлетычных поспехаў. Выканаць ганаровую місію – урачыста падняць Дзяржаўны сцяг – былі запрошаны лепшыя па выніках навучальнага года спартсмены школы – вучаніца 8-га класа Інга Равіна і вучань 7-га класа Віталь Дзмітровіч.

У эстафеце, агульны маршрут якой склаў 600 метраў, прынялі ўдзел вучні 1 – 10 класаў у трох узроставых катэгорыях: пачатковыя класы (1 – 4 кл.), сярэдняе звяно (5 – 8 кл.) і старшакласнікі (9 – 10 кл.). Інтрыга захоўвалася да самага фінішу, бо ў эстафеце прымалі ўдзел бегуны, якія і на раённых лёгкаатлетычных спаборніцтвах паказваюць высокія рэзультаты.

Дзве з лішнім мінуты, што працягвалася ўласна эстафета, праляцелі ў адно імгненне. Сакратар спаборніцтваў засякае час – і становяцца вядомымі лепшыя вынікі выдатнейшых бегуноў школы. Так, мацнейшай сярод сташакласнікаў стала зборная 9-га класа ў складзе Хвашчэўскага Уладзіслава, Сянько Дзяніса, Мурашкі Сяргея. Іх час – 1.20. У сярэдніх класах перамогу заваявалі вучні 7-га класа: Алена Мініч, Віталь Лявонаў, Віталь Дзмітровіч з рэзультатам 1.27. Самымі хуткімі сярод пачаткоўцаў сталі вучні 4-га класа: Кацярына Клімовіч, Дзмітрый Равіна, Мікалай Міхейчык  з часам у 1.45. Вельмі прыемна адзначыць, што ўзроставы паказчык для перамогі не быў галоўным. Пад гукі Дзяржаўнага гімна пераможцы спаборніцтваў урачыста спусцілі сцяг.

Святкаванне Дня здароўя прадоўжылася вечарам у спартыўнай зале школы. Тут прайшлі спаборніцтвы па валейболе. Дарэчы, у гэтай спартыўнай гульні Клянніцкая школа мае добрыя вынікі на раённым узроўні: 2 красавіка зборная юнакоў перамагла ў спаборніцтвах па валейболе на кубак Анатоля Дзмітрыевіча Сяргейчыка.

Як добра, што ёсць у нашых школах настаўнікі-энтузіясты, шчыра ўлюбёныя ў сваю ганаровую справу. А яшчэ лепш, што ёсць дзеці, якія старанна і плённа выхоўваюцца ва ўмовах прапаганды здаровага ладу жыцця і папулярызацыі фізічнай культуры і спорту. Падобныя мерапрыемствы – выдатная магчымасць прадэманстраваць свае найлепшыя якасці і стаць на адзін крок бліжэй да здароўя і даўгалецця. Так і хочацца ўзгадаць радкі, некалі напісаныя вучнямі нашай школы:

“Каб быць здаровым і шчаслівым,

Пражыць не менш за сто гадоў,

Ты будзь актыўным і руплівым,

Зганяй штодзень па сем патоў!”

Думаецца, гэта – выдатны запавет, пакінуты ў спадчыну ўжо невядомым аўтарам для ўсіх нераўнадушных да спорту і здароўя людзей.

Уладзімір КАМАРОЎСКІ, настаўнік пачатковых класаў Клянніцкай школы.