Адметная рыса кожнага народа – яго нацыянальная кухня. І гэта не толькі ежа, каб жыць, але і прадмет адрознення ад іншых народаў, і паказчык гасціннасці, дабрабыту, схільнасцей, нацыянальнай годнасці. Калі нашы стравы даспадобы замежным гасцям, то можна меркаваць і пра ўзровень цывілізацыі і развіцця народа. Пры размове пра нацыянальную беларускую кухню часцей ўсяго называюць знакамітыя дранікі. Але ж хіба беларусы толькі аднымі дранікамі харчуюцца?
І мы спыталі ў сваіх чытачоў:”Якія нацыянальныя беларускія стравы гатуюць у вашай сям’і?”.
Марына, эканаміст:
— У нашай сям’і, бадай, самай папулярнай стравай з’яўляецца вінегрэт. Дакладна не ведаю, ці можна аднесці гэты салат з адваранай гародніны да нацыянальнай беларускай кухні, але ў многіх беларусаў яго можна часта сустрэць на стале. У нас дома вінегрэт асабліва смачна і зусім непаўторна гатуе тата. Ён хоць і будаўнік па прафесіі, але вінегрэт у яго атрымліваецца проста цудоўна. Дзеці ж, перш за ўсё, аддаюць перавагу смажанай курыцы. Час ад часу гатуем "бабку”. Гэта надраная на тарцы бульба, запечаная з тлушчам у гаршчэчку. Свякроў выдатна гатуе "калдуны” – нацёртую бульбу фаршыруе мясам. А яшчэ ў нашай сям’і вельмі любяць фаршыраванага шчупака. Праўда, гатуем гэты прысмак звычайна на святочны стол.
Ніна Паўлаўна, пенсіянерка:
— Мы часта пячэм бліны па старому бабулінаму рэцэпту. Яна разводзіла цеста на сыроватцы. Пякла ў рускай печы. Бліны выходзілі румяныя, пухнатыя, высокія, дакладней, тоўстыя, але лёгкія. Звычайна бліноў напякалася цэлая горка, яны ляжалі на стале, укрытыя льняным рушніком, але доўга захоўвалі свежасць і смак. Затым бабуля растоплівала на патэльні масла, дабаўляла туды клінковы сыр (трымалі карову, і ўсё гэта было сваё, заўсёды свежае). Бліны елі з маслам і сырам. Гэта было так смачна! А мы, дзеці, нагуляемся-накупаемся на рэчцы, прыбяжым, па бліну у руку – і аж за вушамі трашчыць! Мама мая таксама пякла такія бліны, і я ў яе навучылася. Але няма ўжо бабулінай рускай печы, а на газавай пліце бліны крыху не такія, ды ўсё роўна ў нас яны са стала не зводзяцца.
Іван Маркавіч, 64 гады:
— Вядома ж, дранікі і "бабку” гатуем часта, асабліва восенню, калі нядаўна выбраная бульба сакавітая, не так хутка цямнее. А яшчэ з цёртай бульбы мы гатуем клёцкі. Для гэтага трэба нацёртую бульбу адціснуць, з атрыманай масы зляпіць клёцкі, варыць іх да гатоўнасці, а тады заправіць малаком. З той жа нацёртай бульбы гатуем "жулікі”. Гэта, калі ў бульбу закручваюцца кавалачкі мяса ці фарш, усё абсмажваецца, а потым датушваецца ў сацейніку. Я вам скажу, здаецца, смачней і не знойдзеш! Сам я вельмі люблю вараную квашаную капусту з бульбай "у мундзірах”. Здавалася б, такая простая страва, але яе любяць і гатуюць у многіх сем’ях. У нас дома нярэдка тушаць бульбу з мясам. Гэта такая "мужчынская” ежа, якая падыходзіць, калі трэба цяжкія работы выконваць. Люблю, калі на стале ёсць агуркі квашаныя да бульбы ды яечні з салам. Дарэчы, заўсёды ўспамінаю маміну яечню – цяпер такую страву называюць амлет. Бывала, прыедзеш дадому – мама хуценька патэльню на агонь, яек наб’е, пэўна, з дзясятак. Ды яшчэ міску грыбоў паставіць... Мы тады жылі на Лагойшчыне, дзе людзі ведаюць толк ў грыбах. На зіму звычайна не адна торба баравікоў сушылася. А апенькі і рыжыкі салілі. Іх нават без хлеба есці можна было. У нашай сям’і і раней, і цяпер часта гатуюць мачанку, кладуць у яе рабрынкі, каўбаску сялянскую, у вёсцы чыгунок ставілі ў печ, каб усмягла, а потым елі з блінамі. Вельмі смачна! Яшчэ ў нас гатавалі кашу з пярловых круп. Я ў арміі служыў, то многія хлопцы не хацелі есці гэту кашу. Напэўна, не елі яе, прыгатаваную ў хатніх умовах. Я і цяпер часам жонку прашу, каб наварыла пярлоўкі так, як некалі яе мама гатавала, каб крупы ўварыліся і разапрэлі. Сялянская ежа – простая, але і здаровая, і сытная, і, галоўнае, смачная!
Вольга, 32 гады:
— Ад сваёй бабулі я навучылася варыць зацірку. Для гэтага рыхтуецца тугое цеста з яйкам. Затым ад вялікага кавалка цеста адшчыпваюцца маленькія кавалачкі і апускаюцца ў ваду, якая закіпела. Праз колькі хвілін кавалачкі ўсплываюць, і гэта значыць, што яны ўжо зварыліся. Зацірка запраўляецца свежым малаком. Можна дадаць кавалачак сметанковага масла – так і прыгажэй, і смачней. Такая дыетычная страва больш падыходзіць на вячэру. Смачна есці!
Падрыхтавала Э.ПАТАПЧЫК.
Информацию читайте в номере 251 – 254 от 31.10.2015 г.