Зямля шыпянская…  Яна помніць род Манюшкаў, Ваньковічаў, тут настаўнічаў Якуб Колас. Гэта гераічная зямля паліта крывёю воінаў 873-га Смаленскага артылерыйскага палка, які за бой каля даваеннай вёскі Роткаўшчына быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, а траім яго воінам – Міхаілу Цяплову, Фёдару Смірнову, Анатолю Аўдзееву – было  прысвоена за мужнасць і адвагу ў гэтым баі званне Героя Савецкага Саюза. Гэта зямля, дзе мужна змагаліся партызаны, выхадцы з навакольных вёсак. Гэтую зямлю праслаўлялі і сёння праслаўляюць людзі сваёй сумленнай працай.

Зямля шыпянская…  Яна помніць род Манюшкаў, Ваньковічаў, тут настаўнічаў Якуб Колас. Гэта гераічная зямля паліта крывёю воінаў 873-га Смаленскага артылерыйскага палка, які за бой каля даваеннай вёскі Роткаўшчына быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, а траім яго воінам – Міхаілу Цяплову, Фёдару Смірнову, Анатолю Аўдзееву – было прысвоена за мужнасць і адвагу ў гэтым баі званне Героя Савецкага Саюза. Гэта зямля, дзе мужна змагаліся партызаны, выхадцы з навакольных вёсак. Гэтую зямлю праслаўлялі і сёння праслаўляюць людзі сваёй сумленнай працай.

Нішто так не ўпрыгожвае чалавека, як яго праца. Нездарма ў народзе кажуць, што чалавек працай славіцца, што “не  месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца”. Менавіта да такіх людзей адносяцца нашы землякі  Васіль Сідаравіч Дудко і Кацярына Мікалаеўна Міхейчык.

“Сапраўдны гаспадар”,— гавораць пра Васіля Сідаравіча людзі. Шмат гадоў працаваў ён у калгасе “Шыпяны” механізатарам. А гэта, як  вядома, цэнтральная фігура сучаснага сельгаспрадпрыемства. Ад ведаў механізатара, прафесійнага майстэрства, вопыту, адносін да справы залежаць канчатковыя вынікі працы хлебаробаў.

Васіль Сідаравіч у свой час узначальваў звяно па вырошчванні бульбы. І атрымліваў высокія яе ўраджаі – больш як па 320 цэнтнераў з гектара – і не лічыў гэта мяжой. Яго тэхніка адчувала пастаянны клопат гаспадара, таму і не ведала “незапланаваных” прастояў. Працавітасць, адказнасць, здольнасць быць настаўнікам, мэтанакіраванасць, неабыякавасць – асноўныя рысы механізатара. Свайму сябру і аднавяскоўцу Уладзіміру Федаровічу Васіль Сідаравіч казаў:

— Людзей, Валодзя, у дысцыпліне мэта трымае, здзяйсненне якой ідзе на карысць людзям, сям’і. Калі такая мэта ёсць, ніякія цяжкасці і нягоды не адолеюць.

Не аднойчы замацоўвалі за ім, як кажуць, “цяжкіх” маладых механізатараў. Праца побач з Васілём Сідаравічам давала ім не толькі трывалае веданне тэхнікі, але і дапамагала ў станаўленні характару, прывівала любоў да справы, прафесіі трактарыста.

А любоў да працы прывівалася бацькамі з дзяцінства. Нарадзіўся Васіль Сідаравіч у 1933 годзе ў вёсцы Ананічы Пухавіцкага раёна ў сям’і, дзе раслі сямёра дзяцей. Бацька Сідар Васільевіч і маці Ганна Восіпаўна працавалі ў калгасе, а дзяцей даглядала ў асноўным бабуля Вольга Мікітаўна.

Васіль скончыў сем класаў, а пасля працягваў вучобу ў вячэрняй школе рабочай моладзі. Потым забралі ў армію. Служыў механікам-вадзіцелем танка. Тэхніка падабалася. Таму пасля службы пайшоў вучыцца на трактарыста ў смалявіцкае прафтэхвучылішча. У Смалявічах пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Раісай Адамаўнай. Жыць пераехалі на яе радзіму, у вёску Верхмень. І так аж да самай пенсіі шчыраваў Васіль Сідаравіч механізатарам у мясцовай гаспадарцы.

— Да працы я заўсёды адносіўся з павагай, маю работу не правяралі, бо былі ўпэўнены, што браку не дапушчу, — расказваў Васіль Сідаравіч на сустрэчы са школьнікамі. – Добрыя адносіны падтрымліваў з усімі трактарыстамі гаспадаркі, але больш сябраваў з Уладзімірам Федаровічам, Мікалаем Казімірчыкам, Леанідам і Уладзімірам Катушамі.

Многія работы выконваў механізатар Дудко, але найбольш праявіў сябе як майстар па вырошчванню бульбы. І практычна адзін упраўляўся з гэтай работай у гаспадарцы.

Дзяржава дастойна ацаніла працоўныя поспехі Васіля Сідаравіча: два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медаль “За працоўную доблесць”, дыплом “Майстар – залатыя рукі”. У вопытнага механізатара шмат дастойных паслядоўнікаў. Гэта Васіль Грытчанка, Валерый Ляўданскі, Мікалай Чысты, браты Аляксандр і Генадзь Івановы, Генадзь Лаўрэцкі і іншыя. Працоўная эстафета перададзена ў надзейныя рукі.

Хоць Васіль Сідаравіч зараз і на пенсіі, але не сядзіць склаўшы рукі, трымае ў парадку свой прысядзібны ўчастак, суседзям дапамагае поле ўзараць, бульбу выбраць, бо ад калгаса ў падарунак за сумленную працу атрымаў свайго жалезнага памочніка – трактар.

Не менш вядомай у раёне, ды і ў рэспубліцы, у свой час была яшчэ адна наша зямлячка – знакаміты гароднінавод Кацярына Мікалаеўна Міхейчык. Яе працу высока ацаніла дзяржава, узнагародзіўшы працаўніцу ордэнамі “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі “За працоўную доблесць”, “Ветэран працы”. Яе брыгада па вырошчванні гародніны была адной з лепшых у рэспубліцы.

“Нястомныя працаўніцы”,— так гаварылі пра працавітых жанчын з брыгады Кацярыны Мікалаеўны. Жанчыны рупліва даглядалі пасевы – і вынікі былі значныя. Капуста, морква давалі высокія ўраджаі.

Апроч працы на калгасным полі, Кацярына Мікалаеўна захаплялася кветкамі.  Яе двор выглядаў быццам багацейшы дыван. А як цудоўна яна спявала са сваімі сяброўкамі! Спрабавала і сама складаць вершы і песні пра свой лёс, родных і блізкіх. А жыццё не песціла жанчыну. Вайна, гібель двух братоў на фронце, потым заўчасная смерць мужа. Аднак жа працавала, трымала гаспадарку, вучылася ў тэхнікуме, гадавала дачку…  Сама яна мясцовая, нарадзілася ў вёсцы Асавіна, якой ужо няма, а знаходзілася непадалёку ад вёскі Заказінец.  У бацькоў былі два сыны і пяцёра дачок, так што дзеці змалку прывучаліся да сялянскай працы. Кацярына Мікалаеўна любіла, каб ўсюды быў парадак: на працы, у сваім доме, агароде, і ў душы каб была гармонія. На сустрэчы з вучнямі яна гаварыла:

— Трэба любіць бацькоўскі кут. Цеплыня бацькоўскай хаты – гэта дзеці, гэта ўзаемаразуменне ў сям’і, яно патрабуе вялікага цярпення. Патрэбна жыць з прыгажосцю ў душы. І трэба любіць зямлю-карміцельку, не баяцца забрудзіць рукі зямелькай, а імкнуцца адчуць яе цяпло, шчодрасць. Трэба працаваць, бо без працы няма сапраўднага жыцця.     

Ганна БАРАНАВА, Максім МАРОЗАЎ, вучні 11 класа  ДУА “Верхменская сярэдняя школа імя В.А.Тумара”.

Информацию читайте в номере 83 – 86  от 14.04.2012 г.