Экскурсіі для вучняў ДУА "Сярэдняя школа №1 імя В.Ф. Купрэвіча г. Смалявічы” — справа звычайная. На гэты раз чацвёртакласнікі наведалі музей Якуба Коласа ў Мінску.
Чаму менавіта гэты музей? Справа ў тым, што дзень экскурсіі прыйшоўся якраз на дзень нараджэння народнага паэта і празаіка. Прыхінуцца да памяці Якуба Коласа ў доме, дзе ён жыў пасля вайны, — пачэсны абавязак.
К таму ж, дзве вялікасці — Я.Колас і В.Ф. Купрэвіч — разам працавалі ў Акадэміі навук і сябравалі. У лістападзе ў музеі нашай школы звычайна праводзяцца экскурсіі на тэму: "В.Ф. Купрэвіч і Я. Колас. Сустрэчы. Сувязі”. У такія часы гучаць вершы народнага паэта, экскурсанты дзеляцца сваімі ўражаннямі.
У дом-музей паэта накіраваліся навучэнцы 4 "Б” класа разам са сваёй настаўніцай Нінай Мікалаеўнай Мацюшэнка. А сярод вучняў — шмат юных экскурсаводаў музея В.Ф. Купрэвіча, якім усялякая інфармацыя пра народнага пісьменніка будзе важнай.
Мінск сустрэў нас не зусім ветліва — задажджыла. Але гэта не тая памеха, што магла заглушыць жаданне сустрэчы з памяццю, якая захавана ў доме яго вялікасці — паэта.
Першы прыпынак і здымак на памяць — ля будынка Акадэміі навук. Тут побач амаль 5 гадоў працавалі прэзідэнт Акадэміі В.Ф. Купрэвіч і віцэ-прэзідэнт Я.Колас. Тут раіліся, як падняць беларускую навуку і ўмацаваць ролю беларускай літаратуры і мастацтва.
А вось і музей. Прывабны домік, размешчаны на тэрыторыі АН РБ. Вакол будынка — дрэвы, многія з якіх былі пасаджаны самім паэтам.
Як цёпла і ўтульна ў гардэробным пакойчыку музея. Добразычлівая жанчына запрасіла і ўдакладніла, што як раз тут здымалі верхняе аддзенне і сам гаспадар — Я.Колас, і яго госці.
Экскурсія па першым паверсе — гэта вяртанне ў жыццёвы і творчы шлях паэта. Дарэчы, ля аднаго з дакументаў экскурсавод напомніла, што Я.Колас некаторы час працаваў у Верхменскай школе Смалявіцкага раёна. І там пачаў пісаць новы раман.
Больш уразілі пакоі на другім паверсе. Гасціная зала (раяль, першы тып тэлевізара, незвычайны гадзіннік), абедзеная зала, кабінет, спальня. Усё простае, але такое дарагое: да кожнай рэчы дакрануўся паэт. Як гэта важна: не згубіць нават тую ручку, якой былі напісаны апошнія радкі верша.
Не хацелася развітвацца з утульным музеем. Але нас чакала яшчэ адна сустрэча з паэтам — на плошчы Якуба Коласа.
Скульптару Заіру Азгуру бачыўся беларускі пясняр менавіта такім — задуменным. Як бы з высот гадоў глядзіць ён на сённешняе пакаленне і думае: "Ці запомніўся вам паэт, які так любіў Беларусь, беларускую мову, беларускую прыроду?”
Чацвёртакласнікі нагадваюць радкі тых вершаў, якія ўжо вучылі. Яны шчаслівыя: у іх усе сустрэчы з творчасцю мастака слова — наперадзе, бо жыве і будзе жыць яркае, самабытнае коласава слова.
С.СЦЯПАНАВА, кіраўнік музея В.Ф. Купрэвіча ДУА "Сярэдняя школа №1 імя В.Ф. Купрэвіча г. Смалявічы”.
На здымку: удзельнікі экскурсіі.
Фота з архіва ўстановы адукацыі.
Информацию читайте в номере 267 – 268 от 18.11.2015 г.