Паважаная рэдакцыя!
Звяртаюцца да вас жыхары вёскі Лужкі — сям’я Івана Іванавіча і Ларысы Мяфодзьеўны Пікірэня. 17 мая 2016 года ў нас здарылася бяда — пажар у доме. На вялікі жаль, дома нікога не было. Пажар заўважылі суседзі, якія адразу патэлефанавалі па нумару "101” і паведамілі пра гэта нам. Хутка прыбылі пажарныя і пачалі тушэнне, а суседзі і незнаёмыя людзі, якія апынуліся побач, імгненна сталі дапамагаць: выносіць з дому рэчы, мэблю і бытавую тэхніку. Да майго прыезду з Мінска пажар ужо быў лакалізаваны, але праца пажарных працягвалася яшчэ гадзіны дзве. Увесь гэты час дапамагалі суседзі, знаёмыя і незнаёмыя людзі.
Цяпер, калі прайшло два месяцы, крыху прайшло хваляванне, зменшыліся эмоцыі, вельмі хацелася б адзначыць выдатную прафесійную працу спецыялістаў пажарнай аварыйна-ратавальнай часткі №1 г. Смалявічы (Д.Н. Сяргун, І.С. Валасач, В.С. Хахлоў, Н.Н. Савіцкі, К.Ю. Бабіч), пажарнага аварыйна-ратавальнага паста № 12 Азярыцкай Слабады (Н.С Дзвін, А.А. Кміт), пажарнага аварыйна-ратавальнага паста № 17 вёскі Косіна Лагойскага раёна (Д.А. Ліннік, А.А. Парамонаў). Тушэнне пажару выконвалася вельмі дакладна і зладжана, без мітусні, з веданнем справы. Дзякуючы іх дзеянням, пашкоджанні былі мінімізаваны. Асабліва хацелася б адзначыць працу інспектара Смалявіцкага РАНС, ст. лейтэнанта ўнутранай службы Д.А. Вусік, якая праводзіла агляд месца здарэння, апытанне, фіксавала дадзеныя і пісала пратаколы. У такой цяжкай і стрэсавай для нас сітуацыі яна выконвала свае абавязкі вельмі прафесійна, тактычна, з разуменнем нашага стану.
Карыстаючыся нагодай, хацелася б павіншаваць усіх супрацоўнікаў пажарнай аварыйна-ратавальнай службы з прафесійным святам і пажадаць дабрабыту, здароўя, поспехаў у такой цяжкай і высакароднай справе!
Няма тых слоў, каб выказаць удзячнасць усім людзям, якія прыйшлі нам на дапамогу з першых гадзін нашай бяды: дапамагалі і дапамагаюць усім, чым толькі магчыма — спачуваннем, працай, матэрыяламі, тэхнікай, грашыма… Гэта нашы сваякі з розных гарадоў і вёсак, а таксама жыхары вёскі Лужкі і Азярыцкай Слабады (у тым ліку — інтэрнат ЧУПа "АзярыцкіАГРА), супрацоўнікі Слабадской урачэбнай амбулаторыі, Азярыцкаслабадской сярэдняй школы, 9-й бальніцы г. Мінска, калегі па працы з другіх медыцынскіх і немедыцынскіх арганізацый.
У аднаўленні пашкоджанага пажарам дома неацэнная дапамога сяброў, знаёмых і незнаёмых людзей з Мінска, Салігорска, Слуцка, Чырвонай Слабады Салігорскага раёна, Вілейкі, Смалявічаў.
Шчырая і такая патрэбная дапамога ўсіх людзей дае нам сілы і надзею на хуткае аднаўленне дома.
З павагай і ўдзячнасцю, сям’я Пікірэня, в. Лужкі.
Информацию читайте в № 217-220 от 23.07.2016г.